Молімся праз заступніцтва Маці Божай разам з новым нумарам «Ave Maria»

Месяц кастрычнік традыцыйна запрашае нас да малітвы праз заступніцтва Маці Божай і асаблівага даручэння сябе Ёй — нашай нястомнай Апякунцы. Новы нумар часопіса «Ave Maria» (№ 10) нагадвае нам пра гэта і ў публікацыі пра Марыйны дзень з Папам, спланаваны ў Ватыкане, і ў гісторыка-рэлігійным матэрыяле Андрэя Мікалаева, брата Людовіка OPs «Маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам...», прысвечаным практыцы даручэння сябе Марыі ва ўсім свеце з XI стагоддзя і да сённяшняга дня. Але адна справа — тэарэтычная абазнанасць, іншая ж — практычнае прымяненне прачытанага, таму ў часопісе прапануюцца таксама малітвы, якімі вернікі могуць скарыстацца, каб яшчэ больш наблізіцца духоўна да нябеснай Заступніцы: «Малітва ахвяравання сябе Маці Божай» і «Набажэнства першых суботаў месяца — перапрашэнне Беззаганнага Сэрца Марыі».

Нярэдка кожнага верніка турбуе важная праблема: як ставіцца да аповедаў пра розныя прыватныя аб’яўленні, пачутыя з вуснаў знаёмых ці са сродкаў масавай інфармацыі? Верыць ім або не? Асабліва калі «візіянеры» заклікаюць да канкрэтных дзеянняў... Адказ на ўсе гэтыя пытанні чытайце ў артыкуле «Паміж верай Касцёла і прыватным аб’яўленнем» кс. Андрэя Рылкі, змешчаным у рубрыцы «Святар адказвае на пытанне».

«Рызыка і благаслаўленне» — так называецца інтэрв’ю Ірэны Задарожнай з айцом марыянінам Аляксандрам Жарнасекам, дзе святар распавядае пра сваё служэнне ў... аршанскай папраўчай калоніі для хворых на сухоты. Як выглядаюць сустрэчы святара са зняволенымі? Што адрознівае вернікаў, якія трапілі ў калонію, ад людзей на волі і як працягваецца іх жыццё з Богам пасля вызвалення? Нам цяжка ўявіць сабе гэтыя рэаліі, цяжка думаць пра вязніцу, але шчырыя словы святара адкрываюць перад намі важную жыццёвую праўду...

Акрамя гэтых матэрыялаў, чытачоў чакае шмат іншых глыбокіх і цікавых публікацый пра жыццё Касцёла і яго святых, пра тых, хто аддана служыць на ніве Божай і можа стаць для нас сведчаннем веры.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла