Далёкае становіцца блізкім, або Анонс на новы нумар часопіса «Ave Maria»

Доўгачаканая кананізацыя папаў Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ прынесла вернікам Касцёла новую радасць і новую надзею на дзейснае заступніцтва гэтых святых перад Богам. У той жа час гэтая падзея выклікае павышаную цікавасць да лёсу і духоўнага жыцця кананізаваных пантыфікаў. Менавіта таму ў майскім нумары часопіса «Ave Maria» гэтай тэме прысвечаны цэлы цыкл матэрыялаў.

Здавалася б, наколькі далёкае для нас было штодзённае жыццё Святога Айца Яна Паўла ІІ, хоць ён і з’яўляўся нашым сучаснікам. І ў той жа час наколькі блізка мы яго пазнаем, чытаючы аповед кардынала Станіслава Дзівіша пра святасць Яна Паўла ІІ і яе знешнія праявы! «Як Ян Павел ІІ перажываў цярпенне?», «Чым былі для Яна Паўла ІІ фацімскія аб’яўленні?», «Ці шмат просьбаў аб малітве прыходзіла да Папы?» — на гэтыя пытанні Станіслаў Дзівіш адказвае Каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву.

Вядома, што для кананізацыі патрэбна афіцыйнае прызнанне цуду, здзейсненага праз заступніцтва благаслаўлёнай асобы. У Ватыкан прыходзіла мноства паведамленняў пра цуды, якія адбыліся дзякуючы малітве да благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ. Аднак які ж з гэтых цудаў адкрыў шлях да яго кананізацыі? Пра падрабязнасці абставінаў, у якіх адбылося звышнатуральнае ўмяшальніцтва Бога ў чалавечае жыццё праз заступніцтва Яна Паўла ІІ чытайце ў артыкуле Бэаты Заёнчкоўскай «Аздароўленая ў дзень беатыфікацыі».

Разам з радаснай падзеяй кананізацыі да нас, нарэшце, прыйшоў і светлы май — месяц асаблівай малітвы да Маці Божай, якая займала важнае месца і ў жыцці Яна Паўла ІІ. Пра гісторыю маёвых набажэнстваў можна даведацца з публікацыі кс. Кірыла Бардонава «Узор нашай веры», а ўслед за ім на старонках часопіса кс. Андрэй Рылка адказвае на пытанне, з якім, магчыма, даводзілася сутыкацца кожнаму практыкуючаму католіку: «Чаму не ўсе хрысціяне ўшаноўваюць Маці Божую?».

Спадзяемся, што гэтыя і іншыя матэрыялы майскага нумара часопіса натхняць вас, шаноўныя чытачы, на шчырую малітву праз заступніцтва Найсвяцейшай Марыі па прыкладзе аднаго з кананізаваных Пантыфікаў — святога Яна Паўла ІІ, і няхай гэта прынясе багаты плён у вашае духоўнае жыццё.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла