Чэрвеньскі нумар «Ave Maria»: пра святых заступнікаў у нашым жыцці

Сёлета чэрвень рыхтуе прыемныя перажыванні для каталіцкіх вернікаў, а для супрацоўнікаў часопіса «Ave Maria» — радасныя клопаты ў падрыхтоўцы матэрыялаў, прысвечаных важнай падзеі ў нашай краіне — перэгрынацыі рэліквій святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса. У новым нумары чытачы знойдуць навэнну і малітвы да гэтай святой, змогуць пазнаёміцца са зваротам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі з нагоды перэгрынацыі, з нарысам а. Міраслава Ярэмчука пра «малы шлях» Тэрэзы з Лізьё, а таксама прачытаюць актуальны з гэтай нагоды артыкул кс. Андрэя Рылкі «Навошта ўшаноўваць рэліквіі?»

Тэму рэліквій працягвае размова Галіны Калевіч з пробашчам касцёла святых Сымона і Алены ксяндзом-магістрам Уладзіславам Завальнюком пра з’яўленне ў гэтым касцёле рэліквій святой Фаўстыны Кавальскай, прывезеных 5 мая з Кракава. Як развівалася справа з прыбыццём рэліквій у Беларусь? Дзе будуць захоўвацца гэтыя рэліквіі і як часта яны будуць выстаўляцца для ўшанавання вернікамі? Якія спецыяльныя набажэнствы да святой Фаўстыны плануюцца ў парафіі?

Шчодрасць Бога ў адорванні нас ласкамі праз заступніцтва святых сапраўды бязмежная. Пра гэта сведчыць першая кананізацыя, праведзеная папам Францішкам 12 мая. Падчас яе святымі былі абвешчаныя больш за 800 чалавек. Хто ж гэта? І які жыццёвы шлях прывёў гэтыя шматлікія душы да святасці? Чытайце ў навінах чэрвеньскага нумара «Ave Maria».

У часопісе таксама працягваецца публікацыя перакладаў на беларускую мову «Дзённіка» святой Фаўстыны Кавальскай, кнігі М. М. Кольбэ «Даручэнне сябе Беззаганнай», зборніка А. Груна «Пяцьдзясят памочнікаў у нягодах» (на гэты раз на старонках выдання распавядаецца пра святога Антонія Падуанскага).

«Вянком» гэтага нумара сталі вершы і эсэ, прысланыя на конкурс «Будслаў — прызнанне ў любові». Нагадваем вам, шаноўныя чытачы, што конкурс, прысвечаны 400-годдзю прабывання цудатворнага абраза ў Будславе, неўзабаве завершыцца, і ў наступным нумары часопіса будуць абвешчаныя яго вынікі.

Рэд.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла