Шукаем рэцэпт святасці разам з новым нумарам часопіса «Ave Maria»

Пасля непрацяглага перапынку ў гарачую летнюю пару пабачыў свет новы — дзявяты — нумар часопіса «Ave Maria». Па слядах перэгрынацыі рэліквій святога Яна Боска ў Беларусі рэдакцыя прапануе чытачам на першых старонках выдання публікацыю пра гэтага вялікага святога: «Любоўю здабываць сяброў — рэцэпт святасці ад Яна Боска». У якую эпоху ён жыў і чым раславіўся сярод людзей? Што ўяўляе з сябе рэліквіярый св. Яна Боска, які перавозіўся па парафіях нашай краіны? І чаму гэтая перэгрынацыя адбываецца менавіта цяпер? Несумненна, многім каталіцкім вернікам цікава будзе атрымаць адказы на гэтыя пытанні, а таксама папрасіць заступніцтва св. Яна Боска праз малітву, змешчаную ў часопісе.

З артыкула «Арханёл Міхал. Не дазволь цалкам запанаваць чалавечаму» вы даведаецеся пра спосабы змагання са спакусаю быць, як Бог, што да кожнага з нас нярэдка падкрадваецца ў той ці іншай сферы: ці то мы жадаем быць дасканалымі і не мець памылак, ці то прагнем самастойна і незалежна ад Бога кіраваць сваім жыццём, не ўсведамляючы сваіх чалавечых межаў... Часта мы не заўважаем за сабою праяваў такой грахоўнай пазіцыі, але распазнаць яе нам дапаможа нямецкі бэнэдыктынец Анзэльм Грун.

«Запытай у самога сябе сёння» — так называецца публікацыя пісьменніцы Ірыны Жарнасек, складзеная з запісаных ёю меркаванняў маладых людзей пра тое, што ім дапамагае падтрымліваць у сваёй душы агонь веры. Яны адказалі на пастаўленае пытанне, абапіраючыся «не на тэалагічнае навучанне, не на разумныя ды правільныя тэорыі», а на свой уласны духоўны досвед. Магчыма, гэтыя разважанні натхняць і вас, паважаныя чытачы, на роздум пра вашы асабістыя адносіны з Богам і моц вашай веры.

Чытайце таксама ў новым нумары часопіса працяг перакладаў на беларускую мову «Дзённіка» св. Фаўстыны Кавальскай, кніг «Даручэнне сябе Беззаганнай» св. Максімільяна Марыя Кольбэ і «Сябры Божыя» Хасэмарыя Эскрывы, агляд новых публікацый выдавецтва «Pro Christo», інтэрв’ю з цікавымі духоўнымі асобамі, а таксама многія іншыя матэрыялы.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла