«Радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах»

Чатырнаццатая звычайная нядзеля, год С (07.07.2013 г.).

«Пан прызначыў семдзесят двух іншых вучняў і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам хацеў ісці. І сказаў ім: Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала, таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё. Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ні машны, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце. У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: Спакой гэтаму дому! І калі будзе там сын спакою, то на ім спачне ваш спакой. Калі ж не, то вернецца да вас. Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом. І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць. І аздараўляйце ў ім хворых, і кажыце ім: Наблізілася да вас Валадарства Божае. Калі прыйдзеце ў які горад і не прымуць вас, то выйдзіце на яго вуліцы і скажыце: “Нават пыл горада вашага, які прыліп да ног нашых, атрасаем; аднак ведайце тое, што наблізілася да вас Валадарства Божае”. Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе лягчэй, чым гораду таму. Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо, калі б у Тыры і Сідоне былі цуды, што сталіся сярод вас, яны б даўно, седзячы ў мешкавіне і ў попеле, пакаяліся. Але Тыру і Сідону лепш будзе на судзе, чым вам. І ты, Кафарнаум, што аж да неба будзеш узвышаны, аж да адхлані нізрынешся! Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас адкідае, Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, адкідае таго, хто паслаў Мяне». Вярнуліся семдзесят два з радасцю і казалі: “Пане, нават злыя духі слухаюцца нас у імя Тваё!” А Ён сказаў ім: “Я бачыў сатану, які падаў з неба, як маланка. Вось Я даў вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў і на ўсю варожую сілу, і нішто не пашкодзіць вам. Аднак не радуйцеся таму, што духі слухаюцца вас, а радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах”» (Лк 7, 11–17).

«Радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах» 

У Кнізе Апакаліпсісу мы чытаем, што кожны чалавек, трапіўшы ў неба, атрымае белы каменьчык, на якім будзе напісанае яго новае імя (гл. Ап 2, 17). Вельмі цікава, якія імёны мы атрымаем?

Гэтыя імёны дасць нам наш Пан, Сябра і Брат — Езус. Такім чынам Ён выявіць сваю любоў і ўдзячнасць за нашае з Ім супрацоўніцтва на зямлі. Магчыма, тады мы засумуем па сваім зямным жыцці і пашкадуем, што не выкарысталі дадзены нам час, каб усе свае сілы і любоў аддаць Таму, Хто сапраўды гэтага варты і мае ў гэтым патрэбу. На шчасце, мы яшчэ жывем у гэтым свеце, таму сёння яшчэ магчыма ўсё змяніць, знайсці новы шлях, навярнуцца да Бога, каб Яго прагненні, Яго воля займалі ў нашым жыцці першае месца. Святы Ян Хрызастом вельмі добра каментуе словы Евангелля, дзе ідзе гаворка пра пакліканне: «Мы не павінны нічога лічыць важнейшым за нябесныя справы. Мы мусім з вялікаю дбайнасцю займацца імі і не адкладаць іх ні на хвіліну, якім бы пільным і патрэбным ні здавалася нам тое іншае, што нас ад іх адцягвае… Не варта ні хвіліны марнаваць, хаця б нам і перашкаджалі незлічоныя рэчы, выключна пра духоўныя справы трэба дбаць найперш, а не пра ўсе астатнія, нават самыя тэрміновыя» (Гамілія на Евангелле паводле святога Мацвея; XXVII № 3–4). Другі Ватыканскі Сабор нагадаў нам пра тое, што кожны чалавек пакліканы да святасці. Таму любое пакліканне, і да сужэнства, і да святарства, і да манаства, і да самотнага жыцця — гэта пакліканне да святасці. Найважнейшая задача для нас — тая, пра якую сказаў святы Ян Хрызастом. У кантэксце таго факту, што мы, як кажа сённяшняе евангельскае чытанне, з’яўляемся вучнямі Хрыста, папа Францішак у гаміліі 1 ліпеня сказаў: «Прыклад Абрагама з першага літургічнага чытання Кнігі Быцця (Быц 18,16–33) сведчыць пра асаблівы від апостальскай адвагі. Яе трэба захоўваць не толькі абвяшчаючы Евангелле, але і становячыся тварам у твар з Богам». Як адзначыў папа Францішак, гэта, напрыклад, з’яўляецца для нас узорам малітвы за нейкага чалавека. Папа нагадаў словы святой Тэрэзы, якая сказала, што «торг» на малітве магчымы толькі тады, калі ў чалавека сталыя адносіны з Богам. Але ў такім выпадку малітва заснаваная на аргументах, якія паходзяць з самога сэрца Езуса (Ватыканскае Радыё, 1 ліпеня 2013 г.). Варта ўзгадаць, што акрамя таго, што ў зямным жыцці мы маем розныя імёны, усе мы, ахрышчаныя, называемся «хрысціянамі». Выканаць з дапамогаю Духа Святога тое, чаго вымагае гэтае імя, а менавіта: ісці за Хрыстом і наследаваць Яго — вось самы просты шлях, каб Ягня назаўсёды запісала нашыя імёны ў кнізе жыцця.


Айцец Раман Шульц ОР

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла