Новы нумар часопіса «Ave Maria»: рыхтуемся да сустрэчы з Маці Божай Будслаўскай

Напярэдадні юбілейных урачыстасцяў з нагоды 400-годдзя прабывання цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе выйшаў чарговы нумар часопіса «Ave Maria». Доўгачаканым, але і няпростым, стала падвядзенне вынікаў конкурсу «Будслаў — прызнанне любові», на які прымаліся вершы, песні, эсэ, сведчанні, прысвечаныя дарагой для ўсіх беларускіх католікаў святыні. У часопісе абвяшчаюцца пераможцы конкурсу, а таксама друкуюцца некаторыя з дасланых на яго твораў.

У перажыванні сустрэчы з Маці Божай Будслаўскай чытачам дапамогуць таксама апублікаваныя ў часопісе «Навэнна да Маці Божай», «Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі», які будзе прачытаны падчас сёлетніх урачыстасцяў у Будславе, словы Пастырскага паслання мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды юбілею будслаўскага абраза.

Як у практыкуючых вернікаў, так і ў людзей няверуючых гарачую цікавасць заўсёды выклікаюць звесткі пра цудадзейнасць іконаў. Ксёндз Андрэй Рылка ў артыкуле «Цудадзейныя абразы: міф ці рэальнасць?» распавядае пра тое, якія абразы лічацца цудадзейнымі і чаму, існуюць цуды ці не, і якімі крытэрыямі кіруецца Каталіцкі Касцёл у ацэнцы цудадзейнасці абразоў Маці Божай або іншых святых.

Актуальным для нашых чытачоў у летні перыяд стане матэрыял Ірыны Жарнасек «Як адпачываем?», у якім вернікі дзеляцца сваімі думкамі пра тое, што значыць для хрысціяніна адпачынак, як знайсці спосаб адпачыць душою пасля сумленнай працы.


Запрашаем да знаёмства з гэтымі і іншымі цікавымі артыкуламі ў № 7–8 часопіса «Ave Maria».


Рэд.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла