2 лютага - Ахвяраванне Пана

У кожнай парафіі ёсць людзі, якія нават у буднія дні ахвотна ідуць у касцёл, каб памаліцца там і ўдзельнічаць у святой Імшы. Гэтыя пабожныя жанчыны і мужчыны слушна лічаць, што малітва ў касцёле — найлепшы пачатак альбо заканчэнне дня. Падобны звычай быў таксама і ў Ерузалеме. Калі Марыя прынесла Езуса ў святыню, каб ахвяраваць Яго Пану Богу, там ужо быў старац Сімяон, які ўсё сваё доўгае жыццё чакаў прышэсця Збавіцеля.

За пабожнасць і цярплівасць Сімяон быў узнагароджаны. Яму было дадзена шчасце ўзяць на рукі маленькага Езуса. Тады ён і прамовіў прарочыя словы, што Пан Езус — як святло, якое асвеціць усе народы. Сказаў таксама, што не ўсе пры¬муць гэтае святло; будуць такія, што стануць пагарджаць ім. З тае прычыны шмат давядзецца выцерпець Марыі...

На памятку гэтага здарэння ў свята Ахвяравання Пана хрысціяне асвячаюць свечкі — грамніцы. Запаленая грамнічная свечка нагадвае нам Езуса, за якім мы ідзем як вандроўнікі, што ўначы, каб не заблудзіць, заўсёды ідуць туды, дзе ёсць святло.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла