Новы нумар квартальніка «Наша вера»

Выйшаў з друку другі ў 2013 годзе нумар культурна-рэлігійнага квартальніка "Наша вера". Пра змест часопіса вы зможаце даведацца з кароткага рэзюмэ, змешчанага ў дадзенай публікацыі.

Гэты нумар часопіса распачынаецца матэрыяламі, прысвечанымі новаму Папу Рымскаму — Францішку.

У інтэрв’ю «Ліцэнзія на збаўленне» з польскім тэолагам В. Давідоўскім OSA ўзнімаюцца складаныя праблемы хрысціянскага жыцця ў Касцёле і па-за ім.

Юбілейным урачыстасцям у Будславе з нагоды 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай Будслаўскай прысвечаны маналог айца Віктара Бурлакі OFM. Гэтай жа даце прысвечаны вершы Я. Мальца і І. Саматой, а таксама аповеды ксяндза Уладзіслава Завальнюка і Ядвігі Рай пра сэнс посных пілігрымак у Будслаў.

Мастацтвазнаўца В. Буйвал у рубрыцы «Галерэйка» апавядае пра сусветна вядомы твор Карла Брулова «Апошні дзень Пампеі».

Клерык Пінскай духоўнай семінарыі М. Гракаў у артыкуле «Як у Рыме з’явілася хрысціянства» цікава распавядае пра старажытны Вечны горад.

Працягваецца публікацыя перакладу А. Жлуткі працы Стэфана Свяжаўскага «Святы Тамаш, прачытаны нанава» — раздзел VIІІ «Божыя якасці».

«Шлях да Слова: ад Канстанціна Філосафа да Канстанціна Прэслаўскага» — так называецца артыкул А. Жлуткі, у якім распавядаецца пра пачатак хрысціянскай асветы.

Постаці легендарнага кардынала К. Свёнтка прысвечаны артыкул рэстаўратара А. Шпунта «Прывітанне з таго свету».

Літаратуразнаўца Е. Лявонава ў артыкуле «Анёлы ў пошуках цябе…» цікава разглядае канцэпт анёла ў творчасці аўстрыйскага паэта Р. М. Рыльке.

Гісторык А. Шпунт у артыкуле «Рыцар Хрыста» апавядае пра жыццё аднаго з самых адметных святароў на Беларусі — біскупа Зыгмунта Лазінскага.

«Чатыры віды любові» — так называецца праца англійскага пісьменніка і тэолага К. С. Льюіса, працяг з якой прапануецца чытачам у перакладзе Ю. Шэдзько.

У рубрыцы «Паэзія» друкуюцца вершы А. Чобата.

Празаік Ф. Сіўко прапануе чытачам урывак са сваёй аповесці «Міжчассе».

Пісьменніца І. Жарнасек у інтэрв’ю «Калі вабіць дарога…» гутарыць з хірургам А. Гулько пра неадольную чалавечую прагу да пілігрымак.

Паэт М. Скобла ў інтэрв’ю «Вялікі жыццялюб» цікава размаўляе са знакамітым польскім рэжысёрам К. Занусі пра ўзаемадзеянне розных культураў.

Беларускі арганіст Ю. Габрусь у эсэ «Феранц Ліст…» апавядае пра славутага еўрапейскага кампазітара, які ў канцы свайго жыцця прыняў духоўны сан.

«Мастацкая мова архітэктуры сучасных касцёлаў Беларусі» — так называецца артыкул доктара мастацтвазнаўства Т. Габрусь пра новыя касцёлы ў розных рэгіёнах Беларусі.

У артыкуле «Ars incognita» мастак-плакатыст У. Крукоўскі ўпершыню апавядае пра невядомыя старонкі творчасці М. Сеўрука — яго сакральнае мастацтва на хвалу Божую.

У рубрыцы «На кніжнай паліцы» Г. Шаўчэнка знаёміць чытачоў з новаю кнігаю Я. Янушкевіча «Апостал Палесся: святы Андрэй Баболя ў паэмах Янкі Купалы» і кнігаю с. Нунэ Цітаян «Крыж і Пасха» («Pro Christo», 2013).


 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла