Любоў да апошняй кроплі Крыві

Разважанні Крыжовага шляху

 "Нашая любоў — Езус, нашае жыццё — Езус, нашае ўсё — Езус. Будзем спадарожнікамі Езуса на ўсіх Ягоных шляхах", — пісала святая Марыя дэ Маціяс, заснавальніца Супольнасці Сясцёр Адаратарак Крыві Хрыста. Ідучы за гэтаю духоўнаю парадаю, прапануем вам разважанні Крыжовага шляху паводле малітоўніка "Адкупіў Ты нас, Пане, сваёю Крывёю" (Мінск, "ПРО ХРЫСТО", 2009), у якім сабраныя малітвы на ўшанаванне Найдаражэйшай Крыві Хрыста.


Стацыя І

Езус асуджаны на смерць

Суд закончыўся, вынесены прысуд — Езус павінен памерці. Пілат умывае рукі, спрабуе ўхіліцца ад адказнасці. Ён не хоча далей шукаць праўду, у ім перамагаюць палітычныя матывы і імкненне да ўласнай выгады. Заплаціць за ўсё павінен Езус, які ведае пра гэта, які гатовы да гэтага, аднак менавіта цяпер гэта прычыняе боль. Езус не можа абараняцца, Ён павінен прыняць несправядлівы прысуд, які да таго ж вынесены ў імя справядлівасці, у імя Бога, дзеля «дабра» народа і айчыны...

Езус застаўся адзін, Ён у страшэннай самоце. Яму застаецца толькі маўчанне — адзінае Яго суцяшэнне і абарона. У маўчанні знаходзіць Ён таксама цябе і мяне.

Езу, дазволь мне быць з Табою ў цярпенні з прычыны прынятай несправядлівасці і асуджэння на крыжовую смерць. Дазволь мне быць побач з тымі, хто сёння пакутуе ад несправядлівасці. Дапамажы мне не маўчаць, калі трэба стаць у абарону несправядліва абвінавачанага чалавека, калі зневажаецца чыясьці годнасць і рэпутацыя, калі кагосьці нішчыць бязлітасная крытыка. Падкажы мне, калі я павінен змагацца за права і справядлівасць, а калі настае час прыняцця прысуду ў маўчанні — каб мог распачацца шлях збаўлення, крыжовы шлях.


Стацыя ІІ

Езус бярэ крыж

Не першы раз нясе Езус такую цяжкую бэльку, Ён жа працаваў і вучыўся ў св. Юзафа. Гэта было звычайнаю працаю цесляра. Аднак цяпер гэтая бэлька — бэлька крыжа — важыць больш. Абцяжарваюць яе грахі ўсяго чалавецтва — мой грэх, твой грэх, грахі ўсіх нас. Езус бярэ на сябе гэты цяжар, Ён гатовы да гэтага, хоча гэта зрабіць, бо справа датычыць нашага выратавання, датычыць новага жыцця, бо тым самым Езус здзяйсняе справу збаўлення. Ён ведае, дзеля чаго і дзеля каго робіць гэта. Гэтая ўпэўненасць дадае Яму моцы, каб Ён, будучы таксама чалавекам, змог падняць, вытрываць і несці вялізны цяжар грахоў.

Пане Езу, Ты не толькі пакорна дазволіў пакласці крыж сабе на плечы, але сам яго падняў. А крыж гэты вельмі жахлівы, цяжкі і надзвычай цвёрды. Аднак Ты не адступаеш, не звяртаеш увагі на цяжар, не думаеш пра сябе. Ты думаеш пра мяне, пра тых, каго трэба ратаваць. Твая любоў робіць Цябе моцным. Прашу Цябе, Пане, няхай Твая любоў пераможа ўва мне страх перад крыжам. Учыні, каб я заўсёды памятаў пра Цябе і бачыў тых, каму патрэбна дапамога.


Стацыя ІІІ

Езус падае першы раз

Першае падзенне наносіць асабліва моцны боль. Усе бачаць слабасць Езуса. Знясілены з-за недахопу сна, згаладалы, аслаблены смагаю, са знявечаным целам — як Ён увогуле можа ісці, ды яшчэ з такім цяжарам на плячах? Езус не застаецца ляжаць на дарозе, не адпачывае, але падымаецца і ідзе далей, змагаецца далей, крок за крокам. Вернасць не пытаецца «навошта?». Яна ўсё вытрымлівае і ідзе далей.

Езу, я часта казаў «так», аднак потым падаў. Ці гэта крыж быў занадта цяжкі, ці, можа, не хапала сілы, добрай волі, мудрасці, а можа, вытрымкі? Мне не абавязкова гэта ведаць. Самае галоўнае — зноў падняцца і ісці далей. Дзякую Табе за Твае падзенні пад крыжам. Дзякуючы ім мне лягчэй падымацца. Як і Ты, я не хачу ўтойваць перад іншымі сваёй слабасці. Калі не магу паказаць прыклад праз тое, што не падаю, то хацелася б дапамагчы хоць праз тое, што адразу ж падымаюся — разам з Табою, Езу.


Стацыя IV

Езус сустракае сваю Маці

Ці прынесла Езусу суцяшэнне сустрэча з Маці на ўскрайку дарогі, ці, можа, гэта стала новым, дадатковым цярпеннем? Бо Маці Божая вымушана была столькі перажыць з-за Яго! Цярпенне не выключае суцяшэння. Марыя ўмее падзяляць цярпенне, умее падзяляць любоў. Дзе Езус, там і Яна — думкамі, сэрцам і, наколькі гэта магчыма, таксама і фізічна. Марыя бачыць адкрытыя раны, кроў, якая пакрывае ўсё цела Яе Сына. Бачыць таксама і зраненую душу, самотнасць. Яна ахвяруе Сыну ўласнае бяссілле ў вернасці, не пагарджаючы нічым. Яна супрацоўнічае з Ім без ніякіх умоваў, без ніякіх межаў.

Езу, дзякую Табе за час, які Ты прысвяціў на Крыжовым шляху сваёй Маці. Гэта была ўсяго толькі нейкая кароткая хвіліна, але такая важная хвіліна для Марыі — і для мяне!

Дзякую Табе, Марыя, за Тваю прысутнасць на маім крыжовым шляху. Нам не трэба шмат размаўляць, мне дастаткова толькі ўсведамляць, што Ты са мною. Твая блізкасць падтрымлівае мяне, дадае надзеі, узмацняе маю веру. Дазволь мне глядзець на Цябе, калі мая самотнасць стане цяжарам, большым за крыж.


Стацыя V

Сымон Кірынэец дапамагае Пану Езусу несці крыж

Езус дазваляе, каб Яму дапамаглі, бо цяжар зрабіўся занадта вялікім. Ён так ахвотна дапамагаў іншым, а цяпер сам вымушаны прыняць дапамогу — Ён, Усемагутны! У гэтым праяўляецца Ягонае прыніжэнне. Нейкага незнаёмага чалавека, які вяртаўся з поля, прымусілі несці крыж. Сымон Кірынэец нават не ведае, каму менавіта ён дапамагае і якое значэнне мае гэтая дапамога. Яго ўдзел у справе збаўлення несвядомы, аднак такі адчувальны. Кірынэец з’яўляецца прыкладам аднаго з тых шматлікіх людзей, якія несвядома нясуць свой цяжар, церпяць, не ведаючы, дзеля каго.

Пане Езу, цярпенні майго жыцця маюць часта большую вартасць, чым мне здаецца, бо разам са сваім крыжам Ты нясеш грахі ўсяго свету. Я прагну больш свядома дапамагаць Табе несці крыж асабліва тады, калі сястра, брат, незнаёмы чалавек... прыгнечаныя цяжарам свайго жыцця, калі церпяць з-за сваіх правінаў, хваробы ці калі прыгнятае іх усведамленне пра змарнаваныя гады жыцця. Няхай позірк, скіраваны на Тваю Кроў, дае нам надзею і сілы, каб ісці далей.


Стацыя VI

Вераніка выцірае твар Езуса

Столькі людзей бачыла, як страшна выглядаў Езус — апляваны, са шматлікімі ранамі, з якіх сачылася кроў. І толькі Вераніка адважылася на нешта большае, чым звычайнае спачуванне. Амаль што непрыкметны жэст, ледзь адчувальная палёгка, але як добра стала на душы. Езус бясконца ўдзячны Вераніцы. Ён дорыць ёй на ўспамін знак, нешта вельмі асабістае — свой партрэт, які потам, пылам і кроўю адбіўся на палатне. Мацней, чым на хусце, адбіўся ён у душы Веранікі...

Езу, дай мне адвагу Веранікі! Учыні, каб я больш уважліва глядзеў на людзей церпячых, у якіх надалей пакутуеш Ты сам, каб я не звяртаў увагі на знявагі, якія рызыкую сустрэць, спяшаючыся дапамагчы іншым, прымаючы ўдзел у іх цярпеннях і знаходзячыся побач з імі, шукаючы для іх суцяшэння і палёгкі. Учыні, каб я ўмеў быць такім удзячным, як Ты, навучы мяне праяўляць удзячнасць больш глыбока, а не толькі на словах. 


Стацыя VII

Езус падае другі раз

Сымон дапамог, жэст Веранікі дадаў сілы, аднак Езус зноў падае. Новыя, больш глыбокія раны! Новае, яшчэ больш балеснае прыніжэнне... Але ж другое падзенне не азначае кроку назад на Крыжовым шляху. Устаючы кожны раз, мы робім крок наперад, гэта больш глыбокае перажыванне, новая перамога. Вернасць праяўляецца ў хвіліны крызісу. Вернасць дае сілы, каб ісці далей.

Езу, прашу Цябе аб вернасці для мяне і для ўсіх тых, хто прагне жыць для Цябе і з Табою, хто гатовы ахвяраваць уласную кроў для Цябе і разам з Табою. Прашу аб вернасці для сужэнцаў, для сяброў супольнасцяў, для тых, хто прыняў на сябе служэнне ў Касцёле ці ў свеце. Дазволь нам усім зразумець, што вернасць заключаецца не ў тым, каб ніколі не падаць, але ў тым, каб так, як Ты, ніколі не адступаць на крыжовым шляху.


Стацыя VIII

Езус сустракае ерузалемскіх жанчын

Езус знясілены дарэшты. Крок за крокам Яму даводзіцца збіраць апошнія сілы. І ўсё ж Ён яшчэ праяўляе цярплівасць да жанчын, што стаяць на ўскрайку дарогі і плачуць. Яны няшмат разумеюць і хутчэй прыносяць дадатковы цяжар, чым дапамагаюць. Ім самім неабходна суцяшэнне, настаўленне, яны павінны навучыцца глядзець глыбей у святле веры: «Не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых!» (Лк 23, 28). Езуса нават цяпер больш турбуюць праблемы іншых, а не ўласныя. Ён дапамагае да канца, Ён застаецца Пастырам да апошняй кроплі Крыві.

Пане Езу, дай мне сэрца, чулае да патрэбаў іншых людзей. Не дазволь мне ніколі карыстацца стомленасцю і асабістымі цяжкасцямі як падставаю да таго, каб адносіцца да іншых без любові, з раздражненнем, з пачуццём агіды... Навучы мяне паважаць праблемы іншых і дай святло і адпаведныя словы, каб паказаць ім сапраўдныя праблемы і небяспеку ў жыцці. Учыні, каб асабістае цярпенне ніколі не закрывала маё сэрца на цярпенне іншых.


Стацыя ІX

Езус падае трэці раз

Крыж становіцца ўсё цяжэйшым, цярпенне — больш пакутлівым, кожны крок — гэта мука, кожнае падзенне — гэта набліжэнне канца. Адкуль узяць сілы для новага пачатку? Не ўдары, штуршкі і крыкі жаўнераў дапамагаюць падняцца, але толькі любоў да тых, якія без Галготы загінулі б назаўсёды, безнадзейна. Любоў дае жыццё і сілы нават у безвыходнай сітуацыі. Бог ёсць Любоў! Толькі Бог вядзе крыжовым шляхам ажно да канца. Чалавек павінен навучыцца распазнаваць і прымаць сваю бездапаможнасць. Пакора вядзе да перамогі...

Езу, вазьмі мяне з сабою на шлях пакоры, шлях праўды, асабістага прыніжэння, ахвяры. Пакажы мне праўду пра мяне, каб я навучыўся давяраць Богу. Дай мне адвагу прыняць прыніжэнне, учыні мяне гатовым да ахвяры, каб маё цярпенне стала благаслаўленнем для людзей так, як стала благаслаўленнем Тваё цярпенне.


Стацыя X

З Езуса здзіраюць адзенне

Калі Езус падняўся на Галготу, жаўнеры здзіраюць з яго адзенне. Па ўсім целе зноў адкрываюцца раны. Цяпер адзеннем Езуса з’яўляецца толькі ўласная Кроў. Можна забраць у Яго адзенне, але нельга пазбавіць Яго годнасці. Любоў да Айца Нябеснага і да людзей дае Езусу ўнутраную свабоду, непахіснасць, спакой: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць!» (Лк 23, 34)

Пане Езу, дай мне ласку сапраўднай чыстасці. Праз Тваю Кроў, пралітую на дзясятай стацыі Твайго Крыжовага шляху, адары мяне новай годнасцю. Не дазволь мне ніколі забыцца, якую цану Ты заплаціў за ачышчэнне майго сумлення, за тое, каб апрануць мяне ў «новае адзенне». Прагну Тваімі вачамі глядзець на ўсіх маіх бліжніх, прагну нанова адкрываць у іх Кроў Збаўлення. Дай мне чысты позірк, каб я мог захоўваць Цябе ў чыстым сэрцы.


Стацыя XI

Укрыжаванне Езуса

Прыбіты! Далоні, якімі дапамагаў людзям і благаслаўляў іх, ступні, якія хадзілі, каб дапамагаць бедным, малым, тым, кім пагарджаюць, грэшнікам, цяпер прыбітыя. Але не прыбіта Ягонае сэрца! Яно б’ецца надалей, не толькі для выканаўцаў жорсткай справы пакарання, але яшчэ больш для тых, хто аддаў такі загад, хто згадзіўся з такім прысудам, а таксама для тых, хто нічога не зрабіў, каб перашкодзіць здзяйсненню гэтага прысуду. Кроў Езуса цячэ надалей, зноў і яшчэ больш шчодра для ўсіх людзей, якія прагнуць свабоды, але не могуць паварушыцца, бо прыбітыя сваёю хваробаю, правінамі, залежнасцю або эгаізмам...

Пане Езу, дазволь мне стаць свабодным. Свабодным ад сябе самога, ад страху перад крыўдаю альбо нейкім абмежаваннем, ад амбіцый і самападману, ад імкнення да поспеху і ўлады. Дай мне такую любоў, якая тым больш вызваляе, чым больш ад яе вымагаеш, чым больш абмежавана яна знешнімі абставінамі. Дазволь мне стаць брамай вольнасці ў Табе для тых, хто не адчувае сябе свабодным.


Стацыя XII

Езус памірае на крыжы

Пасля страшэнных гадзінаў мукі на крыжы Езус памірае, пакутуючы ад смагі, з пытаннем у сэрцы: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» ( Мц 27, 46). Марыя і некалькі верных вучняў, якія засталіся пад крыжам да канца, прыносяць Яму суцяшэнне і адначасова засмучэнне: Ён яшчэ павінен паклапаціцца пра іх, бо іх Ён таксама павінен пакінуць, аддаць. «...Вось сын твой! ...Вось Маці твая!» (Ян 19, 26–27). Разам са стратай крыві знікае жыццё. Езус аддае жыццё дзеля збаўлення свету, каб выратаваць цябе і мяне. Давяраючы ажно да межаў магчымага, загойвае тую рану недаверу, якую нанёс чалавеку першародны грэх: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой» (Лк 23, 46). Аддаю Табе сваё жыццё, сябе самога...

Езу, дазволь мне давяраць так, як Ты. Калі настане гадзіна маёй смерці, дазволь мне з верай і надзеяй завяршыць маё жыццё. Няхай ніводная кропля крыві не будзе праліта дарэмна. Няхай кожная кропля стане любоўю, праяўленнем гатоўнасці да ахвяры,  да цярпення за іншых, з якога нараджаецца жыццё і збаўленне.


Стацыя XIII

Езуса здымаюць з крыжа

Езус ужо не пакутуе. Верныя вучні асцярожна здымаюць Яго цела з крыжа, і гэта так моцна пранікае ў іх душы і сэрцы, як перад гэтым — відовішча жорсткага прыбіцця Езуса да крыжа, учыненага жаўнерамі. А пра што думала Марыя, трымаючы на каленях сваё памерлае Дзіця? Езус ужо даўно быў дарослы, але ж у сэрцы Маці Ён назаўсёды застаўся Дзіцем. Марыя надалей не губляе надзеі, моліцца, пакутуе і любіць. Яна развітваецца з Сынам, але не адчайваецца. Яе жыццё заўсёды мела апору ў Богу, таму Яна не здаецца, але распачынае ўсё яшчэ раз. Цяпер Яна ўжо не павінна ўсё разумець, бо цяпер справа датычыць святла веры... «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле Твайго слова» (Лк 1, 38).

Пане Езу, навучы мяне дзякаваць за ўсё, што Ты падарыў сваёй і нашай Маці — Марыі, а таксама за ўсё тое, чаго Ты ад Яе патрабаваў. Дазволь мне зразумець, што такія ж патрабаванні Ты вымушаны ставіць да ўсіх, каго паклікаў да мацярынскага служэння ў Касцёле. Дай мне гатоўнасць прымаць, як Марыя, страчваць, як Яна, і любіць аддана і бязмежна.


Стацыя XIV

Езуса кладуць у грабніцу

Усё павінна было адбывацца паспешліва, бо набліжалася субота, шабат, калі забаранялася хаваць памерлых. Нават намашчэнне цела — праяўленне пашаны і ўдзячнасці да памерлага — было забаронена. Вучні паслухмяна перапыняюць пахавальныя абрады. Пры адчыненай магіле толькі адно важна: тое, што застаецца ў вечнасці. Перад абліччам смерці прымаецца пад увагу толькі Бог. Усё чалавечае і часовае адступае, усё гэта трэба аддаць. Тут маюць значэнне не асабістыя пачуцці ці планы, але тое, што сягае далей за смерць...

Пане Езу, дзякую Табе за Тваю Любоў, якая прывяла Цябе ажно ў магілу. Але там Цябе чакае пачатак новага жыцця. Так павінна быць і будзе з усімі, хто больш давярае Табе, чым людзям і самому сабе. Дзякуй за надзею, якая сягае далей за смерць. Дзякуй за Тваё уваскрасенне, за ўваскрасенне ўсіх нас, за Тваю велікодную перамогу і наш удзел у ёй праз Тваю Найдаражэйшую Кроў. Дзякуй за перамогу Евангелля, за перамогу еднасці і любові. Амэн.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла