Казанне аб міласэрнасці: падай руку таму, хто тоне

Айцец Пётр Скарга SI

Ты, які маеш добрае здароўе, дапамажы хвораму; ты, які моцна стаіш на нагах, падтрымай ляжачага; ты, які маеш багацце, не пакідай убогага. Будзь сярод тых, хто можа рабіць дабро каму заўгодна і не звяртае ўвагі на дзіўныя позіркі. Пакуль шчаслівыя вятры веюць на тваім «моры», падай руку таму, хто тоне, пакуль ты здаровы і заможны, дапамажы беднаму; не чакай часу, каб на сабе спазнаць, што значыць бесчалавечнасць іншых. Як жа добра быць міласэрным да тых, хто ўпаў! Не чакай Божага суда і пакарання, якім Бог міласэрна прынізіць; вучыся на чужых няшчасцях, каб не спазнаць свайго ўласнага.

Дай мала беднаму, які нічога не мае, бо гэта будзе шмат для яго; і ў вачах Бога будзе шмат, калі дасі тое, што маеш, бо Ён глядзіць на тваю добрую волю. Калі зусім не маеш, чаго даць, — дай ахвотнае сэрца, дай слёзы тваёй літасці. Добрым лекам для засмучаных будзе шкадаванне, якое ідзе ад чыстага сэрца. 

З вогнішча гэтага свету, у якім усё палае і штодня змяняецца, вырві што-небудзь з маёмасці тваёй і аддалі ад паглынаючага полымя; вырві ад гэтага ката, ад свету і ад задавальненняў і аддай Пану Богу твайму. Аддай туды, куды палічыш  неабходным, туды, дзе маюць большую патрэбу. Калі сейбіты зачыняюць збожжа, яно псуецца і чарвякі яго точаць, а калі раскідаюць па зямлі, то зерне ў ёй не толькі захоўваецца ў цэласнасці, але і дае добры ўраджай. Раскідай, каб збіраць; аддавай, каб браць; патомства тваё стане багатым, калі пакінеш яму ласку, атрыманую ад Бога за міласціну тваю.

Калі сам будзеш сеяць, можаш пасеяць, але іншыя гэтага спажываць не будуць, ды і замест пшаніцы можа вырасці пустазелле. Калі з несправядлівых грошай набудуеш сядзібаў, збіраючы скарб для сябе, але не будзеш багаты на Бога, то нечакана ноччу душу тваю паклічуць на страшны суд. Як справішся, калі не слухаў наказаў Твайго Бога: марыў і забіваў голадам і беднасцю твайго брата, а самім Тваім Богам пагардзіў у яго ўбогіх? Некаторыя з вас разумеюць, што міласціна і міласэрнасць не з’яўляюцца абавязковымі, а дабравольнымі; і калі б хацеў хто дадумацца да гэтага...

...Пакуль маеце час, рабіце добрыя ўчынкі і аказвайце міласэрнасць братам нашым. Хрыста падсілкоўвайце, Хрыста апранайце, прымайце, наведвайце, частуйце і не толькі словам і стравамі, як рабілі сябры, і не дарагімі алеямі, як Магдалена, бо не ўсе гэта могуць; не толькі падрыхтаванаю магілаю, як Юзаф; не коштам смерці, як Мікадэм; не золатам, мірам і кадзілам, як каралі з Усходу, але міласэрнасцю і літасцю да ўбогіх і самотных. Гэтай ахвяры патрабуе ад нас Пан і яна наймілейшая Яму за любое ўшанаванне. А калі будзеце адыходзіць з гэтага свету, прымуць вас у нябесную гасціну і вечную святыню. Праз Езуса Хрыста, якому разам з Айцом і Духам Святым вечнае праслаўленне і хвала на вякі вечныя. Амэн.

Пераклад Іны Мазур.

 

Галоўнае — сеяць!
Сей, сей!
Галоўнае — сеяць!
Ці мала, ці многа, усё —
     зерне надзеі.
Сей сваю ўсмешку,
     каб яна ззяла вакол цябе.
Сей свае сілы,
     каб прыняць бітвы жыцця.
Сей сваю мужнасць,
     каб умацаваць яе ў бліжніх.
Сей сваё натхненне,
     сваю веру,
     сваю любоў.
Сей самае нязначнае,
     нават дробязі.
Сей і вер:
     кожнае зярнятка ўзбагаціць
     маленькі куточак зямлі.

Аўтар невядомы.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла