За шчасцем наўздагон

Шостая велікодная нядзеля, год А (25.05.2014)

«“Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі. І Я папрашу Айца, і дасць вам іншага Суцяшыцеля, каб быў з вамі навекі, Духа праўды, якога свет не можа прыняць, таму што не бачыць Яго і не ведае. А вы Яго ведаеце, бо Ён з вамі ёсць і ў вас будзе. Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас. Яшчэ крыху і свет ужо не ўбачыць Мяне. Вы ж бачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце. У той дзень пазнаеце, што Я ў Айцу Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас. Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой, і Я палюблю яго, і аб’яўлюся яму”» (Ян 14, 15–21).

За шчасцем наўздагон

Многія сучасныя хрысціяне ўпадаюць у пэўную эйфарыю ад усведамлення Збаўлення, прынесенага ўваскрасеннем Хрыста, бо на гэтай падставе лічаць, што месца ў Божым Валадарстве кожнаму ўжо забяспечанае.

З гэтай нагоды хацелася б заўважыць, што, калі, напрыклад, мы маем у кішэні квіток у тэатр, на канцэрт ці на той жа хакейны матч, гэта яшчэ не гарантуе, што мы трапім на жаданае відовішча. Каб апынуцца ў патрэбным месцы, як запланавана, трэба спачатку прайсці нейкі шлях, на якім могуць сустрэцца і перашкоды, і нечаканасці. Да гэтага таксама трэба быць гатовымі. А нават калі яны і не сустрэнуцца, заўсёды трэба захоўваць у дарозе пэўныя правілы руху, каб не стаць прычынай аварыі, якая не толькі не дазволіць своечасова прыбыць куды трэба, але можа пазбавіць яе ахвяраў здароўя і нават жыцця.

Таму, маючы квіток у Божае Валадарства — сакрамэнт хросту, які робіць нас удзельнікамі Хрыстовай смерці і ўваскрасення і дае права на неба, нельга забывацца, што скарыстацца ім мы зможам толькі выконваючы правілы жыцця, дадзеныя яго Аўтарам. У гэтым выпадку нават жыццёвая катастрофа, якая можа адбыцца і не па нашай віне, прыносячы шкоду целу, не зможа пашкодзіць здароўю і жыццю душы, якая імкнецца даказаць сваю любоў да Бога і бліжняга шчырым выкананнем запаведзяў. Як нязменны іх Даўца, так і яны не залежаць ад зменлівасці свету і пануючых у ім у той ці іншы момант часу веянняў і моды, што часта з’яўляюцца вынікам пошукаў шчасця без Бога.

Але сапраўднае шчасце без Бога немагчымае. Дасягненні ў свеце толькі тады будуць карысныя, калі не пярэчаць спрадвечным нормам жыцця. Для іх захавання хрысціяне пакліканыя ў першую чаргу, каб быць сапраўднымі сведкамі Уваскрослага, які перамог свет, што не бачыць, не ведае і не прымае Духа праўды (пар. Ян 14, 17), Суцяшальніка, які праз вякі вядзе Касцёл.

Папулярнае сёння «распазнанне знакаў часу» зусім не азначае прыпадабненне да свету, а толькі ўсведамленне найбольшых актуальных перашкодаў на шляху да збаўлення і ўменне знайсці адпаведныя сродкі, якія як мага больш эфектыўна дапамогуць супрацьстаяць распаўсюджванню той ці іншай духоўнай заразы, што атручвае і асляпляе душы. Заўважыць і пераадолець усе перашкоды можа толькі чалавек, асвечаны і ўмацаваны Божай ласкай, які таксама памятае, што яна дзейнічае не сама сабою, а патрабуе супрацоўніцтва ў выглядзе ладу жыцця паводле запаведзяў любові. Гэта і будзе гарантыяй вечнага шчасця для нас і ўказаннем правільнага кірунку для тых, хто навокал.   

Айцец Міхал Ермашкевіч OP

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла