Запрасіце святасць у штодзённае жыццё

 

«Калі вы жывеце ў свеце, гэта не значыць, што Бог пра вас забыўся…»

Вясной у выдавецтве «Pro Christo» выходзіць новая кніга: першы пераклад на беларускую мову гамілій заснавальніка супольнасці Opus Dei святога Хосэмарыя Эскрывы «Хрыстус праходзіць побач». Гэта казанні, прамоўленыя айцом Хосэмарыя ў розныя гады з нагоды галоўных урачыстацяў літургічнага года. Пры жыцці святога, які быў амаль нашым сучаснікам, гэтыя гаміліі слухала мноства людзей, і яшчэ больш мела магчымасць прачытаць іх у перакладзе на розныя мовы з часоў першага выдання кнігі ў 1973 годзе. Цяпер гэткая магчымасць з’явілася і ў беларускага чытача. 

Трэба прызнаць — мы жывём у свеце, далёкім ад клопату пра ўласную дасканаласць. Аднак без гэтага клопату траціць сэнс жыццё чалавека. На гэтым заданні завязаная ўся чалавечая гісторыя, у цэнтры якой стаіць Хрыстус — дасканалы Бог і дасканалы чалавек. «“Бо ў Ім цялесна жыве ўся паўната боскасці” (Клс 2, 9). Хрыстус — гэта Бог, які стаўся чалавекам, чалавекам дасканалым, чалавекам беззаганым. І менавіта ў чалавечым Ён дае нам пазнаць боскае». У кожнай сваёй гаміліі святы Хосэмарыя Эскрыва імкненнца пераканаць чытача, што падобны шлях дасканаласці не проста магчымы, але адзіны і цалкам неабходны. «Мы павінны — кожны з нас — стаць alter Christus, ipse Christus, другім Хрыстом, самім Хрыстом» (183). 

Што ён мае на ўвазе? Каштоўнасць вучэння святога Хосэмарыя ў тым, што ён не заклікае нас пераварочваць з ног на галаву сваё жыццё і шукаць вялікіх подзвігаў на ніве святасці, а наадварот — прапануе запрасіць святасць у сваё штодзённае жыццё: «Я адчуваю патрэбу крычаць пра гэтую Божую праўду: калі вы жывяце ў свеце, гэта не значыць, што Бог пра вас забыўся, гэта не значыць, што Бог вас не кліча. Ён паклікаў вас жыць сярод зямных справаў і клопатаў, бо пажадаў, каб вы ведалі: вашае чалавечае пакліканне, вашая прафесія, вашыя здольнасці не толькі не разыходзяцца з Ягоным Божым планам, але асвечаныя Ім як ахвяра, прыемная Айцу» (20).

У сваіх гаміліях святы Хосэмарыя Эскрыва склаў дасканалы рэцэпт хрысціянскага жыцця для сучаснага заўжды занятага чалавека, які жыве ў шалёным тэмпе цяперашняга свету: «Трэба, каб у душы не засталося ніводнага кутка, куды не магло б трапіць святло Езуса Хрыста. Мы павінны адкінуць усе клопаты, што аддаляюць нас ад Яго. І тады ў тваім розуме будзе Хрыстус, на тваіх вуснах будзе Хрыстус, у тваім сэрцы будзе Хрыстус, у тваіх справах будзе Хрыстус. Усё жыццё — сэрца і ўчынкі, розум і словы — будзе напоўнена Богам» (11). 

На працягу ўсёй кнігі ён ізноў ды ізноў даводзіць чытачу, што кожны на сваім месцы — у сям’і, на працы, у хатніх справах і клопатах — можа жыць з Богам, і Хрыстус будзе ісці побач з ім, асвячаючы кожную хвіліну жыцця. Як сказаў святы Хосэмарыя ў іншай сваёй кнізе: «Запэўніваю вас, дзеці мае, калі хрысціянін з любоўю выконвае самую нязначную са штодзённых справаў, то яна напаўняецца Божаю трансцэндэнтнасцю. Таму я паўтараю вам, паўтараю нястомна, што хрысціянскае пакліканне заключаецца ў тым, каб перамяняць у высокую паэзію прозу кожнага дня» (Amar a la Iglesia, н. 54).   

Юлія Шэдзько

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла