Ружанец да Крыві Хрыста

В.: Божа, прыйдзі мне на дапамогу.
Усе: Пане, паспяшы мне на паратунак.
В.: Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому,
Усе: Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.

Таямніца І
Пан Езус праліў Кроў
падчас абразання

«І калі мінула восем дзён, каб абрэзаць Дзіця, далі Яму імя Езус» (Лк 2, 21).

Паслухмянасць, што вызваляе

Хрыстус прыйшоў не для таго, каб скасаваць законы Старога Запавету, але для таго, каб удасканаліць іх. З асабліваю моцаю гэта праяўляецца ў абрадзе абразання, праз які Хрыстус быў законна далучаны да ізраільскага народа. Езус хоча быць адным з многіх, «падобным да нас ва ўсім, акрамя граху». Таму Ён падпарадкоўваецца габрэйскаму праву са шматлікімі яго прадпісаннямі. Любоў учыніла Яго здольным да пакоры і адначасова дазваляе Яму быць вольным. Так Езус асвяціў нашую паслухмянасць і паказаў шлях усім тым, хто пакутуе ад несправядлівых законаў, распараджэнняў, звычаяў і традыцыйных абрадаў.

Абразанне Хрыста нагадвае нам таксама пра святасць крыніцы жыцця. У кожным стане і ў кожны перыяд жыцця неабходна імкнуцца да чыстасці і аберагаць яе, праяўляючы сціпласць і сапраўдную любоў.

Малітва: Пане Езу Хрыстэ, просім Цябе за ўсіх тых, хто адчувае недахоп унутранай ці знешняй свабоды. Праз Тваю любоў адары іх моцай, каб маглі ісці наперад, і прымі іх ахвяру як уклад у сапраўднае аднаўленне дзеля прыйсця Твайго Валадарства. Учыні, каб усе мы зразумелі, што кожная няўдача можа стаць здабыткам праз Тваю святую Кроў, якая з’яўляецца крыніцаю сапраўднай чыстасці і любові.

Ойча наш… (5 разоў), Хвала Айцу…
В.: Просім Цябе, Пане, падтрымай слугаў сваіх,
Усе: Якіх Ты адкупіў сваёю Найдаражэйшаю Крывёю.

Таямніца ІІ
Пан Езус праліў Кроў
падчас малітвы ў Аліўным садзе

«І, страшэнна пакутуючы, Ён маліўся яшчэ больш. І быў пот Ягоны, быццам кроплі крыві, што падалі на зямлю» (Лк 22, 44).

Пераадольванне страху

У сваёй вялікай чалавечай слабасці Езус дазваляе нам зразумець той страх перад смерцю, які Ён зведаў у Аліўным садзе. Таму ніхто не павінен саромецца свайго страху. Сын Божы перажыў такія моцныя смяротныя цярпенні, што Ягоны пот, які сцякаў тады, евангеліст параўноўвае з кроплямі крыві.

Грэх і здрада праніклі ў самае сэрца Езуса. Ягоная чалавечая натура хацела б засцерагчыся ад надыходзячай мукі, але любоў да Айца перамагла: «Не Мая воля, але Твая няхай станецца» (Лк 22, 42). Езус паказвае шлях да пераадольвання страху ўсім тым, хто ў спакусе адчувае сябе слабым ці самотным. Ускладанне надзеі на Айца, адданасць Яго волі чыніць Сына Чалавечага такім свабодным і адважным, што Ён спакойна і годна можа выйсці насустрач здрадніку, каб аддацца яму ў рукі.

Малітва: Просім Цябе, Пане, за ўсіх тых, хто знаходзіцца ў роспачы і перажывае страх. Не дапусці, Пане, каб суцяшэнне і апору яны шукалі ў саміх сабе ці ў іншых людзях, а не ў волі Айца. Учыні, каб мы былі гатовыя прыняць і выканаць гэтую волю ў кожны момант, каб нас не паглынуў падманны клопат пра мінулае альбо пра будучыню.

Ойча наш… (5 разоў), Хвала Айцу…
В.: Просім Цябе, Пане, падтрымай слугаў сваіх,
Усе: Якіх Ты адкупіў сваёю Найдаражэйшаю Крывёю.

Таямніца ІІІ
Пан Езус праліў Кроў
падчас бічавання

«І адпусціў ім Бараббу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне» (Мц 27, 26).

Зносіць несправядлівасць і крыўду

Пасля здрады, калі Езуса схапілі, Яго пачалі вадзіць ад аднаго суда да другога. Урэшце Пілат асудзіў Езуса на бічаванне, хоць і вымушаны быў сцвердзіць, што асуджаны не мае ніякай віны.

Найбольшы ўдар наносіць чалавеку несправядлівае асуджэнне. Пакуты душы, выкліканыя гэтым асуджэннем, павялічваюць фізічныя пакуты ад балеснага бічавання.

За чужыя правіны Езус дазваляе бічаваць сябе ажно да крыві. Ён не скардзіцца, не наракае. Любоў не толькі здольная перанесці несправядлівасць і ўдары лёсу, але нават узрастае пад іх уздзеяннем.

Малітва: Пане, просім Цябе за ўсіх тых, хто несправядліва асуджаны альбо вымушаны прыняць незаслужаную кару. Прамаўляй да іх праз Тваю Найдаражэйшую Кроў і ўчыні, каб яны зразумелі, што іх уласная кроў будзе праліта таксама недарэмна, калі яны ахвяруюць яе разам з Тваёю. Дазволь нам усім зразумець, што спакой здабываецца не сілаю, але цярпеннем.

Ойча наш… (5 разоў), Хвала Айцу…
В.: Просім Цябе, Пане, падтрымай слугаў сваіх,
Усе: Якіх Ты адкупіў сваёю Найдаражэйшаю Крывёю.

Таямніца IV
Пан Езус праліў Кроў
падчас укаранавання цернем

«І апранулі Яго ў пурпур, і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго. І пачалі вітаць Яго: Вітай, Кароль Юдэйскі!» (Мк 15, 17–18)

Зносіць здзекі і прыніжэнні

Жаўнеры абыходзяцца з Езусам яшчэ горш, чым ім было загадана. Яму прыносяць боль не толькі цярновыя шыпы, але і далучаныя да гэтага здзекі. Гэтыя здзекі горшыя за фізічныя мукі. Яны цалкам пранізваюць душу. Але ка2ты кажуць праўду — Езус з’яўляецца Каралём, адзіным, сапраўдным Валадаром, ад якога паходзіць усялякая ўлада.

Праз Кроў сваёй цярновай кароны Хрыстус асвяціў цяжар адказнасці. Праз удзел у Ягоным Валадарстве хрысціянін узвышаецца, калі служыць і ў прыніжэннях спазнае хвалу свайго Пана.

Малітва: Хрыстэ, наш Валадар, просім Цябе за тых, хто зносіць цярпенні ад улады. Праз Тваю святую Кроў адары мудрасцю і моцай тых, хто займае якую-небудзь кіруючую пасаду, і падтрымлівай тых, хто церпіць ад іншых, выконваючы свае абавязкі. Пазбаў нас ад усялякіх здзекаў і бязлітаснай крытыкі, каб мы былі здольныя бачыць Цябе самога ў тых, хто нясе за нас адказнасць.

Ойча наш… (5 разоў), Хвала Айцу…
В.: Просім Цябе, Пане, падтрымай слугаў сваіх,
Усе: Якіх Ты адкупіў сваёю Найдаражэйшаю Крывёю.

Таямніца V
Пан Езус праліў Кроў
на Крыжовым шляху

«І, несучы для сябе крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася месцам чэрапа, па-габрэйску — Галгота» (Ян 19, 17).

Любоў, якая ніколі не заканчваецца

Шэсце, падчас якога Езус пад цяжарам прылады сваёй смерці ўзыходзіць на Кальварыю, не з’яўляецца трыумфальным шэсцем. Аднак гэта пераможнае шэсце, шэсце любові. Езус зноў і зноў падае пад крыжам. Падае Ён не толькі з-за цяжару і знясіленасці. Жорсткасць людзей, якія здзекуюцца з Яго, пустэча ў душы, цяжар грахоў усяго чалавецтва прыгнятаюць Яго.

Аднак любоў не заканчваецца, яна здольная не толькі распачаць усё нанова, але, узвысіўшыся над сваім цярпеннем, заўважыць іншых. Сведчыць пра гэта позірк Езуса на Маці, якая стаіць пры дарозе, праяўленне ўдзячнасці да Веранікі, размова з жанчынамі, што плачуць... Езус не заўважае ўласнай Крыві, Ягоная любоў больш заклапочана іншымі і таму мы здольныя пасля кожнага падзення зноў падымацца і пачынаць усё нанова.

Малітва: Езу, просім Цябе за тых, для каго крыж стаў занадта цяжкім. Дзеля Тваёй святой Крыві дапамажы ім падняцца і ісці далей. Дазволь усім нам зразумець, што любоў на гэтым свеце заключаецца ў тым, каб, нягледзячы на слабасці, не пераставаць любіць, а заўсёды пачынаць усё нанова.

Ойча наш… (5 разоў), Хвала Айцу…
В.: Просім Цябе, Пане, падтрымай слугаў сваіх,
Усе: Якіх Ты адкупіў сваёю Найдаражэйшаю Крывёю.

Таямніца VI
Пан Езус праліў Кроў
пры ўкрыжаванні

«А каля гадзіны дзевятай усклікнуў Езус моцным голасам, кажучы: Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» (Мц 27, 46).

Давер у стане пакінутасці

У сваёй пакінутасці на крыжы Езус спазнае самае глыбокае прыніжэнне. Калі дагэтуль Ён мог чэрпаць суцяшэнне і дапамогу ў Айца, як адбывалася гэта ў садзе Аліўным, то цяпер Сын Божы перажывае пачуццё ўнутранай цемры, у якой Ён больш не адчувае блізкасці Айца. Як перад гэтым аддаў сваю Кроў, так цяпер адчувае пустэчу ў душы і не атрымлівае адказу на пытанне: «Чаму?..». Аднак, нягледзячы на гэта, Ён не ўпадае ў адчай: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой» (Лк 23, 46). Гэта перамога веры, гэта трыумф любові, якая ўсё пераадольвае.

Малітва: Пане Езу Хрыстэ, просім Цябе за тых, хто ўжо не бачыць сэнсу свайго жыцця, хто ў выніку расчаравання ці няўдачаў, здрады ці фізічных пакутаў стаўся падобным да Цябе Укрыжаванага. Дазволь усім нам спазнаць дапамогу, што нясе Твая Кроў, каб у хвіліны ўнутранай цемры мы маглі разам з Табою даверыцца любові Айца.

Ойча наш… (5 разоў), Хвала Айцу…
В.: Просім Цябе, Пане, падтрымай слугаў сваіх,
Усе: Якіх Ты адкупіў сваёю Найдаражэйшаю Крывёю.

Таямніца VII
Пан Езус праліў Кроў і ваду,
калі Яму дзідай прабілі бок

«Калі падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён ужо мёртвы, не ламалі Яму галені, толькі адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і адразу выцекла кроў і вада» (Ян 19, 33–34).

Жыццё ў смерці

У прабітым боку Езуса Касцёл заўсёды бачыў — паказваючы гэта сімвалічна — крыніцу, з якой мы чэрпаем новае жыццё, — Ваду Хросту і Кроў Запавету. Гэтую крыніцу мы знаходзім у святых сакрамэнтах. Асаблівым чынам сакрамэнт пакаяння і Эўхарыстыя запрашаюць нас, каб у спатканні з Укрыжаваным і Уваскрослым Езусам мы атрымалі адпушчэнне грахоў і новае жыццё. Пакуль жывём на гэтым свеце, мы слабыя і таму часта падаем. Мы падпарадкоўваемся закону смерці. Праз смерць мы заўсёды далучаемся да Смерці і Уваскрасення Езуса. Гэта бязмежны дар Божай любові. Дарам з’яўляецца тое, што мы ўжо цяпер, прымаючы святыя сакрамэнты, можам паўнавартасна ўдзельнічаць у супольнасці Бога з Яго святымі.

Малітва: Хрыстэ, наш Адкупіцель, просім Цябе за ўсіх тых людзей, якія яшчэ Цябе не ведаюць, і за тых, якія з-за падзелаў у Касцёле, з-за памылак ці граху пазбаўлены магчымасці чэрпаць з таго струменя ласкаў, што выплывае са святых сакрамэнтаў. Дазволь нам спазнаць Тваю Кроў як крыніцу паяднання і повязь еднасці і любові. Праз стараннае і поўнае пашаны прыманне Тваіх сакрамэнтаў паяднай нас з Сабою і адно з адным, каб мы былі здольныя жыць і дзейнічаць дзеля Твайго Валадарства.

Ойча наш… (3 разы), Хвала Айцу…
В.: Просім Цябе, Пане, падтрымай слугаў сваіх,
Усе: Якіх Ты адкупіў сваёю Найдаражэйшаю Крывёю.


Малітва на заканчэнне: Пане Езу Хрыстэ, мы разважалі над таямніцамі праліцця Тваёй Крыві. Ты прынізіўся дзеля нас, каб ачысціць нас ад грахоў і ўчыніць дзецьмі Твайго Айца. Дзякуем Табе і просім Цябе аб ласцы, каб мы таксама маглі прысвяціць сваё жыццё і кроў дзеля праслаўлення Бога і збаўлення нашых бліжніх. Дазволь нам у радасныя, а таксама ў напоўненыя цярпеннямі хвіліны нашага жыцця памятаць пра Цану нашага збаўлення і ўсім сэрцам адказваць на Тваю любоў. Амэн.

В.: Заўсёды благаслаўляйце і дзякуйце Езусу,
Усе: Які адкупіў нас сваёю Найдаражэйшаю Крывёю.

«Бог паклікаў нас да святасці, якая выяўляецца ў любові да Хрыста, а таксама ў нястомнай працы дзеля збаўлення душаў, адкупленых Найдаражэйшаю Крывёю Хрыста».
Св. Марыя дэ Маціяс

«АДКУПІЎ ТЫ НАС, ПАНЕ, СВАЁЮ КРЫВЁЮ».
Малітоўнік да Крыві Хрыста.
(Мінск, "ПРО ХРЫСТО", 2009)

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней