Адна дзясятая

Дваццаць восьмая звычайная нядзеля, год С

«Калі Езус ішоў у Ерузалем, праходзіў праз Самарыю і Галілею. І калі Ён уваходзіў у адну вёску, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія, стаўшы здалёк, моцным голасам казалі: “Езус, Настаўнік, змілуйся над намі!” Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: “Ідзіце, пакажыцеся святарам”. А калі адышлі, яны ачысціліся. І адзін з іх, убачыўшы, што быў вылечаны, вярнуўся і моцным голасам праслаўляў Бога, і, упаўшы ніцма да ног Ягоных, дзякаваў Яму. А быў гэта самаранін. Тады Езус сказаў: “Ці не дзесяць было ачышчаных? Дзе ж дзевяць? Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся праславіць Пана, акрамя гэтага чужынца?” І сказаў яму: “Устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе”» (Лк 17, 11–19).

Адна дзясятая

У сённяшнім евангельскім чытанні Пан Езус пытаецца пра ўдзячнасць: дзе астатнія дзевяць пракажоных, якія былі ачышчаныя? Няўжо Ён пакрыўдзіўся, што яму не падзякавалі? Вядома, гэта абсурд. Але чаму тады з такім жалем Езус пытаецца пра тых, хто не вярнуўся, каб аддзячыць Яму? Таму, што аздараўленне ад праказы павінна было быць толькі пачаткам ласкі, якую хацеў удзяліць ім Хрыстус. Ён лечыць не толькі целы, Ён лечыць нас да самай глыбіні, хоча даць паўнату збаўлення і шчасця. Такое аздараўленне атрымлівае самаранін. Ён не проста аздараўляецца ад праказы, а жыве ў аздараўляючай ласцы Хрыста.

Ад нас таксама Езус чакае ўдзячнасці: яна адкрывае нас на сустрэчу з Ім. Калі мы ўдзячныя, тады мы здольныя ўбачыць, што нас аздаравіла, дапамагла ў цяжкой сітуацыі не нейкая безасабовая моц або энергія. Мы пазнаем Таго, хто любіць нас, для Каго мы важныя. Мы бачым, што ў штодзённым змаганні не з’яўляемся самотнымі, побач з намі наш Абаронца. Удзячнасць расплюшчвае нашыя вочы на любоў, якой мы адораныя. Яна вучыць нас верыць, што мы вартыя любові. У стасунках з Езусам удзячнасць патрэбная не дзеля таго, каб заплаціць за атрыманае дабро, а наадварот, каб адкрыцца на паўнату Божага дару. Дару, якім з’яўляецца Ён сам.

Айцец Крыштаф Коц’ян OP

(13.10.2013)

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла