Чарговы нумар квартальніка "Наша вера"

У новым нумары квартальніка «Наша вера» вас чакаюць цікавыя матэрыялы з гісторыі Касцёла ў Беларусі і ў свеце, публікацыі на вострыя тэмы хрысціянскага жыцця, даследаванні па сакральным мастацтве, а таксама арыгінальныя і перакладныя творы духоўнай літаратуры. Са зместам часопіса можна пазнаёміцца на нашай старонцы.

Гэты нумар часопіса распачынаецца арт. П. Бяліньскага «Ян XXIII: „Каб усе былі адно…“», напісаным з нагоды кананізацыі благаслаўлёнага папы Яна XXIII.

А. Шустак OP у арт. «Чарапаха і певень» цікава разважае пра радыкалізм хрысціянскай веры.

Моўным асаблівасцям Бібліі прысвечаны арт. М. Пашук «Тэафарычны элемент (’el) у кнігах Бібліі».

690-годдзю заснавання аднаго з найбуйнешых каталіцкіх асяродкаў — г. Ліды — прысвечаны арт. Л. Лаўрэша «Фарны касцёл у Лідзе».

«Святар — гэта слуга…» — так сцвярджае ў сваім маналогу пробашч лідскага касцёла Узвышэння Святога Крыжа кс. У. Гуляй.

Р. Маціеўскі ў арт. «Восьмы дзень стварэння?» гаворыць пра небяспеку кланавання жывых істотаў.

«Сяляне Паўлава — сябру чалавецтва» — так называецца матэрыял гісторыка А. Шпунта, прысвечаны цікавай асобе кс. Ю. Бжастоўскага.

М. Скобла ў літаразнаўчым эсэ «Знакі неспакою» апавядае пра новую кнігу вершаў і паэмаў А. Вярцінскага «Жыцьмем». Тут жа змешчаны вершы паэта, а ўслед за імі — вершы журналісткі і паэткі І. Снарскай.

«Чатыры віды любові» — так называецца праца англійскага пісьменніка і тэолага К. С. Льюіса, працяг з якой друкуецца ў перакладзе Ю. Шэдзько (Раздзел ІІІ. «Прыязнасць»).

В. Буйвал прапануе ўвазе чытачоў пераклад з дацкай мовы апавядання А. Эленшлегера «Райхмут фон Адохт», у якім у захапляльнай форме гаворыцца пра цудоўнае вяртанне да жыцця Божага стварэння.

Рэстаўратар І. Сурмачэўскі ў краязнаўчым эсэ «Wiazyn, Вязынь, Вязань…» вядзе чытачоў па мілых яго сэрцу мясцінах.

Капліцы Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы ў Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе (Мінск) прысвечаны арт. архітэктара С. Адамовіч.

С. Радкевіч у арт. «Шляхамі паўстанцаў 1863 года» апавядае пра тое, як група беларускіх мастакоў ушанавала памяць ахвяраў паўстання з нагоды яго юбілею.

Дз. Загацкі ў арт. «Данута Лопат — лёс арыстакраткі» апавядае пра жыццё адной з ахвярных беларускіх каталічак.

В. Буйвал у рубрыцы «Галерэя» знаёміць чытачоў з чарговым шэдэўрам сусветнага мастацтва — працаю М. Шангаўэра «Пакланенне пастухоў. Нараджэнне Езуса».

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла