«Час Адвэнту — гэта шанец, які ізноў даецца кожнаму з нас»

Першая нядзеля Адвэнту, год А.

«Але як было ў дні Ноя, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Бо, як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і не ведалі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Тады двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты. Дзве будуць малоць на жорнах: адна будзе ўзята, а другая пакінута. Таму чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. Але знаеце, што, калі б гаспадар дому ведаў, у якую варту прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой. Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце» (Мц 24, 37–44).


«Час Адвэнту — гэта шанец, які ізноў даецца кожнаму з нас»

Першай нядзеляй Адвэнту мы распачынаем новы Літургічны год у Касцёле. Лацінскае слова «adventus» азначае «прыйсце». Прыйсце некага важна звязанае з чаканнем. Традыцыйна кажуць пра тры прыйсці Месіі. Першае адбылося каля дзвюх тысяч гадоў таму. Адвэнт Старога Запавету — гэта народ Ізраэля, прарокі і каралі, якія чакаюць прыйсця Месіі. Гэтая радасць была дадзеная перадусім Марыі, Юзафу, пастухам, мудрацам з Усходу. Пазней ёю цешыліся вучні Езуса і апосталы і тыя, хто паверыў, што Езус — Месія. Але большасць юдэяў не паверылі і далей чакалі, стасоўна з уласнымі ўяўленнямі. Яны размінуліся з Тым, каго чакалі. Другое — гэта апошняе прыйсце Пана Езуса ў хвале, на аблоках, з анёламі і святымі. Другі Адвэнт датычыць нас, бо Пан не замарудзіць прыйсці, Ён прагне, каб грэшнікі навярнуліся і такім чынам падрыхтаваліся да Яго прыйсця. Ёсць і трэці Адвэнт. Пан Бог нябачна прысутнічае ў сваім Касцёле, прыходзячы да нас у сваім слове, сакрамэнтах і праз бліжніх. Гэта кожны дзень адбываецца на нашых вачах.

Такім чынам, ёсць тры прыйсця. Першы Адвэнт вучыць нас чакаць. Нашыя настаўнікі ў гэтым — святыя Старога Запавету, асабліва тыя, якія злучаюць Стары і Новы Запаветы: святы Яны Хрысціцель і Маці Пана Езуса.

Да Другога прыйсця напрыканцы часоў мы рыхтуемся, дазваляючы Пану Езусу перамяняць нас, прыходзіць у нашае «сёння» — Трэцяе прыйсце. Гэтая перамена месцаў: Другое прыйсце ў канцы, а Трэцяе — сёння, уносіць пэўны сімвалічны дыскамфорт, які мабілізуе нас, прымушаючы вырвацца з забойчай для духа жыццёвай руціны. Не перажываючы Трэцяе прыйсце, мы аказваемся нібы здрадцамі, якія забыліся, што трэба чуваць кожную хвіліну, каб не прайсці міма Пана, які прыходзіць.

Старая традыцыя мінулых стагоддзяў выпрацавала звычай, адпаведна з якім падчас раратняй Імшы ў катэдральных касцёлах з запаленай свечкай падыходзілі да алтара прадстаўнікі ўсіх саслоўяў (вясковец, гараджанін, рамеснік, шляхціч, рыцар і кароль). Ставячы свечку на свечніку, яны голасна прамаўлялі: «Я гатовы да суду». А я гатовы да суду? Час Адвэнту — гэта шанец, які ізноў даецца кожнаму з нас. Прыходзіць Стварыцель і Збаўца і выцягвае чалавека са сну (адышла ноч, і наблізіўся дзень). Сустрэча з Тым, Хто прыходзіць — час канфрантацыі. Гэта адданне сябе на суд Божы. Калі я падыходжу да Пана, Яго святло асвятляе маю цемру. Яго слова паказвае мае кепскія ўчынкі і звычкі. Яно робіць бачнымі маскі, якімі я закрываю свой твар. Яно б’е ў цвёрдую шкарлупіну майго сэрца, раскрывае маю хлусню. Аднак гэты суд поўны міласэрнасці, падобны да таго, як калі хворы прыходзіць да мудрага і добрага доктара. Доктар спачувае яму і прагне яго вылечыць. Ён можа вылечыць нават пракажонага. Ён хоча аказаць плённую дапамогу тым, хто застаўся без сілаў. Гэты суд Трэцяга Адвэнту асаблівым чынам адбываецца ў канфесіянале і ў канфрантацыі нашага жыцця са словам Божым. Суд прыйсця напрыканцы часоў можа аказацца вельмі небяспечным для тых, хто без увагі паставіўся да нябачнага прыйсця Пана Бога сёння, цяпер і тут у Касцёле.

Услухаймася яшчэ раз у цёплыя словы ксяндза Яна Твардоўскага, які вершам вучыць нас, як трэба чакаць.

                     Чаканне
                     Паглядзі на сабаку каля крамы прывязанага
                     ён думае пра свайго гаспадара
                     і рвецца да яго
                     на дзвюх лапах яго чакае
                     гаспадар для яго і надворак і поле і лес і дом
                     вачыма за ім бяжыць
                     пацалуй яго ў лапу
                     бо ён вучыць як чакаць Пана Бога
                                            (Ян Твардоўскі: Разам з табою,
                                            Мінск, Про Хрысто, 2012, с. 209)

Айцец Раман Шульц OP
(01.12.2013)

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла