Выбар Закхея

Трыццаць першая звычайная нядзеля, год С.

«Увайшоўшы, Ён праходзіў праз Ерыхон. І вось чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты, стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малога росту. Забегшы наперад, ён залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць. А калі Езус прыйшоў на гэтае месца, паглядзеў уверх і сказаў яму: “Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння Мне трэба быць у тваім доме”. Той хутка спусціўся і прыняў Яго з радасцю. А ўсе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі, што Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека. Закхей жа ўстаў і сказаў Пану: “Вось, палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш”. Езус сказаў яму: “Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула”» (Лк 19, 1–10).


Выбар Закхея

Навяртанне Закхея — хвалюючая сцэна, дзе відаць, якое вялікае можа быць дзеянне ласкі Божай у сэрцы чалавека. Бог першы пачынае шукаць чалавека, як шукаў Закхея, а той дазваляе Богу знайсці яго і дзейнічаць у ягоным жыцці. Нельга сказаць абсалютна дакладна, але магчыма, багаты Закхей, які шукаў шчасця ў грашах, дажыў да такога моманту, калі ў ім засталася толькі роспач, бо ён не знайшоў шчасця. І ў такім безнадзейным душэўным стане, пачуўшы шмат пра Настаўніка з Назарэта, ён адчуў, як у ім абудзілася іскра надзеі, і таму хоча ўбачыць Яго. У гэтым прагненні бачнае дзеянне Духа Святога. Гэтае прагненне вядзе Закхея да сустрэчы, падчас якой Езус прапануе: «сёння Мне трэба быць у тваім доме». Закхей радасна прымае Пана. Але гэта адбываецца перадусім у самых глыбінях сэрца. Ён атрымаў вялікую ласку навяртання, якая цалкам перамяняе яго жыццё. Гэтыя змены звязаныя з адкрыццём новага сэнсу жыцця і перспектывы сапраўднага шчасця.

Плён гэтага навяртання — выніку дзеяння Бога ў адкрытым сэрцы Закхея — бачны адразу ж. Ён раздаў частку маёмасці ўбогім, а тым, каго ашукаў, вярнуў у чатыры разы больш. Закхей з вялікім энтузіязмам адказаў на запрашэнне Езуса да сяброўства. Пан звяртаўся з падобным запрашэннем і да мноства іншых людзей. Узгадайма сустрэчу Хрыста з багатым юнаком, які спытаў: «Настаўнік, што добрага зрабіць мне, каб мець жыццё вечнае?» (Мц 19, 16). Езус перш за ўсё раіць захоўваць запаведзі, а пасля кажа: «Ідзі, прадай маёмасць сваю і раздай убогім, <...> пасля прыходзь і ідзі за Мною» (Мц 19, 21) . Юнак адышоў маркотны, але Закхей выбраў жыццё з Езусам.

Чаму вучыць нас і да чаго запрашае гэтая сустрэча Закхея з Хрыстом? Перш за ўсё, трэба задаць сабе пытанне: у чым заключаецца маё шчасце? Глядзець шырока навокал сябе, каб бачыць убогіх і тых, хто знаходзіцца ў патрэбе. Вакол нас шмат бяды. У лістападзе мы асабліва падтрымліваем душы, якія церпяць у чыстцы. Яны перажываюць вялікія пакуты і прагнуць нашай дапамогі. Можна ахвяроўваць за іх адпуст, святую Імшу, свае цярпенні і малітвы. Сённяшняе евангельскае чытанне заахвочвае нас паразважаць таксама над тым, ці дастаткова мы адплацілі тым, каго пакрыўдзілі.  

 


Айцец Раман Шульц OP

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла