Мая родная вёсачка Будслаў

У кожнага чалавека ёсць куточак на зямлі, дзе ён нарадзіўся, дзе прайшло яго бестурботнае дзяцінства, месца, з якім звязаны шчаслівыя моманты яго жыцця.

У мяне таксама  ёсць родны куточак — вёсачка, дзе я нарадзілася, дзе праходзіць маё вясёлае і шчаслівае дзяцінства. Гэта мая родная вёсачка Будслаў.

Цяпер, гледзячы на наш прыгожы, квітнеючы Будслаў, цяжка ўявіць, што некалі на гэтым месцы быў лес. Сёння гэта вельмі сучасная веска, у цэнтры якой узвышаецца велічны касцёл. Ён нагадвае самога Езуса, які, узняўшы ў неба рукі, заклікае нас да веры, благаслаўляючы кожны наш дзень.

Я вельмі шчаслівая, таму што магу кожны дзень наведвацца ў наш Будслаўскі санктуарый, кожны дзень сустракацца з Маці Божай Будслаўскай, кожны раз давяраць ёй свае радасці і турботы, свае перажыванні і перамогі.

Наша будслаўская святыня славіцца сваімі цудамі. Шмат было тут аздараўленняў хворых, навяртанняў да веры ў часы атэізму і розных іншых цудаў. Але мне цяпер здаецца самым вялікім цудам тое, што касцёл перажыў ліхалецце вайны, атэізму і застаўся не крануты ні снарадамі, ні неабдуманымі учынкамі атэістычнай  улады. І гэта, я лічу, адбылося дзякуючы апецы Маці Божай Будслаўскай.

Гэтую апеку і падтрымку мы адчуваем заўсёды. Менавіта таму кожны год у ліпені мноства пілігрымаў спяшаецца да Будслаўскага санктуарыя, і наша Маці Божая Будслаўская сустракае ўсіх з любоўю. Яна чакае кожнага грэшніка, кожнага хворага, кожнага церпячага. Нездарма Маці Божая Будслаўская з’яўляецца Апякункаю Беларусі.

Я вельмі шчаслівая, што некалі чатырыста гадоў таму назад Маці Божая абрала для свайго прытулку менавіта гэтае месца і што  мне пашчасціла тут нарадзіцца і жыць.

Ермаковіч Дар’я, 14 гадоў.
в. Будслаў.

Сяргей Шэмет, «Будслаў»
 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла