Калі Хрыстус не ўваскрос, то марная наша вера

Катэхеза Святога Айца Бэнэдыкта XVI ад 5 лістапада 2008 г. 

Дарагія браты і сёстры!

«Калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера ваша марная <...> і вы далей у грахах вашых» (1 Кар 15, 14. 17). У гэтых моцных словах з Першага Паслання да Карынцянаў св. Павел дае зразумець, якое вырашальнае значэнне мае для яго ўваскрасенне Езуса. Менавіта ў гэтай падзеі заключана вырашэнне праблемы, якая нарадзілася з драмы Крыжа. Адзін толькі Крыж не мог бы растлумачыць хрысціянскай веры, больш за тое, ён застаўся б трагедыяй, праяваю абсурднасці быцця. Пасхальная таямніца заключаецца ў тым, што Той Укрыжаваны «ўваскрос на трэці дзень паводле Пісання» (1 Кар 15, 4) — як пра гэта сведчыць раннехрысціянская традыцыя. Тут знаходзіцца краевугольны камень Паўлавай хрысталогіі: усё круціцца вакол гэтага цэнтра гравітацыі. Усё вучэнне апостала Паўла зыходзіць з таямніцы Таго, Каго Айцец уваскрасіў з памерлых, і заўсёды вяртаецца да яе. Уваскрасенне — гэта асноўны факт, як бы папярэдняя аксіёма (пар 1 Кар 15, 12), на фундаменце якой Павел можа сфармуляваць сваё сінтэтычнае абвяшчэнне (kerygma*): Той, які быў укрыжаваны і які праз гэта паказаў бясконцую любоў Бога да чалавека, уваскрос і жыве сярод нас.

Важна зразумець сувязь паміж Паўлавым прапаведаваннем уваскрасення і тым, якім карысталіся ў першых хрысціянскіх супольнасцях да Паўла. Тут на самай справе можна ўбачыць важнасць традыцыі, якая папярэднічала Апосталу і якую ён з вялікаю павагаю і клопатам хоча перадаць далей. Тэкст пра ўваскрасенне, што знаходзіцца ў раздзеле 15, 1–11 Першага Паслання да Карынцянаў, выразна падкрэслівае сувязь паміж «прыняццем» і «перадачаю». Св. Павел надае вялікае значэнне літаральнаму фармуляванню традыцыі; і ў канцы гэтага фрагмента падкрэслівае: «Таму ці я, ці яны, мы так прапаведуем» (1 Кар 15, 11), звяртаючы, такім чынам, увагу на еднасць керыгмы (kerygma), абвяшчэння для ўсіх веруючых і ўсіх тых, якія самі будуць прапаведаваць уваскрасенне Хрыста з мёртвых. Традыцыя, да якой звяртаецца Павел, з’яўляецца крыніцаю, адкуль трэба чэрпаць. Арыгінальнасць ягонай хрысталогіі ніколі не перашкаджала заставацца верным традыцыі. У сваёй уласнай апрацоўцы Павел заўсёды кіруецца керыгмаю Апосталаў; кожны яго аргумент выцякае з супольнай традыцыі, у якой увасоблена вера, што падзяляецца ўсімі Касцёламі, якія ўтвараюць адзіны Касцёл. І такім чынам Павел паказвае для ўсіх часоў узор таго, як трэба падыходзіць да тэалогіі, а таксама, як трэба прапаведаваць. Тэолаг, прапаведнік не стварае новага бачання свету і жыцця, а стаіць на службе перадачы праўды, на службе рэальнага факта Хрыста, Крыжа, уваскрасення. Яго заданне — дапамагчы нам сёння зразумець за старажытнымі словамі рэчаіснасць «Бога з намі», а значыць, рэчаіснасць праўдзівага жыцця.

Тут трэба ўдакладніць, што св. Павел, абвяшчаючы ўваскрасенне, не клапоціцца пра тое, каб зрабіць арганічны дактрынальны выклад, — ён не мае намеру пісаць нешта накшталт падручніка па тэалогіі, а падымае тэму, адказваючы на канкрэтныя пытанні, якія задавалі яму верныя; такім чынам, гэта мова, якая ўзнікла ў пэўных акалічнасцях, тым не менш, яна напоўненая вераю і спазнанаю на вопыце тэалогіяй. Павел сканцэнтраваны на сутнасці: мы «апраўданыя», гэта значыць учыненыя справядлівымі і збаўленымі праз Хрыста, які дзеля нас памёр і ўваскрос. Тут перадусім выступае факт уваскрасення, без якога хрысціянскае жыццё было б проста абсурдным. У тую пасхальную раніцу здарылася нешта незвычайнае, новае і адначасова вельмі канкрэтнае, што было адзначана вельмі дакладнымі знакамі і пацверджана шматлікімі сведкамі. Для Паўла, як і для іншых аўтараў Новага Запавету, уваскрасенне звязана са сведчаннем тых, хто непасрэдна меў вопыт [сустрэчы] з Уваскрослым. Гаворка ідзе пра тое, каб бачыць і адчуваць не толькі вачыма ці пачуццямі, але таксама праз унутранае святло, якое садзейнічае пазнанню таго, пра што знешнія пачуцці сведчаць як пра аб’ектыўны факт. Таму Павел — таксама, як і чатыры Евангеллі, — галоўнае значэнне надае тэме аб’яўленняў, што з’яўляюцца галоўнаю ўмоваю веры ва Уваскрослага, які пакінуў магілу пустою. Абодва гэтыя факты важныя: магіла пустая і Езус сапраўды з’явіўся. Так ствараецца той ланцуг традыцыі, які праз сведчанне Апосталаў і першых вучняў дасягне наступных пакаленняў, ажно да нас. Першым вынікам і, адпаведна, першым спосабам выражэння гэтага сведчання з’яўляецца абвяшчэнне ўваскрасення Хрыста як сінтэзу евангельскага паслання і кульмінацыйнага пункту шляху збаўлення. Усё гэта Павел робіць з розных нагодаў: можна зазірнуць у Пасланні альбо ў Дзеі Апосталаў, дзе заўсёды відаць, што прынцыповы пункт для яго — быць сведкаю ўваскрасення. Хацелася б прывесці толькі адзін тэкст: Павел, арыштаваны ў Ерузалеме, стаў перад Сінэдрыёнам як абвінавачаны. У гэтай сітуацыі, калі для яго гаворка ідзе пра смерць альбо жыццё, ён тлумачыць, які сэнс і змест мае ўся ягоная пропаведзь: «Я стаю перад судом за тое, што спадзяюся на ўваскрашэнне мёртвых» (пар. Дз 23, 6). Той самы рэфрэн Павел пастаянна паўтарае ў сваіх Пасланнях (пар. 1 Тэс 1, 9 і наст.; 4, 13–18; 5, 10), у якіх спасылаецца таксама на свой асабісты вопыт, на сваю асабістую сустрэчу з уваскрослым Хрыстом (пар. Гал 1, 15–16; 1 Кар 9, 1).

Можам, аднак, спытацца: які для Паўла найглыбейшы сэнс падзеі ўваскрасення Хрыста? Што гаворыць ён нам праз 2000 гадоў? Ці актуальнае таксама і для нас сцвярджэнне «Хрыстус уваскрос»? Чаму ўваскрасенне і для яго, і для нас сёння мае такое вырашальнае значэнне? Павел урачыста адказвае на гэтае пытанне на пачатку Паслання да Рымлянаў, дзе згадваецца «Евангелле Божае» «пра Сына Ягонага, які целам паходзіў з роду Давіда і які адкрыўся як Сын Божы ў моцы, паводле Духа святасці, праз уваскрасенне з мёртвых» (Рым 1, 3–4). Павел добра ведае і гаворыць шмат разоў, што Езус быў Сынам Божым заўсёды, ад моманту свайго ўцелаўлення. Навізна ўваскрасення заключаецца ў тым факце, што Езус, узвышаны з прыніжэння свайго зямнога існавання, устанаўліваецца як Сын Божы «ў моцы». Езус, прыніжаны ажно да смерці крыжовай, можа цяпер сказаць Адзінаццаці: «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі» (Мц 28, 18). Сталася тое, пра што гаворыцца ў Псальме 2, 8: «Прасі ў Мяне, і дам народы ў спадчыну Табе, і межы зямлі ва ўладанне Тваё». Таму з уваскрасеннем пачынаецца абвяшчэнне Евангелля Хрыста ўсім народам — пачынаецца Валадарства Хрыста, гэтае новае Валадарства, якому невядома ніякая іншая ўлада, як толькі ўлада праўды і любові. Такім чынам, уваскрасенне канчаткова аб’яўляе сапраўдную ідэнтычнасць і надзвычайнасць постаці Укрыжаванага. Непараўнальная і найвышэйшая годнасць: Езус — Бог! Для св. Паўла таямніца ідэнтычнасці Езуса яшчэ больш, чым ва ўцелаўленні, аб’яўляецца ў таямніцы ўваскрасення. У той час як тытул Хрыста (г. зн. «Месія», «Памазаннік») у св. Паўла становіцца ўласным іменем Езуса, а слова «Пан» указвае на Яго асабістыя адносіны да веруючых, тытул «Сын Божы» адлюстроўвае цяпер унутраную сувязь Езуса з Богам, сувязь, якая ва ўсёй паўнаце аб’яўляецца ў пасхальнай падзеі. Таму можна сказаць, што Езус уваскрос, каб быць Панам памерлых і жывых (пар. Рым 14, 9 і 2 Кар 5, 15) альбо, іншымі словамі, нашым Збавіцелем (пар. Рым 4, 25).

Усё гэта мае важныя наступствы для нашага жыцця як веруючых: мы пакліканыя да ўдзелу — у самай глыбіні нашай істоты — ва ўсёй падзеі смерці і ўваскрасення Хрыста. Апостал гаворыць: «Мы памерлі з Хрыстом» і «верым, што і жыць будзем з Ім, ведаючы, што Хрыстус, уваскросшы з мёртвых, ужо не памірае: смерць ужо не мае над Ім улады» (Рым 6, 8–9). Гэта ажыццяўляецца ў саўдзеле ў цярпеннях Хрыста, што папярэднічае таму поўнаму прыпадабненню да Яго праз уваскрашэнне, на якое мы спадзяёмся. Так адбылося таксама са св. Паўлам, асабісты вопыт якога апісаны ў Пасланнях ў тоне пакутлівым і адначасова рэалістычным: «Каб пазнаць Яго і моц Ягонага ўваскрасення, і саўдзельнічаць у цярпеннях Ягоных, прыпадабняючыся да Ягонай смерці, каб нейкім чынам дасягнуць уваскрашэння з мёртвых» (Флп 3, 10–11; пар. 2 Цім 2, 8–12). Тэалогія крыжа — не тэорыя, гэта рэчаіснасць хрысціянскага жыцця. Жыццё ў веры ў Езуса Хрыста, жыццё ў праўдзе і любові мае на ўвазе штодзённыя ахвяры, заключае ў сабе цярпенне. Хрысціянства — не выгодны шлях, гэта, хутчэй, напружанае ўзыходжанне на стромую скалу, якое, аднак, асвечана святлом Хрыста і вялікай надзеяй, што зыходзіць ад Яго. Св. Аўгустын гаворыць, што хрысціяне не пазбаўлены цярпення, больш за тое, яно закранае іх крыху мацней, таму што жыццё вераю — гэта праяўленне мужнасці больш глыбока падыходзіць да праблемаў жыцця і гісторыі. Аднак толькі так, зведваючы цярпенні, мы пазнаём жыццё ва ўсёй яго глыбіні, у яго прыгажосці, у вялікай надзеі, якая паходзіць ад укрыжаванага і ўваскрослага Хрыста. Такім чынам, веруючы знаходзіцца паміж двума полюсамі: з аднаго боку — уваскрашэнне, якое пэўным чынам ужо прысутнічае і дзейнічае ў нас (пар. Клс 3, 1–4; Эф 2, 6); з другога боку — неадкладная патрэба ўключыцца ў той працэс, які вядзе ўсіх і ўсё да поўні, апісанай у Пасланні да Рымлянаў з дапамогаю смелага вобраза: як усё стварэнне стогне і пакутуе, нібы ў болях нараджэння, так і мы стогнем, чакаючы выкуплення нашага цела і ўваскрашэння (пар. Рым 8, 18–23).

Бильярдный стол, купить кий для бильярда , купить кии для русского бильярда. Профессиональное лечение поясницы в Киеве на Позняках

Абагульняючы, разам са св. Паўлам мы можам сказаць, што праўдзівы веруючы атрымлівае збаўленне, вызнаючы вуснамі, што Езус ёсць Панам, і верачы ў сваім сэрцы, што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых (пар. Рым 10, 9). Найважнейшае за ўсё — сэрца, якое верыць у Хрыста і ў веры «дакранаецца» да Уваскрослага; аднак не дастаткова мець у сэрцы веру, мы павінны вызнаваць яе вуснамі і сведчыць пра яе сваім жыццём, каб зрабіць прысутнаю ў нашай гісторыі праўду Крыжа і ўваскрасення. Таму што такім чынам хрысціянін уключаецца ў той працэс, дзякуючы якому першы Адам — зямны, які падлягае тленню і смерці, — перамяняецца ў апошняга Адама, нябеснага і нятленнага (пар. 1 Кар 15, 20–22. 42–49). Працэс гэты распачаўся з уваскрасеннем Хрыста, і таму менавіта на ўваскрасенні грунтуецца наша надзея, што таксама і мы аднойчы ўвойдзем з Хрыстом у нашу праўдзівую айчыну, якая ёсць у небе. Падтрыманыя гэтай надзеяй, будзем жа крочыць далей па нашым шляху з мужнасцю і радасцю.

Падрыхтавала Ірына Бурак.

 * Kerygma (з грэч. κερύφμω «абвяшчаць, знаёміць») — гэта першае асноўнае абвяшчэнне Евангелля (як Радаснай Весткі) катэхуменам яшчэ да таго, як яны сталі хрысціянамі.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла