Таматны крэм-суп з макаронамі

Рэцэпты на Вялікі пост 

Смачны, сытны крэм-суп. Пажадана выкарыстоўваць невялікія макаронныя вырабы (напр., ракавінкі). З пададзенай колькасці інгрэдыентаў атрымліваецца прыкладна 6 порцый. 

  • 850 г памідораў у сваім саку (1 слоік), або 300-400 г свежых, з дадаваннем таматнага соку (паўлітра), або таматнай пасты (2 лыжкі)
  • 100 г макаронных вырабаў
  • 150 г цыбулі
  • 2 зубкі часнаку
  • 100 г морквы
  • зеляніна на смак (у ідэале — базілік)
  • соль
  • перац
  • алей

Цыбулю і часнок дробна парэзаць. 

Моркву нацерці на сярэдняй тарцы. 

Зеляніну парэзаць. 

З памідораў зняць скурку (калі свежыя, то папярэдне заліць кіпенем, каб лёгка скурка знімалася). 

У каструлі крыху падсмажыць на алеі цыбулю і часнок. 

Пасля дадаць моркву і таксама крыху падсмажыць. 

Дадаць памідоры разам з сокам, або свежыя памідоры і таматны сок, або памідоры і 2 л таматнай пасты (у залежнасці ад таго, у які перыяд года вы гатуеце) і тушыць 5-7 хвілінаў. 

Затым дадаць зеляніну, крыху пасаліць, паперчыць, тушыць 2-3 хвіліны. 

Калі суп атрымаецца занадта густы, дадаць гатаванай вады (100 мл). 

Суп узбіць блэндэрам або прапусціць праз сіта. 

Асобна да гатоўнасці зварыць макароны. Ваду зліць. 

У суп дадаць макароны, перамяшаць і падаваць на стол. Калі суп вам здасца кіславатым, дадайце лыжачку смятаны, але гэта не абавязкова. 

Не бойцеся эксперыментаваць! Згатаваўшы суп адзін раз, пасля зможаце ўсё рабіць на свой смак і са сваім «сакрэтам».

Смачна есці! 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла