Рыба, смажаная ў кунжуце

Рэцэпты на Вялікі пост

Рыбу смажыць умеюць усе. Мы прапануем удасканаліць рэцэпт, дадаўшы кунжутнае семя. У гэтым выпадку рыба, смажаная ў кунжуце, будзе яшчэ і вельмі карыснаю.

Рыбу смажыць умеюць усе. Мы прапануем удасканаліць рэцэпт, дадаўшы кунжутнае семя. У гэтым выпадку рыба, смажаная ў кунжуце, будзе яшчэ і вельмі карыснаю, бо кунжут утрымлівае вялікую колькасць алею, які складаецца з  кіслотаў арганічнага паходжання, насычаных і поліненасычаных тлустых кіслотаў, трыгліцэрыдаў і гліцэрынавых эфіраў. Кунжут таксама ўтрымлівае рэчыва, якое называюць сезамін, а гэта магутны антыаксідант. Ён неабходны для прафілактыкі шматлікіх захворванняў (у тым ліку ракавых) і зніжае ўзровень халестэрыну ў крыві, чым прыносіць карысць арганізму чалавека. У склад семя кунжута ўваходзяць вугляводы, амінакіслоты, бялкі і вітаміны А, В, Е, С. Яны таксама багатыя на кальцый, фосфар, жалеза, калій, магній і іншыя мінеральныя спалучэнні.

  • 500 г філе рыбы (цілапія, пангасіус, гарбуша або інш.)
  • 1 яйко
  • 30-40 г кунжутнага семя (сезам)
  • соль
  • перац
  • алей

Рыбу нарэзаць невялікімі кавалкамі. Яйко ўзбіць, пасаліць, паперчыць. Рыбу абмакнуць у яйко. Пасля абваляць у кунжуце. Смажыць на алеі да залацістага колеру (каля 5-7 хвілінаў). Перавярнуць, пасмажыць з другога боку (смажыць яшчэ каля 5-7 хвілінаў). Пры падачы пасыпаць зелянінаю.

Смачна есці!

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла