Cустракаем восень разам з новым нумарам часопіса "Наша вера"

З надыходам восені, якая штодня ўсё больш і больш змушае нас хавацца ад халадоў і дажджоў у цёплых кватэрах, прапануем вам правесці спакойны, ціхі вечар (ці, можа быць, некалькі) з новым нумарам квартальніка "Наша вера" і кубачкам духмянай гарбаты, узбагаціць душу новым духоўным досведам і насыціць яе ведамі пра найважнейшыя скарбы рэлігійнай культуры Беларусі і свету. Аб тым, якія матэрыялы чакаюць вас у новым выпуску, можна пазнаёміцца на нашай старонцы.

Гэты нумар часопіса распачынаецца ўрыўкам з энцыклікі Святога Айца Францішка Lumen Fidei (Святло веры).

Працягваецца публікацыя перакладу А. Жлуткі працы Стэфана Свяжаўскага «Святы Тамаш, прачытаны нанава» — раздзел ІХ «Адносіны Бога да свету».

У артыкуле «Дзе “пускаеш карані”?» польскі тэолаг Ян Клачоўскі ОР разважае пра біблійны радыкалізм.

Складанай постаці і дзейнасці Януша Радзівіла прысвечаны артыкул гісторыка А. Шпунта «Паміж католікамі і праваслаўнымі».

Друкуецца заканчэнне артыкула літаратуразнаўцы Е. Лявонавай «Анёлы ў пошуках цябе…», дзе цікава разглядаецца канцэпт анёла ў творчасці аўстрыйскага паэта Р. М. Рыльке.

«Юзаф Дашчынскі і яго Літанія да Вострай Брамы» — так называецца артыкул С. Немагай, якая распавядае пра адзін з выдатнейшых музычных твораў таленавітага кампазітара.

Мастацтвазнаўца В. Буйвал у рубрыцы «Галерэйка» апавядае пра сусветна вядомы твор італьянца Франчэска Гвардзі «Дож накіроўваецца ў сабор Санта Марыя дэлла Салютэ».

Цікавай постаці сціплага беларускага выдаўца, нашаніўца прысвечаны артыкул І. Саматой «З кагорты адраджэнцаў: Адвард Будзька».

«Беларускі след кармэлітаў у Кракаве» — так называецца інтэрв’ю І. Лапато з архівістам ордэну кармэлітаў старажытных правілаў Ш. Сулецкім.

Памяці беларускага паэта Міколы Арочкі прысвечаны артыкул М. Скоблы «З Бібліяй у кошыку». Тут жа друкуюцца вершы паэта.

У рубрыцы «Паэзія» чытачам прапануюцца вершы Л. Галубовіча і С. Сыса.

«Чатыры віды любові» — так называецца праца англійскага пісьменніка і тэолага К. С. Льюіса, працяг з якой друкуецца ў перакладзе Ю. Шэдзько.

У рубрыцы «Проза» змешчаны новыя творы Д. Бічэль і У. Сіўчыкава.

Майстэрству мастацкай фатаграфіі прысвечаны артыкул рэстаўратара і калекцыянера І. Сурмачэўскага «Залацісты мёд мінуўшчыны».

Міні-замалёўка Ю. Гарбінскага «Брама веры, вечнасці і любові» прысвечана касцёлу св. Яна Хрысціцеля ў мястэчку Камаі. Пра гэты ж касцёл і яго ўвасабленне ў мастацтве піша краязнаўца І. Драўніцкі ў артыкуле «Мастак з дынастыі Ромэраў».

Мастак-плакатыст У. Крукоўскі ў эсэ «Шукайце і знойдзеце…» заклікае даследчыкаў мастацтва больш плённа шукаць і аналізаваць спадчыну малавывучаных творцаў.

Аспірантка Я. Мілаш у матэрыяле «Традыцыі ўшанавання крыжа беларусамі ў канцы ХІХ ст.» піша пра адзін з важных хрысціянскіх звычаяў.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла