Справаздача

Дваццаць пятая звычайная нядзеля, год С 

«Казаў таксама вучням сваім: “Адзін багаты чалавек меў эканома, на якога данеслі яму, што растрачвае маёмасць яго. Той, паклікаўшы яго, сказаў яму: «Што гэта я чую пра цябе? Зрабі справаздачу пра кіраванне сваё, бо ўжо не можаш быць эканомам». Тады эканом сказаў сам сабе: «Што мне рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне кіраўніцтва домам? Капаць не маю сілаў, жабраваць саромеюся. Ведаю, што зрабіць, каб людзі прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад кіраўніцтва домам». Паклікаўшы асобна кожнага з даўжнікоў свайго гаспадара, ён сказаў першаму: «Колькі ты павінен гаспадару майму?» Той сказаў: «Сто кадзяў алею». Тады сказаў яму: «Вазьмі сваю распіску, сядай хутчэй і напішы пяцьдзесят». Потым другому сказаў: «А ты колькі павінен?» Той сказаў: «Сто кор пшаніцы». І яму сказаў: «Вазьмі сваю распіску і напішы восемдзесят». І пахваліў гаспадар несправядлівага эканома, што ён разумна ўчыніў. Бо сыны гэтага веку мудрэйшыя за сыноў святла ў адносінах да свайго пакалення. І Я кажу вам: здабывайце сяброў сабе несправядлівай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры. Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім. Таму, калі вы ў несправядлівай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае? І калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае? Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне”» (Лк 16, 1–13).

Справаздача

Павярхоўнае знаёмства з прыпавесцю пра нягоднага эканома выклікае здзіўленне і непаразуменне: як Той, хто даў запаведзі «не крадзі», «не сведчы фальшыва», можа заахвочваць да недобрасумленнасці і падману? Не можа! І гэтая праўда змушае нас глыбей паглядзець на ўзгаданую прыпавесць, памятаючы, што праз бачныя вобразы зямнога жыцця Пан Езус хоча наблізіць нас да нябачнай рэчаіснасці жыцця вечнага, падобна як праз матэрыяльны свет Ён вядзе нас да свету духоўнага.

Кожны з нас, можна сказаць, з’яўляецца гэткім эканомам, якому гаспадар — Пан Бог — даверыў свае даброты: ад прыродных багаццяў да здароўя, здольнасцяў і магчымасцяў іх развіцця і рэалізацыі для здабывання матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў. І кожны з нас некалі будзе павінен зрабіць перад Гаспадаром справаздачу пра тое, як імі распараджаўся. Але пакуль гэты час яшчэ не надышоў, варта паглядзець, якімі распарадчыкамі Божых дароў мы з’яўляемся. Што ж мы ўбачым? Колькі марнуем электраэнэргіі, калі трымаем уключанымі электрапрыборы, якімі не карыстаемся, ці без патрэбы палім святло? Колькі вады дарэмна выцякае, калі мы мыем посуд пад бягучым струменем ці не закручваем краны да канца, або не рамантуем своечасова сапсаваную сантэхніку? Колькі мы выкідаем прадуктаў харчавання або колькі рэчаў, якія яшчэ маглі б быць выкарыстаныя, ператвараем у смецце і забруджваем навакольнае асяроддзе? Здаецца, многія жывуць па прынцыпе: «Пасля нас — хоць патоп!».

З іншага боку, колькі магчымасцяў рабіць дабро ці развіваць здольнасці мы не выкарыстоўваем па прычыне ляноты ці неразважлівасці? Або колькі талентаў выдаткуем не на добрыя мэты? І гэтак далей... Што рабіць? Пакуль не позна, «здабывайце сяброў сабе несправядлівай мамонай». «Несправядлівай» не таму, што ўсялякая маёмасць дрэнная сама па сабе, а таму, што для чалавека нядобрая ўсялякая празмернасць — яна шкодзіць яму. Аднак матэрыяльныя даброты могуць быць каштоўныя для тых, хто церпіць нястачу. Таму мы ратуем будучыя пакаленні ад нястачы ў прыродных рэсурсах, калі ўжо сёння клапоцімся пра прыроду і рацыянальна выкарыстоўваем яе багацці. Дабро мы чынім сваім сучаснікам, калі дзелімся з імі маёмасцю, або прынамсі аддаем ім добрыя, але непатрэбныя нам рэчы замест таго, каб выкінуць іх на сметнік...

Розум — адзін з галоўных дароў, якімі Бог надзяліў чалавека. Менавіта ён дазваляе нам пазбегнуць марнатраўства і вызваліцца ад хцівасці і не дапускае да здзяйснення ўзгаданых вышэй правінаў. І гаспадар з прыпавесці хваліць эканома зусім не за хітрасць і падман, а за карыстанне розумам, які дапамагае жыць не толькі бягучай хвілінай, але і думкай пра будучыню, пра тое, што некалі мы станем перад Найвышэйшым, каб даць справаздачу, і пра тое, што толькі сапраўднае дабро, якое мы здзейснілі ў сваім жыцці, давядзе нас да Крыніцы. 


Айцец Міхал Ермашкевіч OP
 (22.09.2013)

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла