Выйшла ў свет чацвёртае выданне малітоўніка «Ойча наш»

Чацвёртае выданне малітоўніка ўяўляе сабой зборнік усіх асноўных малітваў на беларускай мове, літаній, набажэнстваў і спеваў, а таксама ўключае кароткі катэхізіс і парадак святой Імшы.

Як прыемна трымаць у руках новае, толькі што прывезенае з друкарні, выданне асноўнай кнігі малітваў і набажэнстваў для кожнага католіка Беларусі — малітоўніка «Ойча наш». Гнуткая, пластычная вокладка... Танюсенькія і раўнюткія старонкі, якія яшчэ пахнуць друкарскай фарбай... Знаёмыя амаль на памяць тэксты нібы набываюць нейкі новы сэнс, калі перагортваеш гэтыя амаль скрыпучыя ад навізны лісткі чацвёрнага выдання малітоўніка.

Амаль з маланкавай хуткасцю разышліся тры папярэднія выданні, і радуе тое, што гэты, чацвёрты наклад, таксама не застанецца доўга на паліцах кнігарні. І галоўным чынам не таму, што ў гэтым выданні тэксты малітваў і набажэнстваў выпраўлены ў адпаведнасці з новапрынятымі літургічнымі нормамі ці новым правапісам, а таму, што нас, вернікаў, становіцца ўсё больш і больш.

Калі прачытваеш, напрыклад, якую-небудзь мастацкую ці навукова-папулярную кнігу, то пасля надоўга адкладваеш яе на паліцу — у лепшым выпадку да таго моманту, калі захочацца яе перачытаць. Малітоўнік жа — неад’емны спадарожнік у жыцці кожнага верніка. На святой Імшы, у чарзе да канфесіянала, дома ўвечары на малітве гэтая кніга заўсёды просіцца нам у рукі... Усё гэта — дзякуючы простаму зместу, у які ўваходзяць тэксты асноўных малітваў, кароткі катэхізіс, парадак святой Імшы і малітвы, звязаныя з цэлебрацыяй сакрамэнтаў, Крыжовы шлях, Ружанец, песні на ўсе перыяды літургічнага года, літаніі і розныя іншыя набажэнствы.

Спадзяемся, што кожны карыстальнік гэтай кнігі дзякуючы глыбокаму кантакту з Богам у малітве спазнае Яго шчодрыя ласкі, вялікую любоў і бязмежную міласэрнасць.

Ганна Шаўчэнка

P.S. Для набыцця малітоўніка звяртайцеся ў кнігарню «Духоўная кніга»
(г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 25),
а таксама ў касцёльныя кіёскі вашых парафій.

, листы а4 цена

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла