ЯК СВЯТКАВАЦЬ ВЯЛIКДЗЕНЬ

З Велікоднаю нядзеляю, якая з’яўляецца найбольшаю ўрачыстасцю літургічнага года, і са святкаваннем Велікоднага перыяду звязаны разнастайныя праявы народнай пабожнасці. Усе яны з’яўляюцца выразам праслаўлення новага стану і хвалы Уваскрослага Хрыста, а таксама Яго Боскай моцы, што сыходзіць з перамогі над злом, смерцю і грахом.Ужо ў старажытнасці адзначэнне Вялікадня доўжылася пяцьдзесят дзён. Гэтыя дні належыць святкаваць з радасцю і весялосцю як адзін святочны дзень.

Велікодная нядзеля распачынае пяцідзесяцідзённы перыяд, які першапачаткова называўся Пяцідзесятніцаю. Аднак пазней слова «Пяцідзесятніца» пачало азначаць толькі сам пяцідзесяты дзень, а перыяд сталі называць проста пасхальным.

Адзначэнне Пасхальнай вігіліі і звязаныя з ёю традыцыі

Пасхальная вігілія, якая адбываецца ў ноч Уваскрасення, лічыцца найважнейшай вігіліяй на працягу ўсяго касцёльнага года. Святы Аўгустын называе яе «маці ўсіх вігілій». У гэтую ноч Касцёл у малітоўным чуванні чакае ўваскрасення Хрыста.

З самага пачатку Вялікая субота была насычаная ўрачыстым чаканнем, чуваннямі і працягвалася да нядзельнага світання, да Рэзурэкцыі. З цягам часу яе абрад быў узбагачаны элементамі, што паходзілі з рымскай традыцыі, а менавіта благаслаўленнем агню і васковай свечкі — пасхалу. Гэтыя абрады распачыналі вігілію. З ІІ ст. для Пасхальнай ночы становіцца ўласцівай цэлебрацыя хросту як адна са складаных частак вігіліі.

Пасхальная вігілія з’яўляецца найважнейшай і найбагацейшай формай літургічнай цэлебрацыі на працягу касцёльнага года: гэта цэлебрацыя, у якой Касцёл прымае новых кандыдатаў у сакрамэнце хросту. У гэтую Вялікую ноч Касцёл цэлебруе святыя сакрамэнты з усім багаццем знакаў, а таксама абвяшчае найважнейшыя падзеі гісторыі збаўлення. Пасха з’яўляецца найстаражытнейшым хрысціянскім святам і скіроўвае нашыя думкі да Хрыста, які ўваскрос, перамог смерць, грэх і сатану.

Асвячоная ў гэты дзень вада з’яўляецца знакам збаўчай рэчаіснасці перадусім у сакрамэнце святога хросту. Хрост і аднаўленне хросных абяцанняў займаюць пачэснае месца ў літургіі Пасхальнай ночы, бо гэты сакрамэнт уключае нас у збаўчую таямніцу Хрыста. Асвячоная ў гэты дзень вада ўжываецца для ўдзялення сакрамэнту хросту, а таксама для акраплення вернікаў. Яе таксама прыносяць дадому, каб акрапіць памяшканне і гаспадарчыя пабудовы.

Рэзурэкцыя і святкаваннне Вялікадня

Найбольшай хрысціянскай урачыстасцю з’яўляецца Вялікдзень. Яго называюць «святам святаў». У гэты дзень Хрыстус сваёю крывёю адкупіў увесь свет. Для вернікаў Пасха становіцца пераходам да іншага, лепшага жыцця. Яна запэўнівае ў надзеі на ўваскрашэнне да новага і вечнага жыцця ў супакоі, справядлівасці і хвале. У гэты дзень Касцёл адзначае ўспамін уваскрасення Езуса Хрыста. Назва ўрачыстасці паходзіць ад дня, у які Хрыстус уваскрос і які для нас з гэтай прычыны стаў вельмі важным і сапраўды вялікім.

Літургічная цэлебрацыя нядзелі Змёртвыхпаўстання распачынаецца на світанні. З самай раніцы ва ўсіх касцёлах адбываецца ўрачыстая працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол святыні, а затым цэлебруецца ўрачыстая святая Імша, якая называецца Рэзурэкцыйнай (ад лацінскага слова resurrectio — уваскрасенне).

Рэзурэкцыйная працэсія, якая распачынае нядзелю Змёртвыхпаўстання, пачынаецца з узнёслага і радаснага набажэнства, якое праслаўляе выхад Уваскрослага Хрыста з магілы. Пачатак набажэнства адбываецца каля сімвалічнага гробу. Святар разам з прыслугоўваючымі ідзе да гробу, дзе пэўны час знаходзіцца на адарацыі, а між тым у касцёле фармуецца працэсія. Пасля непрацяглай адарацыі святар вітае вернікаў і коратка ўводзіць іх у абрад, які павінен адбыцца. Пасля кароткай малітвы святар акаджвае Найсвяцейшы Сакрамэнт і распачынаецца працэсія. Урачыстая святая Імша цэлебруецца пасля працэсіі. Часам працэсія адбываецца ўначы, адразу пасля Пасхальнай вігіліі.

На Вялікдзень асаблівым чынам назіралі за сонцам, бо лічылася, што ў ім можна ўбачыць уваскрослага Хрыста. Людзі казалі таксама, што сонца ў гэты дзень «скача з радасці».

Пасля вяртання са святыні з асвячонымі велікоднымі стравамі накрываецца святочны стол і распачынаецца ўрачыстае велікоднае сняданне. Напачатку гаспадар, прывітаўшы ўсіх радаснымі словамі «Хрыстус уваскрос!», дзеліцца з кожным асвячоным фарбаваным яйкам — пісанкаю.

Стол, за якім збіраецца ўся сям’я, шчодра накрыты разнастайнымі стравамі. У цэнтр стала ставяцца стравы, асвячоныя ў Вялікую суботу або пасля Рэзурэкцыі. Перад пачаткам снядання чытаецца ўрывак са Святога Пісання, потым усе разам чытаюць малітвы «Ойча наш» і «Хвала Айцу», пасля чаго ядуць асвячонае яйка.

У вёсках пасля велікоднага снядання ўсе выходзілі на вуліцу, беручы з сабою пісанкі. Людзі віталі адзін аднаго, дзелячыся радасцю і святочным настроем, а дзеці ладзілі разнастайныя забавы з пісанкамі, якімі «мацаліся» і «качалі».

Першы дзень святаў звычайна праходзіць у коле сям’і. Часта гэты дзень становіцца днём прабачэння і згоды для людзей, у жыцці якіх раней узніклі непаразуменні ці ўзаемныя крыўды. У другі дзень святаў прынята наведваць сваякоў і знаёмых.

Цікавым і радасным велікодным звычаем было наведанне моладдзю розных двароў, падчас чаго спяваліся віншавальныя валачобныя спевы. Гаспадары, да якіх прыходзілі валачобнікі, шчодра дзяліліся з імі рознымі прысмакамі.

Кс. Юрый Санько

Ave Maria №4(144) 2007

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла