Дзеля чаго тлуміць галаву Езусу дробязямі?

Шостая звычайная нядзеля, год А

«Калі захочаш, захаваеш запаведзі і застанешся верным Яго ўпадабанню. Ён паставіў перад табою агонь і ваду, а ты працягні руку сваю да таго, чаго захочаш. Перад чалавекам жыццё і смерць, і што спадабаецца, будзе дадзена яму. Бо вялікая мудрасць Пана, магутная Яго ўлада і Ён усё бачыць. Ягоныя вочы над тымі, хто Яго баіцца. Ён ведае кожны чалавечы ўчынак. Ён нікому не загадваў быць бязбожным і нікому не даваў дазволу грашыць» (Сір 15, 15–20).

Дзеля чаго тлуміць галаву Езусу дробязямі?

Тыдзень таму разам з групаю моладзі мы вярталіся з сустрэчы Школы хрысціянскага жыцця і евангелізацыі. Сядаем у бус (мы называем яго «кіт») і што? Аказваецца, што машына не заводзіцца. Я спрабую яшчэ раз — атрымалася, але ўсе кантрольныя панэлі сталі паказваць, што нешта страшнае адбываецца з рухавіком. І сапраўды, рухавік роў неміласэрна. Мы заехалі на станцыю аўтазапраўкі, спынілі машыну і перад тым, як завесці, я памаліўся: «Езу, хачу каб гэтыя лямпачкі згаслі, і мы нармальна даехалі». Я завёў «кіта», і лямпачкі не свяціліся, хоць рухавік і далей моцна роў. Вярнуўшыся ў кляштар, мы сталі распавядаць, што адбылося, што рухавік раве, што мы маліліся, каб даехаць, і адна з дзяўчатаў, што ехала ў нашай кампаніі, слушна заўважыла: «Ойча, Вы маліліся толькі каб лямпачкі згаслі, а не каб Езус паправіў машыну, таму рухавік і далей раве». Уначы ў сне я пачаў вельмі моцна прасіць Езуса, каб машына стала працаваць нармальна. Устаўшы раніцаю, я сеў за стырно, каб ехаць у рамонтную майстэрню, і завёў рухавік. Усё аказалася ў парадку, кантрольныя лямпачкі не гарэлі, рухавік працаваў ідэальна. У майстэрні мне распавялі, што магло быць не так, аднак цяпер усё было ў парадку, і нічога не трэба было рамантаваць.

Пан кажа нам сёння: «Перад чалавекам жыццё і смерць, і што спадабаецца, будзе дадзена яму». Падумай, што ты робіш, калі надыходзяць штодзённыя цяжкасці. Наракаеш? Звяртаешся да Езуса? Кажаш Яму, чаго хочаш? А можа, ты не жадаеш тлуміць Езусу галаву дробязямі. Адкуль жа ты ведаеш, чым Ён хоча заняцца ў тваім жыцці? Можа, сёння Ён хоча паправіць для цябе машыну, каб павялічыць тваю веру. Дзеля таго, каб заўтра аздаравіць цябе і тваю сям’ю, калі ты будзеш прасіць з большаю вераю. Маеш выбар — выбірай Езуса.

Айцец Тамаш Міка OP
(16.02.2014)

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла