Падстаў шчаку...

Сёмая звычайная нядзеля, год А (23.02.2014)

«Вы чулі, што сказана: “Вока за вока і зуб за зуб”. А Я вам кажу: не адплачвайце злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. І калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч. І калі хто цябе змусіць ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве. Таму, хто просіць у цябе, давай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе. Вы чулі, што сказана: “Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго”. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых. Калі ж вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі? Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны» (Мц 5, 38–48).

Падстаў шчаку...

Славутая падстаўленая пад удар шчака здаўна з’яўляецца прычынай абурэння многіх людзей, нават вернікаў, якія бачаць у гэтым і ў наступных прыкладах заахвочванне да спрыяння злу і несправядлівасці, а тых, хто прымае такую паставу, лічаць інфантыльнымі, бесхарактарнымі, не прыстасаванымі да жыцця. Абурэнне бывае настолькі моцным, што не звяртаецца ўвага на далейшы тэкст гэтага фрагмента Евангелля, які пралівае святло на правільнае разуменне вучэння Хрыста аб любові да непрыяцеляў. Пан Езус заахвочвае вучыцца быць па-сапраўднаму добрым да ўсіх па прыкладзе Айца Нябеснага, які спасылае і дождж, і сонечнае цяпло як на добрых, так і на злых. Бог — Найвышэйшае Дабро — вучыць перамагаць зло дабром, а не помстай. Чалавек, які крыўдзіць іншых, у першую чаргу шкодзіць самому сабе, бо аддаляецца ад крыніцы дабра і аддае сябе ў няволю злому. Што можа быць горшай карай? Таму, помсцячы, мы толькі прыпадабняемся да свайго ворага, становімся на адзін узровень з ім. Ды й ці можам мы аб’ектыўна і справядліва ацаніць матывы і ступень крыўды, нам учыненай? Пакінем гэта Богу: не адказваючы злом на зло, перамагаючы яго добрымі ўчынкамі і малітвай, мы дапамагаем крыўдзіцелю вызваліцца з-пад уплыву злога духа і перастаць быць яго прыладай, а значыць, захоўваем сябе і іншых людзей ад зла, якое гэты чалавек мог бы ўчыніць у будучыні, і нейтралізуем вынікі ўжо здзейсненага Божай моцай, перад якой не ўстаіць і д’ябал. Думаецца, такая перспектыва будзе зразумелаю нават для эгаіста. «Пан Бог дапамагае Мне, таму Я не буду асаромлены, таму зрабіў Я твар свой, як цвёрды камень...» (Іс 50, 7).

Ніякае зло нам не пашкодзіць, толькі разаб’ецца, як аб камень, аб Божую дабрыню і любоў, калі мы будзем імі перапоўненыя. Месія, ад імя якога прамаўляе прарок Ісая, прыкладам сваёй цярплівасці і даверу да Айца Нябеснага вучыць нас быць Яго дзецьмі, сваімі братамі і сёстрамі, спадкаемцамі Божага Валадарства, паказвае адзіны правільны шлях, дапамагае нам яго прайсці і, узняўшыся над чыста зямным успрыманнем рэчаіснасці, зірнуць на яе з Боскай перспектывы.

Айцец Міхал Ермашкевіч OP

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла