Святкуем і молімся разам з часопісам «Ave Maria»

Лістападаўскі нумар часопіса «Ave Maria» тэматычна ахоплівае найважнейшыя для гэтага месяца духоўныя практыкі ў Касцёле. Па традыцыі ў гэты час мы з асаблівай руплівасцю молімся за памерлых. «Дапамагаючы ім, мы лечым наша радавое дрэва, — піша ў прадмове да матэрыялу рубрыкі „Школа малітвы“ І. Жарнасек, — бо тады і нам, і тым, хто прыйдзе на свет у нашым родзе пасля, магчыма, удасца пазбегнуць многіх непрыемнасцяў». Пра тое, якімі духоўнымі сувязямі мы злучаныя памерлымі, у часопісе распавядаецца і ў тэарэтычным аспекце, на аснове Катэхізіса ды Сімвала веры (артыкул кс. А. Мартыны «Веру ў еднасць святых...»), і на аснове містычнага духоўнага досведу асобных людзей. Гэтым дзеліцца св. Фаўстына Кавальская ў сваім «Дзённіку», працяг якога друкуецца ў часопісе ў перакладзе К. Лялько; гэтаму прысвяціла сваю кнігу і Марыя Сімма — фрагменты яе аповеду пра сустрэчы з душамі чыстцовымі вы зможаце прачытаць на старонках часопіса.

Матэрыялы часопіса дапамогуць духоўна падрыхтавацца да яшчэ адной важнай лістападаўскай даты — урачыстасці Хрыста, Валадара Сусвету. Над чым валадарыць Хрыстус? Якое нашае заданне ў гэтым Валадарстве? Пытанні простыя, аднак адказы на іх мы шукаем усё жыццё. Верагодна, развагі Хосэмарыі Эскрывы на гэтую тэму падштурхнуць да больш глыбокага роздуму над таямніцаю Хрыстовага Валадарання.

Важкая частка матэрыялаў у новым нумары часопіса прысвечана тэме, якая хвалюе амаль усіх: святароў і свецкіх, дарослых і дзяцей, аднак у друку ўзнімаецца даволі рэдка. Катэхізацыя... Што значыць «быць катэхетам» і «працаваць катэхетам»? Якія праблемы вельмі востра стаяць у сучаснай катэхізацыі? На гэтыя пытанні адказваюць Папа Рымскі ва ўрыўку з прамовы да ўдзельнікаў Міжнароднага кангрэса па катэхезе, сястра Нунэ Цітаян MSF у інтэрв’ю «Мы — сведкі ўсіх біблійных падзеяў» і адна з пачынаючых катэхетак у нататках «Мой першы досвед у катэхетычнай працы».

Чытачоў чакаюць таксама многія іншыя цікавыя матэрыялы, у тым ліку  не публікаваная раней «Навэнна да Хрыста, Валадара Сусвету» на апошняй — ужо традыцыйна малітоўнай — старонцы вокладкі.


Рэд.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла