Разважанні на Пасхальны Трыдуум

Распачынаецца Пасхальны Трыдуум. Прапануем перажыць гэтыя ўрачыстыя дні, разважаючы над прыгожымі словамі старажытных гамілій, якія захавала традыцыя Касцёла.

 

Вялікі чацвер
«Пасхальная гамілія» Мэлітона Сардыйскага, біскупа

Прарокі прадказвалі шмат пра таямніцу Пасхі, якою ёсць Хрыстус, «якому хвала на вякі вякоў, амэн» (Гал 1,5 і наст.). Ён сышоў на зямлю з неба дзеля церпячага чалавека, апрануўся ў яго цела ва ўлонні Дзевы і нарадзіўся як чалавек. Разам з целам, падлеглым цярпенню, прыняў пакуты церпячага чалавека і знішчыў іх, а несмяротным Духам забіў смерць — забойцу чалавека.

Калі Яго павялі на забой, як ягня, і забілі, як авечку, Ён уратаваў нас, быццам ад Егіпта, ад культу гэтага свету, і вызваліў нас ад рабства д’ябла, быццам ад рукі фараона. Пазначыў нашыя душы пячаткаю свайго Духа, а часткі цела нашага — сваёй крывёю.

Ён той, хто асаромеў смерць і пакінуў у роспачы д’ябла, як Майсей фараона. Ён той, хто пакарыў беззаконне і пакінуў несправядлівасць бясплоднай, як Майсей Егіпет.

Ён той, хто вырваў нас з няволі да свабоды, са змроку да святла, са смерці да жыцця, з тыраніі да вечнага валадарства і зрабіў нас новым святарствам і выбраным народам навекі. Ён — Пасха нашага збаўлення.

Ён той, хто ў многіх многае сцярпеў. Ён той, хто быў забіты ў Абэлі, у Ісааку Яму звязалі ногі, у Якубе Ён вандраваў, у Юзафе Яго прадалі, у Майсею Яго падкінулі, Ён быў зарэзаны ў пасхальным ягняці, у Давідзе зведваў пераслед, у прароках Яго знеслаўлялі.

Ён той, хто быў уцелаўлёны ва ўлонні Дзевы, узнесены на дрэве крыжа, пахаваны ў зямлі і, уваскросшы з памерлых, падняўся на нябесныя высі.

Ён безгалосы Баранак, Ён забіты ахвярны Баранак, Ён народжаны ад Марыі, прыгожай авечкі. Яго ўзялі са статку і павялі на забой, а вечарам прынеслі ў ахвяру і пахавалі ўначы. Яму не ламалі касцей на дрэве крыжа, Ён не зазнаў тлення ў зямлі, але ўстаў з мёртвых і ўваскрасіў чалавека, выводзячы яго з магілы адхлані.


Вялікая пятніца
«Катэхеза» св. Яна Хрызастома, біскупа

Хочаце пачуць пра моц Хрыстовай крыві? Тады вернемся і ўзгадаем яе прыклад і правобраз, гартаючы старонкі Старога Запавету.

Майсей кажа: «Забіце аднагадовае ягня і памажце ягонай крывёю вушакі (пар. Зых 12, 1–14). Што ты кажаш, Майсей? Хіба кроў авечкі можа ўратаваць разумнага чалавека? Канечне, можа, але не таму, што гэта кроў, а таму што яна — гэта вобраз крыві Пана. Бо і цяпер непрыяцель нашмат хутчэй адступае, калі бачыць ужо не акропленыя крывёю завесы, але бліскучую кроў праўды на вуснах вернікаў — завесах святыні, асвечанай для Хрыста.

Хочаце даведацца, у чым яшчэ моц гэтай крыві? Я хачу, каб вы спачатку прыгледзеліся, з якой крыніцы яна выцякае. Яна выцякае найперш з самога крыжа, а пачатак яе — бок  Хрыста. Евангелле кажа, як пасля смерці Хрыста, калі Ён яшчэ вісеў на крыжы, падышоў жаўнер і прабіў Яму дзідаю бок, з якога адразу выцекла вада і кроў. Вада была сімвалам хросту, а кроў — Эўхарыстыі. Жаўнер прабіў бок Хрысту і адкрыў уваход у святыню, а я знайшоў там цудоўны скарб і з удзячнасцю радуюся, адшукаўшы такое вялізнае багацце. Так адбылося з Баранкам: юдэі забілі яго, а я карыстаюся плёнам гэтай ахвяры.

З прабітага боку выцекла вада і кроў (пар. Ян 19, 34). Не хачу, каб вы так лёгка праходзілі міма такіх таямніц, таму закрану адзін містычны і ўнутраны аспект. Я ўжо сказаў, што вада і кроў з’яўляюцца сімваламі хросту і Эўхарыстыі. З гэтых дзвюх таямніц бярэ пачатак святы Касцёл праз купель адраджэння і аднаўлення Духам Святым, гэта значыць праз хрост і таямніцы, якія выходзяць з боку Хрыста. З боку свайго Ён пабудаваў Касцёл, як з боку Адама ўзнікла ягоная жонка Ева.

Таму святы Павел, маючы на ўвазе бок Хрыста, сведчыць пра гэта, кажучы: «Мы з Яго цела і з Яго костак» (пар. Эф 5, 3). Як з боку Адама Бог учыніў жанчыну, так і са свайго боку Хрыстус даў нам ваду і кроў, з якіх паўстаў Касцёл. І як Бог стварыў Еву з боку Адама, які глыбока заснуў, так Хрыстус пасля смерці даў нам ваду і кроў.

Бачыце, якім чынам Хрыстус заручыўся са сваёй абранніцай, бачыце, якім спажыткам Ён корміць нас? Як жанчына з любові да дзіцяці спяшаецца накарміць яго сваім малаком і крывёю, так і Хрыстус падмацоўвае сваёй крывёю тых, каго адрадзіў.


Вялікая субота
Старажытная гамілія на Святую і Вялікую суботу

Што здарылася? Сёння глыбокая ціша ахінула зямлю. Глыбокая ціша і пустэча. Глыбокая ціша, бо Валадар спіць. Зямля спалохалася і сціхла, таму што Бог заснуў у целе і абудзіў тых, хто адвеку спаў. Бог памёр у целе і ўзрушыў адхлань.

Ён ідзе шукаць першага чалавека, быццам згубленую авечку; наведаць тых, хто сядзіць у змроку смяротнага ценю; каб вызваліць ад пакутаў нявольніка Адама разам з нявольніцай Евай ідзе іх Бог і Сын.

Пан ідзе да іх, трымаючы пераможную зброю крыжа. Калі праайцец Адам убачыў Яго, усклікнуў да ўсіх, б’ючы сябе ў грудзі ад здзіўлення: «Мой Пан з усімі». І Хрыстус адказаў Адаму: «І з духам тваім». Узяўшы яго за руку, падняў яго, кажучы: «Прачніся, які спіш, уваскрэсні з мёртвых, і Хрыстус асветліць цябе.

Я Бог твой, які дзеля цябе стаў тваім сынам. Дзеля цябе і дзеля тых, хто павінен нарадзіцца ад цябе, Я кажу цяпер і загадваю сваёю ўладай тым, што ў кайданах: Выйдзіце; тым, хто ў цемры: няхай вам заззяе святло; тым, хто спіць: Устаньце.

Табе, Адам, наказваю: Прачніся, які спіш. Я стварыў цябе не дзеля таго, каб ты сядзеў скаваны ў адхлані. Устань з мёртвых: Я — жыццё памерлых. Устань, справа Маіх рук; устань, Мой вобраз, які створаны на Маё падабенства. Устань, выйдзем адсюль, бо ты ўва Мне, а Я ў табе, мы адна непадзельная асоба.

Дзеля цябе Я, твой Бог, стаў тваім сынам; дзеля цябе Я, які па-над небам, сышоў на зямлю і пад зямлю; дзеля цябе, чалавека, Я стаў як бездапаможны чалавек, але свабодны між памерлых; дзеля цябе, які выйшаў з райскага саду, Я быў аддадзены юдэям у аліўным садзе і ўкрыжаваны ў садзе.

Паглядзі на Маё апляванае аблічча, якое Я прыняў дзеля цябе, каб вярнуць табе твой першапачатковы дух. Паглядзі на сляды ад удараў на Маім твары, якія Я цярпеў, каб аднавіць Мой вобраз у тваім знявечаным абліччы.

Паглядзі на маю спіну, зраненую бічаваннем, якое Я цярпеў, каб зняць цяжар тваіх грахоў, ускладзены на тваю спіну. Паглядзі на мае рукі, моцна прыбітыя цвікамі да дрэва дзеля цябе, які калісьці працягнуў свае рукі да дрэва.

Я спачыў на крыжы, і меч працяў Мой бок дзеля цябе, які заснуў у раі і з боку якога была створана Ева. Мой бок аздаравіў боль твайго боку. Мой сон абудзіў цябе ад сну адхлані. Мой меч зламаў меч, які вярцеўся перад табою.

Устань, пойдзем адсюль. Вораг вывеў цябе з райскай зямлі. А Я прывяду цябе ўжо не ў рай, але пасаджу на нябесны трон. Табе забаронена было прыступаць да дрэва, якое было вобразам жыцця, а Я, жыццё, злучаюся з табой. Я паставіў херубімаў, якія будуць ахоўваць цябе, як слугі, а цяпер зраблю, каб херубімы пакланяліся табе як Богу.

Ужо гатовы нябесны трон, чакаюць падрыхтаваныя слугі, абсталявана вясельная зала, пастаўлены стравы, аздоблены вечныя шатры і святліцы, скарбы дабротаў адкрыты і Нябеснае Валадарства падрыхтаванае спрадвеку».


Велікодная нядзеля
«Пасхальная гамілія» Мэлітона Сардыйскага, біскупа

Зразумейце, умілаваныя: Пасхальная таямніца ёсць новай і старой, вечнай і часовай, тленнай і нятленнай, смяротнай і несмяротнай.

Старая паводле Закону, новая паводле Слова; часовая як вобраз, вечная як ласка; знішчальная як ахвяраванне ягняці, незнішчальная як жыццё Пана; смяротная як пахаванне Пана ў зямлі, несмяротная як Яго ўваскрасенне з мёртвых.

Хоць Закон стары, але Слова новае; хоць вобраз часовы, але ласка вечная; хоць тленнае ягнё, але нятленны Пан, які быў ахвяраваны як ягнё, а ўваскрос як Бог.

Як ягня, вялі Яго на забой, але Ён не быў ягнём, і, як авечка, маўчаў перад тымі, хто стрыжэ яе, аднак не быў авечкай. Вобраз мінуў і засталася праўда: замест ягняці — Бог, замест авечкі — чалавек, а ў чалавеку — Хрыстус, які змяшчае ўсё.

Так, ахвяраванне ягняці, святкаванне Пасхі і кнігі Закону мелі за мэту Хрыста Езуса, дзеля якога ўсё адбывалася ў старым Законе, а тым больш і ў новым парадку.

Закон стаў Словам, і старое стала новым (адно і другое выйшла з Сіёна і Езузалема), а запаведзь ператварылася ў ласку, вобраз — у рэчаіснасць, ягнё — у Сына, авечка — у чалавека, а чалавек — у Бога.

Пан, хоць быў Богам, апрануўся ў чалавека і цярпеў пакуты за таго, хто пакутаваў, быў зняволены за вязня, асуджаны за вінаватага, пахаваны за памерлага, уваскрос з мёртвых і гучна сказаў: «Хто асудзіць Мяне, няхай падыдзе да Мяне (пар. Іс 50, 8). Гэта Я вызваліў асуджанага. ажывіў мёртвага, Я падняў пахаванага. Хто будзе супярэчыць Мне? Я, Хрыстус, які зруйнаваў смерць, трыумфальна перамог ворага, растаптаў пекла, звязаў волата і забраў чалавека на нябесныя высі. Я — той, які ёсць Хрыстом.

Таму прыйдзіце, усе народы, скаваныя грахамі, і прыміце адпушчэнне грахоў. Бо Я — ваша адпушчэнне, Я — Пасха збаўлення, Я — Баранак, зарэзаны за вас, ваша купель, ваша жыццё, ваша ўваскрашэнне, ваша святло, ваша збаўленне, ваш Валадар. Я ўзношу вас на нябесныя высі; Я ўваскрашу вас і пакажу вам Айца. які ў небе; Я ўваскрашу вас сваёй правіцай».


Тэксты ўзятыя з ІІ тома Літургіі Гадзінаў з перыяду Святога Пасхальнага Трыдуума і Велікоднага перыяду (выданне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, Мінск, 2013).

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла