Прыйдзем пакланіцца Яму

Урачыстасць Аб’яўлення Пана, год А

«Калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Ірада, прыбылі ў Ерузалем мудрацы з усходу, кажучы: “Дзе народжаны Кароль юдэйскі? Бо мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму”. Пачуўшы гэта, кароль Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерузалем з ім. Ён сабраў усіх першасвятароў і кніжнікаў народу і пытаўся ў іх, дзе мае нарадзіцца Хрыстус. Яны сказалі яму: “У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:

«І ты, Бэтлеем, зямля Юды,
нічым не меншы сярод гарадоў Юды,
бо з цябе выйдзе Правадыр,
які будзе пасвіць народ Мой, Ізраэля»”.

Тады Ірад, патаемна паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх пра час з’яўлення зоркі. Паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Ідзіце і дакладна разведайце пра Дзіця; калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму». Яны ж, выслухаўшы караля, пайшлі. А зорка, якую яны бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над месцам, дзе было Дзіця. Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся. Калі ўвайшлі ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго. Упаўшы, пакланіліся Яму і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міру. Атрымаўшы ў сне наказ не вяртацца да Ірада, адышлі ў сваю краіну іншай дарогай» (Мц 2, 1–12).

Прыйдзем пакланіцца Яму

Ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, якую традыцыйна называюць «Тры Каралі», у Евангеллі паводле святога Мацвея мы чытаем, што мудрацы ўзрадаваліся, калі ўбачылі Дзіця і Маці, і, упаўшы на твар, пакланіліся Дзіцяці і прынеслі Яму ў дар золата, кадзіла і міра.

З гэтай гісторыі можна вылучыць пяць важных, ключавых словаў. Гэта: радасць, пакора, малітва, учынкі і пакута.

Радасць мудрацоў ад сустрэчы з Богам — гэта прадчуванне вечнага жыцця, якое ніколі не скончыцці і будзе прабываннем тварам да твару з Богам. Плёнам гэтага будзе поўнае шчасце і поўная радасць збаўленых. Ужо тут на зямлі мы запрошаныя да ўдзелу ў гэтай радасці.

Пакора заключаецца ў пакланенні мудрацоў Дзіцяці. Гэта адарацыя Творцы стварэннем. Гэта прызнанне таго, што ўсё, чым валодае чалавек і чым з’яўляецца сам, ён атрымаў ад Творцы. Таксама ў жэсце пакланення выяўляецца пастава грэшніка, які перад Божаю святасцю з’яўляецца толькі прахам і пылам. Такая пакора патрэбная нам.

Прынесеныя дары, апроч таго, што з’яўляюцца канкрэтнымі прадметамі, маюць і сімвалічнае значэнне.

Малітву сімвалізуе кадзіла. Сапраўдная малітва перадусім значыць слухаць Бога, і яна перамяняе нас, чыніць чулымі да патрэбаў бліжняга і пабуджае выконваць добрыя учынкі.

Добрыя ўчынкі азначае золата, прынесенае мудрацамі да жолаба. Золата — каштоўны метал. Так і малітва, калі з’яўляецца жывым кантактам з Богам, надае нашым учынкам новую «залатую» якасць, а менавіта — чыстую інтэнцыю, якая ачышчае нашыя справы і чыны ад дрэнных памылковых матывацый, каб мы выконвалі іх бескарысліва, з любові, так, каб яны падабаліся Богу.

Урэшце, малітва вучыць нас прымаць пакуты. Іх азначае прынесенае мудрацамі міра. Вельмі часта з вялікімі цяжкасцямі ў нас атрымліваецца прымаць пакуты, якія пасылае Бог. Малітва пакутуючага чалавека становіцца падобнаю да «барацьбы з Богам», у якой, калі мы добрасумленныя «спаборнікі», то дазволім перамагчы Богу і прымем пакуты як удзел у Яго любові да грэшнікаў.

Падсумоўваючы гэтае разважанне, я хачу сказаць так: няхай урачыстасць Божага Аб’яўлення, Тры Каралі, дапаможа нам перажыць сустрэчу з Богам па прыкладзе мудрацоў. Каб мы, як мудрацы, поўныя радасці адкрывалі прысутнасць Езуса ў Яго слове, споведзі і Эўхарыстыі. Няхай маленькі Езус-Немаўлятка навучыць нас пакоры, якая з’яўляецца ўзвышэннем Бога, а не саміх сябе. А Дух Святы ў сваёй усемагутнасці няхай удасканаліць нашую малітву, каб праз яе ўплыў нашыя ўчынкі і пакуты прыносілі Богу хвалу, а нам і бліжнім — карысць.

Айцец Раман Шульц OP
 (06.01.2013)

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла