Замалёўкі з поснай пілігрымкі

З Чырвонага касцёла г. Мінска ўжо сем гадоў запар адпраўляюцца вернікі ў пілігрымку да Маці Божай Будслаўскай.

Для таго, каб ісці некалькі дзясяткаў кіламетраў у дзень, патрэбны смеласць і ўпэўненасць у сваіх сілах. І цікавасць — а я здолею? А яшчэ трэба мець вялікае жаданне змяніць звыклы бег штодзённых зямных справаў на нейкае новае, сваё, асабістае пражыванне. Як бы пасля звычайнага руху й хады палезці на стромкую драбіну. Але яшчэ большая смеласць і рашучасць — згадзіцца на працягу ўсёй пілігрымкі ўжываць толькі ваду. О, які тады выключны смак у гэтае вады! Здаецца, проста вясковая студня, а для нас — жыццядайнасць і магчымасць доўгачаканага адпачынку.


Начная малітва

Далікатная постаць гэтай дзяўчыны ўразіла мяне яшчэ ў мінулай пілігрымцы. Было ў ёй нешта моцнае і адначасова хваравітае, што праглядала падчас хады. Ды яшчэ ў руках Таццяна, так звалі тое дзяўчо, амаль заўсёды трымала то фотаапарат, то нават і кінакамеру. А каб выбраць лепшы ракурс, зрабіць якасны здымак, трэба альбо забегчы наперад групы, альбо паспець зайсці недзе збоку. І гэта ёй удавалася, адкуль толькі сіла бралася (ды ведама, адкуль – з Неба!).

Пазалетась, падчас маёй першай пілігрымкі ў Будслаў, мы з ёй начавалі ў вёсцы Стайкі ў хаце Сакалоўскіх. А праз год,

4 ліпеня 2012 года, мы зноў вечарам дайшлі да гэтай вёскі, і пры размяркоўванні, дзе хто будзе начаваць, мы з Таццянай не турбаваліся — пойдзем да нашых гаспадароў. Але чакалі, што скажуць кіраўнікі. І калі многія ўжо разышліся адпачываць, нам сказалі, каб дзесяць чалавек ішлі ў хату з жоўтымі веснічкамі.

Гэта была дагледжаная, пафарбаваная хата Сакалоўскіх. Стары бацька памёр, дзеці з горада не прыехалі, таму гасцінная гаспадыня запрасіла так многа падарожных. Пакояў многа, усе размеркаваліся. У падрыхтаванай лазні вады гарачай хапіла таксама ўсім. Нас ужо не так настойліва запрашалі за стол, бо ведалі пра нашы звычкі.

Моладзь мае больш сілы, і дзяўчаткі доўга яшчэ гаманілі, а я ў суседнім пакоі ўладкавалася адпачываць. Апоўначы падхапілася, агледзелася, прыслухалася: ва ўсіх пакоях было ціха, але  з-пад дзвярэй прабівалася святло. Ціхенька прайшла туды. У гэтым пакоі ўсе спалі, Таццяна таксама спала, але седзячы за сталом, — галоўка падпертая рукой з ружанцам у далоні, вусны раскрытыя, як бы ў яе ідзе размова з Небам. Стомленае цела знерухомела ў сне, а малітва адляцела ў неба...


Патрэбная думка, альбо святаяннік

Мы йшлі далей... Па  маіх назіраннях, другі дзень пілігрымкі самы цяжкі, бо вялікая стомленасць першага дня за летнюю ноч не сыходзіць.

Нашы кароткія адпачынкі заўсёды ладзіліся ў вельмі прыгожых мясцінках. На гэты раз маляўнічая палянка вабіла вока жоўтацвеццем святаянніку. І хто не паленаваўся, у каго былі яшчэ сілы рухацца, сабралі прыгожыя сонечныя букецікі. Па камандзе: «Пад’ём!» усе рушылі зноў у далейшы шлях. Сонца ўжо пачало пячы, стомленасць нарастала.

Калі ідзеш доўга, пачынаеш глядзець часцей пад ногі. Побач убачыла ў руцэ маладой дзяўчыны, якая ішла перада мною, пук гэтай лекавай травы. Якраз той дзяўчыны, якая ноччу заснула за сталом з малітваю на вуснах, падняўшы галоўку ўгару, як птушаня, калі яно прагне ежы.

У мяне ёсць у запасе пакет, паціху на хаду дастаю яго. Пакуль выцягвала той пакет, крыху затрымалася і апынулася збоку групы, каб не замінаць нікому ў хадзе. З пакетам у руцэ азіраюся з жаданнем знайсці гэту дзяўчыну, але пазіраю толькі на рукі. Заўважаю ў руцэ святаяннік. Зрабіўшы крок, прапаную пакет, а пілігрым – са здзіўленнем бачу, што гэта зусім іншая жанчына, здзіўлена-радасна на мяне глядзіць і гаворыць, што ў яе якраз цяпер і з’явілася думка:

«Вось бы пакет для святаянніку знайсці!». А тут адразу яго прапаноўваюць. Выдатная матэрыялізацыя думкі!

Далей мы пайшлі побач, і Алена, так звалі гэту жанчыну, распавяла, што ўчора ў яе таксама адбылося нешта падобнае. У яе ў заплечніку была даволі тоўстая кніжка, як ні як — вага, што пры хадзе становіцца адчувальнай. І калі з’явілася думка — жаданне пазбавіцца ад гэтага груза, падыходзіць кс. пробашч Уладзіслаў і пытаецца, ці ёсць у яе гэта кніжка.

Ісці далей становіцца лёгка і радасна. Калі мы ўважлівыя да сябе і да іншых, радасць не міне нас.


Вада пані Тэрэзы

Вёска Крупнікі стаіць крыху воддаль ад нашага шляху. Студня таксама далекавата. Але ў гэтай вёсцы жыве жанчына, якая ўжо некалькі гадоў выносіць вядро вады, каб напаіць пілігрымаў.
Вось што яна нам распавяла:

— Летась вынесла ваду. Падыходзіць група пілігрымаў. Моладзь ад радасці пачынае каля вады танцаваць. А я ім сурова кажу: «Я хацела ад вас малітвы, а вы мне танцуеце». І выліла тую ваду.
Жанчына падалася мне вельмі суровай, але разам з тым у ёй праглядалася глыбока схаваная дабрыня.

Потым я дапытвала сваіх паплечнікаў, што яны думаюць наконт гэтага. І мы прыйшлі да высновы, што не маем права асуджаць нікога. У кожнага сваё перажыванне.


Анёл на дарозе

Ідзем ужо трэці дзень. Змарыліся. У такім стане пачынаеш больш углядацца пад ногі, каб не спатыкацца. Пад нагамі грунтавая дарога. Каля самай дарогі, нават на яе, прабіваюцца расліны. А ў сярэдзіне лета многія цвітуць. Крышачку
воддаль цвітуць васількі ды рамонкі.

Гляджу пад ногі. Заўважаю, як нага дзяўчыны, якая ідзе перада мною, наступае на цікаўны васілёк, што вылез проста на дарогу. Але праз імгненне, калі пілігрым робіць наступны крок, кветка раптам распрамілася, выпрасталася і ківае сваёй галоўкай, як бы махае ўслед.

Уражанне незвычайнае: ці то расліна такая моцная, ці то дзяўчына ідзе, нібы анёл, нічога не парушаючы.
Дагнала потым дзяўчо, спытала, як завуць. У адказ: «Таццяна». Вось такія ў нас пілігрымы.


Пчолы

Ідзем ужо не першы дзень. Кожную хвіліначку перад намі адкрываецца нешта новае. Не бывае на нашым шляху аднолькавых даляглядаў. Палявыя і лясныя дарогі рэдка бываюць прамымі.

Вось і на гэты раз, калі мы толькі пачалі выходзіць з лесу, у вочы нечакана кінулася жаўцізна неабсяжнага поля. Здзіўляемся і радуемся сонечнаму колеру, адчуваем новыя пахі, а слых ловіць нейкі роўны новы гук.

У нашай групе больш за 50 чалавек, мы расцягнуліся на даволі вялікай адлегласці. Мне падабаецца ісці ў ліку першых, здаецца, што так лягчэй. Непадалёку ад мяне ішоў кс. пробашч Уладзіслаў. Ён высокага росту. Раптам чую ягоны заклапочаны ўсклік: «Ого!». Углядаемся: наперадзе, недалёка ўжо ад нас, проста на дарозе стаяць два трактарных прычэпы, на якіх роўненькімі радамі адзін на адным пастаўлены вуллі. Ужо добра было чуваць многагалоссе працавітых пчолаў.]

Наш кіраўнік сказаў, што разумны ў гару не пойдзе, ён яе абыдзе, і павёў групу ў абход. А мне не хацелася вяртацца, ды яшчэ з’явілася жаданне праверыць сябе, «дамовіцца» з пчоламі. Так і сказала Раі, з якой ужо добра пазнаёмілася. І я пайшла далей, не зварочваючы з дарогі. Злева — неабсяжнае поле квітнеючага рапсу, справа, побач — можа сотня вулляў. Ішла спакойна. Не рабіла рэзкіх рухаў, малілася. Пад нагамі ўбачыла мноства пчолаў, якія з невядомай прычыны згубілі сваю знакамітую працаздольнасць. Надта ж многа іх ляжала пад нагамі, некаторыя яшчэ варушыліся, як бы хацелі зноў узляцець і працаваць. Мне стала іх шкада. Раблю наступны крок, і ў гэты момант на шыі адчуваю пчолку. Змахваю яе рукой, думаю, у чым справа, чаму яна мяне ўкусіла? Вуллі засталіся ззаду.

Як толькі падышла ўся група, падала Раі сцяблінку, каб яна дастала з майго вуха макулінку серы ды змазала тое месца, дзе ўкусіла пчала. Спадарожніца са здзіўленнем выканала маю просьбу. Яна не ведала гэтага спосабу лячэння. Напружанне на шыі знікла, болю не было. Гэта самы выдатны сродак, які заўсёды з намі.
Па дарозе настойліва думала, чаму мяне ўкусіла пчала. І зразумела, што не шкадаваць трэба было, а проста любіць. Калі толькі шкадаванне — яно прыніжае іншую істоту, няхай нават і пчалу. А любоў — яна ўзвышае, дадае сілы...


Ядвіга Рай.
Фота Алы Невяровіч.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла