Мой улюбёны брат

Дваццаць трэцяя звычайная нядзеля, год С 

«Я, Павел, будучы старцам, а цяпер і вязнем Езуса Хрыста, прашу цябе за майго сына Анісіма, якога нарадзіў я ў кайданах. Адсылаю яго да цябе, а ты прымі яго — гэта маё сэрца. Я хацеў затрымаць яго пры сабе, каб ён замест цябе паслужыў мне ў кайданах за Евангелле. Але без тваёй згоды нічога не хацеў бы рабіць, каб добрая справа твая была не з прымусу, а з добрай волі. Бо, можа, ён дзеля таго аддаліўся ад цябе на пэўны час, каб ты прыняў яго назаўсёды ўжо не як слугу, але больш, чым слугу, як брата ўмілаванага, асабліва для мяне, а тым больш для цябе, і паводле цела, і ў Пану. Таму, калі лічыш мяне супольнікам, то прымі яго, як мяне» (Флм 9b–10. 12–17).


Мой улюбёны брат

Я вельмі люблю пасланне да Філімона. Гэта прыклад амаль асабістай карэспандэнцыі святога Паўла. У вязніцы ён сустракае беглага нявольніка Анісіма. Дзякуючы Паўлу Анісім пазнае Хрыста. Павел называе Анісіма сваім дзіцем у веры. Да таго ж высвятляецца, што гаспадаром Анісіма з’яўляецца Філімон, хрысціянін, таксама знаёмы з Паўлам. І тады Павел пасылае Анісіма да Філімона з просьбаю, каб той добра яго прыняў — не проста як брата, а як «брата ўмілаванага».

Чытаючы ліст да Філімона, можна спачатку адчуць пэўную незадаволенасць, маўляў, як жа так, чаму Павел не абвінавачвае абрыдлы інстытут нявольніцтва, чаму дазваляе сваім вучням мець нявольнікаў? Але Павел не змагаецца з грамадскімі інстытутамі, не заклікае Філімона вызваліць Анісіма. Ён піша: «Прымі яго як брата». Толькі і ўсяго, але калі сур’ёзна паставіцца да просьбы Паўла, гэта зменіць усё. Нявольнік — гэта рэч, а брат — ужо не… Маленькая просьба Паўла змяняе мысленне Філімона. Гэтае асабістае навяртанне — пачатак канца страшнай з’явы нявольніцтва.

Якое ж значэнне маюць гэтыя словы для нас? Калі мы сапраўды хочам змяніць гэты свет, калі хочам, каб Божае Валадарства пашыралася сярод нас, мы мусім змяніцца перш за ўсё не вонкава, а ўнутры. Мы павінны адказаць на заклік Паўла і ўбачыць брата ў начальніку, у падначаленым, у настаўніку, у вучні, у жанчыне, якая выдае даведкі ў акенцы. Толькі змяніўшы сваё мысленне, можна рэальна змяніць свет. Без навяртання мы зноў і зноў будзем гуляць у тыя ж гульні… толькі ў іншых дэкарацыях.


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР
(08.09.2013)

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла