Сустрэча з Божай любоўю

Калісьці я рыхтавала віншаванне для сваёй сяброўкі з нагоды Дня нараджэння. Мне захацелася напісаць на паштоўцы цытату са Святога Пісання, дзе гаворыцца аб Божай любові да чалавека. У мяне было няшмат часу, таму шукала гэтую цытату проста наўгад — разгортвала Біблію і чытала словы, што траплялі на вочы. Але не магла знайсці нічога адпаведнага. Думала: «Ну вось, зараз знайду нешта такое, ад чаго ў самой сэрца будзе ў захапленні! Павінны ж быць такія словы!». Але так і не знайшла. У выніку напісала нешта проста ад сябе. А сама задумалася, чаму для мяне, практыкуючай хрысціянкі, гэта было такім складаным. Гэты момант не раз турбаваў мяне на працягу некаторага часу, аж урэшце я зразумела: я не спазнала Божую Любоў як Асобу Уваскрослага Хрыста ў сваім жыцці. Я толькі адчувала, як у сне, што яна дзесьці існуе і задавальнялася толькі тым, што чую пра Бога, не імкнучыся спазнаць Яго праз уласны досвед.

Цяпео жа, калі казаць пра ўласны досвед, дык я ўжо ведаю, што ўсялякага роду цяжкасці і крызісы ў веры сталі для мяне шанцам: гэтак Бог даваў мне магчымасць ператварыць тэорыю аб адносінах з Ім у практыку. Так, на адных з рэкалекцый, дзе я шукала паратунку ад сваіх жыццёвых праблемаў, я сапраўды адчула моц Божай Любові да сябе. Упершыню пазнала радасць ад той праўды, што я любімая дачка Айца.

Гэтая праўда шмат што перамяніла ўва мне. У адказ на Божую Любоў я адчула патрэбу звярнуць сваю любоў да Бога і бліжняга. Ад’язджаючы з рэкалекцый, я зразумела, што для мяне пачынаецца новае жыццё. Я не думала, што былыя праблемы і цяжкасці, людзі, якія прыносілі клопат, мае слабасці і недахопы адразу знікнуць, але мела надзею, што моц праўды аб тым, што Бог мяне любіць, дасць сілы ўсё пераадолець і шчыра любіць іншых. І сапраўды, цяжар узаемаадносінаў з іншымі, роднымі ці супрацоўнікамі, не знік. Я ўвесь час памятала аб Божай Любові, аб тым, што абавязана любіць бліжніх, аднак гэта не пазбаўляла мяне ад суму: чаму ж так складана будаваць адносіны з некаторымі людзьмі, чаму так часта ўзнікаюць у сэрцы асуджэнне, абурэнне, непрыняцце чужых недахопаў. Усё гэта спрыяла майму стану вінаватасці за няздольнасць любіць...

І раптам Бог паслаў мне выратавальную палачку. Адна знаёмая дала мне пачытаць кніжку каталіцкага святара і псіхолага Джона Паўэла «Як вытрываць у любові». Прачытаўшы яе, я зразумела, што калі Бог кажа «Я люблю цябе», Ён хоча, каб і я палюбіла сябе! Не бліжняга, не Яго Самаго, але спачатку сябе! Бо як без гэтага жыць па запаведзі: любі бліжняга свайго, як самога сябе. Хіба нашыя пачуцці, якія суправаджаюць нас штодня і якія мы стараемся сцішыць і нават схаваць глыбока ў сэрцы, хіба яны не крычаць нам самім: «Палюбі сябе, зірні на сваё сэрца!».

Джон Паўэл з вышыні свайго жыццёвага досведу заўважае, што прыкладаць усе свае намаганні, каб палюбіць іншых, забываючыся пра сябе, адмаўляючы, што мы павінны найперш горача палюбіць сябе, — гэта шлях самазабойцы. А сапраўдная любоў да сябе азначае навучыцца любіць сапраўды па-хрысціянску. Менавіта з любові да сябе пачнецца любоў да бліжніх.

Сцвярджэнне любові да сябе было для мяне сапраўды рэвалюцыйным, з другога боку — рашэннем балючага пытання. Палюбіць сябе — складаны гэта працэс, гэта вялікая праца над сабою, бясконцыя намаганні і змаганні. У выніку духоўных практыкаванняў я зразумела: не прымаючы сябе, не змагу прыняць Божае жыццё ўва мне з усімі яго дарамі і магчымасцямі, не змагу несці адказнасць за яго.

Рэкалекцыі і семінар «5 этапаў прабачэння — аздараўленне памяці», у якіх я вырашыла ўдзельнічаць, хутка прынеслі плён. І першае, што яны прынеслі, — гэта захапленне Богам і жыццём, якое Ён дае, а таксама рашэнне паспрабаваць сапраўды палюбіць і прыняць сябе, бо пазнаць тыя дары, якія дае нам Бог, можна толькі тады, калі пазнаеш і прымеш сябе, калі адважышся палюбіць сябе і паклапаціцца пра сябе, як гэта робіць Бог.


Вераніка, 24 гады.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла