Лепей тужыць

Дваццаць чацвёртая звычайная нядзеля, год С 

«Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб слухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: “Ён прымае грэшнікаў і есць з імі”. Тады Ён расказаў ім наступную прыпавесць, кажучы: “Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе па згубленую, пакуль не знойдзе яе? А знайшоўшы, бярэ яе на плечы свае з радасцю і, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: «Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку». Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння. Або якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запальвае свечкі і не вымятае дом, і не шукае пільна, пакуль не знойдзе? А знайшоўшы, склікае сябровак і суседак ды кажа: «Цешцеся са мною, бо я знайшла згубленую драхму». Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых за аднаго грэшніка, які каецца”» (Лк 15, 1–10).

Лепей тужыць
Хто ты? Заблуканая авечка, згубленая драхма, марнатраўны сын. А можа ты — авечка, якая пасвіцца ў статку Пана, кожную нядзелю ходзіць у касцёл, моліцца і чытае Святое Пісанне, і апроч таго яшчэ займаецца дабрачыннаю працаю. Можа, ты — драхма, якая ляжыць разам з іншымі і чакае, пакуль Гаспадар добра яе выкарыстае. Можа, ты — сын, які ніколі не пакідаў свайго бацьку, заўсёды быў паслухмяны, адклікаўся на кожную просьбу. Хто ты?

Добра ніколі не губляцца, добра ніколі не блукаць. Ёсць толькі адна праблема. Чалавек, які ніколі не губляўся, ніколі і не тужыў па блізкіх, па роднай хаце, і, у нашым выпадку, па Айцу. Калі ты ніколі не губляўся, ты не ведаеш, як гэта — калі Айцец цябе шукае і тужыць па табе.

Кожны з нас — заблуканая авечка, згубленая драхма, марнатраўны сын. Не важна, што ты ўдзельнічаеш у святой Імшы кожную нядзелю і рэгулярна чытаеш Святое Пісанне. Ты ўсё адно згублены. А калі не, — значыць, ты не тужыш па роднай хаце, па Айцу, па небе. Калі ты не адчуваеш гэтай тугі, — ты згублены яшчэ больш.

Я хачу быць заблуканаю авечкаю, згубленаю драхмаю, марнатраўным сынам. Я хачу тужыць і адчуваць, як па мне тужыць мой Нябесны Айцец. Я хачу шукаць Яго і хачу, каб Ён шукаў мяне. Але больш за ўсё я прагну, каб Ён знайшоў мяне і забраў да сябе, туды, дзе Езус падрыхтаваў мне жыллё (пар. Ян 14, 2).


Айцец Тамаш Міка ОР
(15.09.2013)

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла