Кожны дзень разам з Марыяй: насценны каляндар на 2014 год

Кожная з выяваў Маці Божай — абраз або скульптура — закранае ў глыбіні душы самыя розныя стрункі веры і любові, звязаныя з нашаю нябеснаю Апякункаю. Выява Панны Марыі Беззаганна Зачатай нібы запрашае з даверам кінуцца ў Яе абдымкі, прынесці ў Яе распасцёртыя рукі свае спадзяванні і свой смутак... Скульптура Маці Божай Фацімскай нібы нагадвае нам пра Яе пастаянную малітоўную падтрымку і заклікае не занядбоўваць адзін з самых надзейных сродкаў, які набліжае нас да Бога, дае глыбокі супакой і вялікую надзею, — Святы Ружанец...


Маці Божая з Люрда, з Ля Салет, з гары Кармэль... Кожная асобная выява — нібы асобнае перажыванне, асобная гісторыя пра набліжэнне да Бога, асобная малітва... І гэта не дзіўна, бо Марыя — нябесная Маці кожнага асобнага чалавека.

Пятнаццаць найпрыгажэйшых скульптурных выяваў Найсвяцейшай Марыі можна знайсці пад вокладкаю новага насценнага календара, падрыхтаванага ў выдавецтве «Pro Christo» і прысвечанага 20-годдзю часопіса «Ave Maria». Ва ўводзінах да календара арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч слушна адзначыў: «Падаючы выявы марыйных скульптураў з розных санктуарыяў свету, стваральнікі календара імкнуліся яшчэ больш наблізіць чытачоў да Маці Божай, дапамагчы ім раскрыць і лепей пазнаць Яе глыбокую і трывалую веру, надзею і любоў. Гэтае выданне таксама спрыяе распаўсюджванню культу Марыі, якая кожнаму дапамагае сустрэць Езуса і ўмацаваць сваю веру».

У календары пададзены ўсе абавязковыя святы і ўрачыстасці, успаміны святых і благаслаўлёных, якія адзначаюцца ў Каталіцкім Касцёле, а таксама асноўныя даты праваслаўных святкаванняў.

Няхай Маці Божая атуляе вас сваім ласкавым клопатам на працягу ўсяго года, а Яе прыгожыя выявы натхняюць на давер, малітву і добрыя справы. Нагадаем, што каляндар можна набыць у краме «Духоўная кніга» па адрасе: г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 25, а таксама ў касцёльных кіёсках.


Рэд.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла