Найлепшы будаўнік — Езус

Трыццаць трэцяя звычайная нядзеля, год С.

«Калі некаторыя гаварылі пра святыню, што яна ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і дарамі, Ён сказаў: “Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе зруйнаваны”. І спыталіся ў Яго: “Настаўнік, калі ж гэта станецца і што будзе знакам, калі гэта павінна адбыцца?” Ён сказаў: “Глядзіце, каб вас не звялі, бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я і што наблізіўся час. Не ідзіце за імі. Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся, бо спачатку гэта павінна адбыцца, але не адразу канец”. Тады сказаў ім: “Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, і жахлівыя з’явы, і вялікія знакі з неба. Але перад усім гэтым схопяць вас і будуць пераследаваць, аддаючы ў сінагогі і ў вязніцы, і паставяць перад каралямі і намеснікамі за імя Маё. І будзе гэта вам на сведчанне. Таму пастанавіце ў сэрцы сваім не клапаціцца наперад, як абараніцца, бо Я дам вам мову і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць ці супярэчыць праціўнікі вашыя. Выдаваць вас будуць таксама бацькі і браты, і родныя, і сябры, а некаторых з вас заб’юць. І зненавідзяць вас усе за імя Маё. Але і волас з галавы вашай не прападзе. Цярпеннем сваім уратуеце душы вашыя”» (Лк 21, 5–19).


Найлепшы будаўнік — Езус

Святыня, якой захапляюцца вучні Езуса, каштоўныя камяні, дары — гэта абраза Бога. Чаму? Святыню збудаваў Ірад. Гэта помнік ягонай велічы, помнік ягонай улады. Гэта святыня, збудаваная акупантам, якая павінна забяспечыць спакой у краіне. Яна пабудаваная не на хвалу Божую.

Хто з нас не жадае добрага, прыгожага жыцця? Добрая машына, камфортнае жытло, прыемная праца, мілыя знаёмыя. Хто з нас не будуе сабе такой веры, якая яму адпавядае? Хто не хоча прысутнічаць у тых мясцінах, пры тых абрадах і малітвах, дзе добра сябе адчувае? Мне падабаецца Ружанец — малюся на ружанцы, даспадобы арганная музыка — прыходжу на Імшу, калі будуць граць арганы. Кожны любіць жыць у тым свеце, які добра ведае, з якім трывае ў сяброўстве, дзе адчувае сябе бяспечна.

Гэткі наш мілы, добры, бяспечны свет — тыя нашыя святыні, якім мы здзіўляемся, якімі захапляемся. Паглядзім, што Езус кажа нам сёння: «Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе зруйнаваны». Можна спужацца такіх словаў. Хто з нас хоча змяніць свой бяспечны асабісты свет? Аднак, праблема не ў тым, што мы будуем уласныя святыні. Яны вельмі падобныя да той, якую пабудаваў Ірад, таму што павінны гарантаваць нам бяспеку і супакой, і паказць, што ўсё ў нашым жыцці ў парадку; таму што мы добра сябе адчуваем у гэтых святынях і не хочам іх змяняць; таму што мы вельмі рэдка пытаемся ў Езуса, як павінна выглядаць нашае жыццё; таму што мы вельмі рэдка будуем разам з Ім. Тое, што мы ствараем самі, не ад Бога. Калі мы не раімся з Ім, Яго няма ў тым, што мы робім. Таму не здзіўляймася, што, калі Ён прыходзіць у нашае жыццё, якое мы самі, без Ягонага ўдзелу збудавалі, яно павінна зруйнавацца. Застанецца толькі тое, што мы стварылі разам з Ім.

Не трэба баяцца Яго прыйсця. Сёння запрасі Езуса ў сваё жыццё шчырым сэрцам, з вераю, любоўю і надзеяй. Скажы Яму: Езу, веру, што Ты любіш мяне і хочаш маёй свабоды, майго шчасця. Таму, Езу, я выракаюся таго, што збудаваў сам, без Цябе. Езу, я хачу будаваць сваё жыццё разам з Табою. Я хачу, каб Ты быў Гаспадаром майго жыцця, майго сэрца, маіх планаў, маёй гісторыі. Аддаю Табе сваё жыццё.   


Айцец Тамаш Міка OP

(17.11.2013)

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла