Вігілійны вечар на свята Нараджэння Пана

Вігілія Божага Нараджэння – урачыстае свята, якое завяршае адвэнтавы перыяд. Слова вігілія лацінскага паходжання і азначае чуванне. З даўніх часоў у Касцёле існуе звычай: дзень перад вялікаю ўрачыстасьцю вернікі захоўваюць строгі пост і праз усю ноч чакаюць гэтага свята, молячыся разам.


Выключна рэлігійны характар мае і вігілійная вячэра ў сем'ях. Глыбокае перажыванне гэтага вечара яднае нашыя сем'і і застаецца найлепшым успамінам на ўсё жыццё. Перажывем жа гэты вечар як найбольш духова, бо разам з Хрыстом у нас нараджаецца надзея, адраджаемся духова мы самі...

Вігілійны стол

У цэнтры памяшкання ўстанаўліваем (калі гэта магчыма) яселькі з Дзіцяткам Езус. На стале рассцілаем крыху сена – як напамін аб убостве бэтлеемскага гроту, дзе Марыя палажыла народжанага Хрыста на сена ў ясельках. Засцілаем стол белым абрусам. Можна ўпрыгожыць яго яловымі лапкамі са свечкамі. У цэнтры стала на талерку, пакрытую сурвэткай, кладзем аплатку і адкрытую кнігу Евангелля.

На стол падаюцца посныя стравы і безалкагольныя напоі. Калі засвеціцца першая зорка на небе – сімвал зоркі бэтлеемскай – сям'я збіраецца пры вігілійным стале. Па даўняй славянскай традыцыі адно месца за сталом застаецца вольнае – як памяць аб памерлых родзічах і аб падарожных, якія неспадзявана могуць пастукаць у дзверы...

Абрад вігілійнай вячэры

У розных рэгіёнах Беларусі існуе шмат варыянтаў святкавання Божага Нараджэння і вігіліі, заснаваных на фальклёрных традыцыях. Мы прапануем наступны абрад вігілійнай вячэры, – адзін з прыкладаў, як праўдзівы вернік павінен святкаваць вігілію.

  • Каля вігілійнага стала збіраецца ўся сям’я. Маці ці бацька чытае ўрывак з Евангелля паводле св. Лукі (2, 1-20), альбо даюць чытаць яго дзіцяці.

У тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэта быў першы перапіс падчас панавання Квірынія ў Сірыі. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад. Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай. А калі яны былі там, надышоў Ёй час нарадзіць. І нарадзіла Сына свайго першароднага. І спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе.

У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. І з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім анёл: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях». Раптам з анёлам з’явілася вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала:

«Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі».

Калі анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася і пра што абвясціў нам Пан». І пайшлі яны, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях. А калі ўбачылі, расказалі тое, што было абвешчана ім пра гэтае Дзіця. Усе, хто чуў, дзівіліся таму, што расказвалі ім пастухі. А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім.

І вярнуліся пастухі, праслаўляючы і хвалячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі, як было сказана ім.

  • Пасля прачытанага ўрыўка з Евангелля бацька заахвочвае прысутных да асабістай малітвы. Праз некаторы час ён можа звярнуцца да сваёй сям’i з наступнымі словамі:

Сёння мы адзначаем вігілію Нараджэння Пана. Сын Божы ў сваёй вялікай любові стаўся адным з людзей, увайшоў у чалавечую сям’ю, каб далучыць нас да Божай сям’і. Вялікая радасць напаўняе гэты вечар і гэтую святую ноч па ўсёй зямлі. Просім нашага Нябеснага Айца, каб спаслаў свой спакой на зямлю, каб усе людзі ўсвядомілі, што яны – адзіная вялікая сям’я, што ўсе мы пакліканы да сапраўднай любові. Про¬сім, каб нашыя ўзаемныя пажаданні добры Бог асвяціў сваёю ласкаю. Памолімся да Яго словамі, якім навучыў нас Езус Хрыстус:

Ойча наш...

Аддаем таксама ў апеку Найсвяцейшай Панне Марыі, Багародзіцы, нашу сям’ю, нашых знаёмых, суседзяў, гасцей, усіх хворых, галодных, сіротаў, самотных людзей і ўсіх, хто знаходзіцца ў смутку.

Вітай, Марыя...

Просім аб апецы апекуна Святой Сям’і:
Святы Юзэфе, апякуне Сына Божага,

Усе:
Маліся за нас.

  • Цяпер усе члены сям’і дзеляцца аплаткай, выказваючы пры гэтым пажаданні адно аднаму, спажываюць вігілійную вячэру, а пасля, спяваючы калядныя спевы, чакаюць «пастэркі» – урачыстай святой Імшы.

На вігілійную вячэру гатуюцца толькі посныя стравы. Сярод традыцыйных вігілійных страў першым падаецца так званы квас — грыбная поліўка; ставяцца на стол патравы з рыбы, можна прыгатаваць любыя посныя салаты. Абавязкова на стол падаюцца аладачкі, рашчыненыя на дражджах, падсмажаныя на алеі і палітыя цёртым падсалоджаным макам. Таксама падаюцца кісель, кампот, звараны з сушаных яблык, сліваў і груш, ламанцы з макам. Апошняю падаецца куцця — каша, звараная з ячных круп. У кашу можна дадаць мёд, арэхі, курагу, разынкі,мак.

 

Вігілійныя стравы

Квас з грыбамі

Сушаныя баравікі ці іншыя сушаныя грыбы памыць, заліць халоднай вадою і пакінуць на 1-2 гадзіны. Потым зварыць іх, дадаўшы соль, цыбулю і прыправы. Калі грыбы зварацца, частку іх дастаць з вады – з іх можна зрабіць салату, дадаўшы цыбулю і алей. Поліўку з грыбамі трэба падкалаціць мукою. Узяць 3-4 ст. лыжкі мукі, дадаць халоднай вады і добра размяшаць, дадаць крыху гарачай поліўкі, зноў размяшаць і ўліць, памешваючы, у каструлю.

Поліўка павінна кіпець 3-5 хвілін на малым агні.

 

Ламанцы з макам

Для цеста патрэбна 120 г мукі, 120 г цукру, 1 яйка. Замясіць крутое цеста, тонка раскатаць яго і нарэзаць на палоскі (2х7 см). Пячы ў духоўцы на блясе, змазанай алеем, да залацістага колеру.

Шклянку маку заліць кіпнем і паварыць яго 10-15 хвілін на слабым агні. Адцадзіць, некалькі разоў прапусціць праз мясарубку, дадаць 2/3 шклянкі падагрэтага мёду, дадаць крыху ванільнага цукру, крыху разынак, папярэдне замочаных у роме ці каньяку, 100г арэхаў. У мак можна дадаць чарку каньяку, а калі загусты, то можна развесці яго вяршкамі. Перад тым, як падаць на стол, перакласці месіва ў вазачкі і абкласці яго печывам.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла