Доказ несмяротнасці

Трыццаць другая звычайная нядзеля, год С 

«Тады падышлі некаторыя з садукеяў, якія казалі, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго: “Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі ў некага памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бяздзетны, то брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і абудзіць патомства брату свайму. Было ж сем братоў. Першы, узяўшы жонку, памёр бяздзетны. Потым другі, і трэці ўзяў яе, таксама і ўсе сямёра, не пакінуўшы дзяцей, памерлі. Урэшце, памерла і жонка. Дык вось, пасля ўваскрашэння, катораму з іх яна будзе жонкаю? Бо ў семярых яна была жонкаю”. Езус сказаў ім: “Дзеці гэтага веку жэняцца і выходзяць замуж. А тыя, хто будзе годны таго веку і ўваскрашэння з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж; і памерці ўжо не змогуць, бо яны роўныя анёлам і з’яўляюцца сынамі Божымі, будучы сынамі ўваскрашэння. А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей засведчыў, кажучы пра палаючы куст, калі назваў Пана Богам Абрагама, і Богам Ісака, і Богам Якуба. Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць”» (Лк 20, 27–38).


Доказ несмяротнасці

Сёння ў евангельскім чытанні мы чуем пра садукеяў, якія прыйшлі да Езуса, каб пакпіць з веры ва ўваскрашэнне. Садукеі, прадстаўнікі святарскай арыстакратыі ў Ізраэлі, адкідалі ўсю духоўную традыцыю, прызнаючы толькі пяць першых кніг Бібліі. У адносінах да Бога яны хацелі заставацца рацыянальнымі, адмаўляючы ўсё, што ў іх разуменні патыхала наіўнасцю і сентыменталізмам. Таму яны выйсмейвалі надзею на ўваскрашэнне, не верылі ў анёлаў. Іх свет павінен быў быць просты, празрысты і без неспадзяванасцяў: Богу Стварыцелю трэба служыць адпаведна з законам і трэба... добра ўладкавацца ў жыцці, бо мы жывем адзін раз, а пасля становімся прахам, нічым.

З такім падыходам словы аб Божым Валадарстве, аб вечным жыцці былі для садукеяў правакацыяй. Калі чалавек свядома адмаўляецца ад вялікага прагнення і спрабуе гэтак уладкаваць уласнае жыццё, надзея іншых становіцца для яго вялікаю пагрозаю. Гэтая надзея азначае, што або гэтыя іншыя — дурныя, або я сам марную сабе жыццё. Таму садукеі жадаюць прадэманстраваць, якая глупота — спадзявацца на ўваскрашэнне і вечнае жыццё. Іх аргументы простыя, яны даказваюць абсурднасць веры ва ўваскрашэнне на падставе крохкасці міжчалавечых стасункаў: у гэтым выпадку — на прыкладзе жанчыны і яе сямі мужоў. Як чалавек — убогі чарвяк — можа быць несмяротны? Якія абсурдныя наступствы гэта б выклікала...

Пан Езус не паддаецца на іх разважанні. Зразумела, што чалавек не можа быць прычынаю несмяротнасці. Нават пантэоны, дзе спачываюць дзеячы вялікіх справаў, што застаюцца ў гісторыі, — гэта не што іншае, як толькі прыгожыя труны. Не ў чалавеку знаходзіцца доказ несмяротнасці, не ў ім — яе крыніца. Крыніца несмяротнасці — Бог і Яго любоў да чалавека, якая не мае канца. Бог Абрагама, Ісаака, Жэні, Міколы... Чалавек не можа знікнуць, калі Бог называе сябе яго Богам, нават тады, калі зямное жыццё заканчваецца...

 


Айцец Крыштаф Коц’ян OP

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла