«Пра Марыю ніколі не будзе зашмат!»

Праглядаючы інтэрнэт-форумы, я часта сустракаўся з папрокамі ў адрас католікаў, нібыта мы скажаем Святое Пісанне, ушаноўваючы Марыю, Маці Езуса так, быццам Яна вайжнейшая за самога Пана Бога. Акрамя таго, сёння нават маладыя католікі, пранікнутыя духам фальшывага экуменізму, схіляюцца да сцверджанняў, што ў нас культ Марыі перабольшаны, небіблійны, і, больш за тое, з’яўляецца перашкодаю ў збліжэнні з пратэстантамі.

Давайце ж задумаемся пра культ Маці Божай. Ці сапраўды мы павінны ўшаноўваць Яе больш за іншых святых?

Касцёл заўсёды вучыў, што менавіта так і павінна быць, бо ніхто іншы са святых не быў настолькі вылучаны Богам, як Марыя.

Аднак перш чым мы пачнем разважаць пра прывілеі Марыі як Маці Божай, паглядзім на гэта з чыста чалавечага пункту погляду. Марыя — Маці Езуса, які з’яўляецца Богам. Цяжка было б пагадзіцца, што Пан Езус не любіць сваю Маці. А любячы сын заўсёды цешыцца, калі хтосьці аказвае пашану яго маці. Калі не ўлічваць паталагічныя сем’і, то цярпенні маці — заўсёды цярпенні яе дзяцей, яе радасці — іх радасці.

Па-людску кажучы, ці быў бы Пан Езус добрым Сынам, калі б зайздросціў сваёй Маці ў пашане і ўшанаванні? Паглядзім таксама з іншага боку: якая ж маці будзе зайздросціць сыну ў пашане? Хіба любячая Маці хацела б заняць месца сына, нават калі б ён быў каралём? Адказ адназначны: не! Дык чаму хтосьці падазрае, што Марыя прагне заняць месца Езуса? Давайце ўспомнім Яе словы з Каны Галілейскай: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце» (Ян 2, 5). Яе адзіны клопат — каб Божае слова было захаванае. Дык як жа Яна можа засланяць перад намі Бога?

Святое Пісанне — не бязладны тэкст, у ім кожнае слова прадуманае і выконвае сваю ролю.

Менавіта ў Бібліі гаворыцца пра Марыю: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою» (Лк 1, 28). Гэтыя словы сказаў анёл у дзень звеставання. З іх вынікае, што Марыя з самага пачатку, яшчэ да таго, як зачала Сына, была «поўная ласкі». Хіба можна пакінуць без увагі такую пахвалу? Ці не будзем мы ў такім выпадку глухімі ў адносінах да Божага слова?

Таму Касцёл з самага пачатку верыў, што Марыя была зачатая без першароднага граху. Што праўда, дагмат пра Беззаганнае Зачацце быў абвешчаны толькі 8 снежня 1854 года, але ў веры Касцёла гэтая праўда заўсёды была жывая.

Урэшце, усе прывілеі і Божыя ласкі, якія сышлі на Беззаганную, маюць сваю крыніцу ў праўдзе пра Божае Мацярынства Марыі.

Паглядзім: сярод усіх жанчын у гісторыі менавіта Яе выбраў Бог, каб праз Яе Сын Божы стаў чалавекам і прыняў чалавечае цела.

Хіба можна падазраваць Пана Бога ў тым, што Ён скарыстаўся Марыяй толькі як прыладаю, а пасля таго, як Яна выканала даверанае Ёй заданне, забыў пра Яе?

Напрошваецца выснова, што гэта не мы, католікі, змяншаем ролю Пана Бога, а менавіта нашы апаненты ўяўляюць найлепшага Бога занадта «службова», не зважаючы на Яго Любоў.

Калі Пан Езус абяцае, што нават той, хто дзеля Яго падасць вучням кубак вады для піцця, не страціць сваёй узнагароды, то хто ж будзе сумнявацца, што Ён узвысіў як найбольш годную Тую, якая Яго зачала, нарадзіла, выхавала і затым спадарожнічала Яму ў Яго дзейнасці.

Па Яе просьбе Збаўца ўчыняе першы цуд, Ёй аддае пад крыжам Яна, што ў Евангеллі называў сябе «вучнем, якога Езус любіў», каб такім чынам аддаць Ёй у апеку кожнага свайго вучня.

Урэшце, паглядзім на Марыю як на цудоўнае Божае стварэнне. Дапусцім, хтосьці спраектаваў дом, пабудаваў яго і аздобіў. Пасля ўсе, хто праходзіць міма, захапляюцца: «Які цудоўны дом!» Хіба стварыцель гэтага дома будзе бачыць зло ў тым, што людзі хваляць яго ўласнае стварэнне? Хіба Бог можа крыўдаваць на таго, хто хваліць Яго ў Марыі і праз Яе, калі Ён сам стварыў Яе і выбраў як Маці свайго Сына?

Некаторыя сцвярджаюць, што ўшанаванне Марыі — няслушнае, бо пра гэта нічога не гаворыцца ў Святым Пісанні. Аднак трэба ўмець «чытаць паміж радкоў» — і тады мы пераканаемся, што гаворыцца!

Акрамя таго, у Святым Пісанні таксама нічога не сказана пра многіх Апосталаў пасля Уваскрасення Пана. Трэба памятаць, што гэта не Катэхізіс, а Добрая Навіна, перш за ўсё абвяшчэнне праўды пра жыццё, адкупленне і уваскрасенне Езуса Хрыста. Таму ў Евангеллі Асоба Пан Езуса заўсёды на першым месцы, і так павінна быць. Аднак гэта не выключае прысутнасці Яго Маці.

Умілаваныя! Святы Бэрнард, вялікі ўшанавальнік Маці Божай, гаварыў: «Пра Марыю ніколі не будзе зашмат!» Гэта не значыць, што Яна лепшая ці важнейшая за Бога. Усё, што Яна атрымала, атрымала з Яго ласкі. Яе веліч заключаецца ў тым, што Яна не змарнавала ніводнай з ласкаў і ўмела ўсё сваё жыццё падпарадкоўваць Божаму плану, плану свайго Сына. Нават тады, калі гэта было вельмі цяжка. Калі Яна стаяла пад крыжам, яднала свой боль з Яго болем. Таму мы можам называць Яе саўдзельніцай адкуплення.

Што можна сказаць яшчэ… Пра Яе веліч напісана шмат тэалагічных трактатаў, цудоўных працаў, кніг і малітваў. Маці Божая заступаецца за нас перад Богам і вучыць нас выконваць Яго волю.

Калі Пан Бог прыняў малітву Абрагама, які заступаўся за жыхароў Садомы (Быц 18, 23–33), то чаму не прыме Яе малітвы?

Няхай у велікодны перыяд, калі мы спрабуем змяніць сваё жыццё і навярнуцца да Бога, нам ва ўсім спадарожнічаюць словы Найсвяцейшай Маці: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце» (Ян 2, 5), і нашае навяртанне абавязкова прынясе плён. Амэн.

Кс. Адам Мартына
Паводле: www.pch24.pl
Пераклала з польскай мовы Г. Шаўчэнка.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла