Вялікая радасць і вялікія спадзяванні: па старонках новага нумара часопіса «Ave Maria»

Першы нумар часопіса «Ave Maria» ў гэтым годзе атрымаўся па-сапраўднаму святочным і знакавым у хроніцы жыцця Каталіцкага Касцёла на Беларусі, бо на яго старонках сабраны матэрыял пра тры надзвычай важныя падзеі ў рэлігійным жыцці нашай краіны — біскупскія пасвячэнні ксяндза Алега Буткевіча, ксяндза Юрыя Касабуцкага і ксяндза мансеньёра Юзафа Станеўскага. Сціслыя рэпартажы і інтэрв’ю, эсэ і фотаўклейкі дапамогуць чытачам акунуцца ва ўрачыстую атмасферу кожнай з гэтых падзеяў, якія насяляюць душу вялікімі спадзяваннямі, бо «біскуп — знак прысутнасці Хрыста ў свеце», як сказаў благаслаўлёны Ян Павел ІІ.

Дарэчы, будучая кананізацыя Яна Паўла ІІ і Яна ХХІІІ — гэта яшчэ адна добрая вестка ў жыцці Касцёла, таму чытачам часопіса, несумненна, будзе цікава пазнаёміцца з артыкуламі, прысвечанымі гэтым дзвюм вялікім асобам, у прыватнасці, з «Дэкалогам Яна ХХІІІ» і ўспамінамі кардынала Станіслава Дзівіша пра спосаб малітвы Яна Паўла ІІ.

«У чым розніца паміж каталіцкай і пратэстанцкай Бібліяй і як яна тлумачыцца?» — так называецца чарговы артыкул у рубрыцы кс. Андрэя Рылкі «Святар адказвае на пытанне», бо не кожнае выданне Бібліі Касцёл рэкамендуе вернікам для карыстання. З артыкула чытачы даведаюцца пра тое, як разабрацца ў разнастайнасці канонаў біблійных кніг і выбраць афіцыйна зацверджанае каталіцкае выданне Святога Пісання.

Тым, хто рэгулярна чытае часопіс, верагодна, ужо даўно палюбілася рубрыка «Святыя памочнікі», у якой друкуюцца раздзелы з кнігі Анзэльма Груна «Пяцьдзясят памочнікаў у нягодах». На гэты раз у часопісе прадстаўлены глыбокі і філасофскі погляд аўтара на жыццё аднаго з найбольш любімых намі заступнікаў — святога Валянціна, успамін якога мы вельмі любім адзначаць, але найдзвычай мала ведаем пра яго лёс.

Запрашаем таксама да чытання іншых матэрыялаў у часопісе, і чакаем новых лістоў ад зацікаўленых чытачоў.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла