Жыць у раскошы Божай любові, або Агляд чэрвеньскага нумара «Ave Maria»

Чэрвень са сваёй раскошай зеляніны, сонечнага цяпла і квецені нібы запрашае нас узгадаць пра раскошу Божай любові і шчодрасці. Нездарма гэты месяц прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Узгадаць пра набажэнства да Сэрца Езуса запрашае нас і чэрвеньскі нумар часопіса «Ave Maria» ў артыкуле кс. Юзафа Гавэла SCJ «Ян ХХІІІ — сфармаваны ў школе Сэрца Езуса». Добры Папа Ян — як яго называлі вернікі — у сваіх дзённікавых запісах дзеліцца з намі, нашчадкамі, сваім перажываннем гэтага набажэнства, якое прыносіць вялікі плён у жыцці хрысціянаў.

Ці не здраджваем мы часам Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, якое бясконца любіць нас? Ці не знаходзім сабе розных бажкоў, асабліва ў час выпрабаванняў? Пра гэта вядзецца гаворка ў артыкуле кс. Андрэя Рылкі «Ці лячыць хваробы замовамі?». Увогуле — ці будзе грахом зварот да «знахаркі», калі яна ў час замоваў выкарыстоўвае малітвы? А можа, яна надзеленая дарам лячыць іншых ад самога Бога? Пра пазіцыю Касцёла адносна гэтай праблемы даведаемся з рубрыкі «Святар адказвае на пытанне».

Маладых хрысціянаў вельмі часта можа хваляваць яшчэ адна небяспека здрады любячаму Богу: «Што мне рабіць? Ён не хрысціянін, і ўсе мае знаёмыя кажуць, што я не павінна хадзіць з ім на спатканні», — запыталася дзяўчына ў сямейнага кансультанта, аўтара шматлікіх кніг па псіхалогіі Генры Клаўда. Яго адказ на гэта хвалюючае пытанне чытайце ў артыкуле «На спатканне — з нехрысціянінам?».

Чытачы ўжо прызвычаіліся, што на апошніх старонках часопіса друкуюцца малітвы ў розных інтэнцыях і да розных святых. На гэты раз мы  прапануем «Вяночак да святога Антонія», бо да гэтага святога, успамін якога адзначаецца 13 чэрвеня, многія вернікі адносяцца з асаблівым даверам і любоўю.

Спадзяемся, што гэтыя і іншыя матэрыялы часопіса дапамогуць вам, шаноўныя чытачы, заўжды заставацца ў апецы Найсвяцейшага Сэрца Езуса і не сумнявацца ў Яго любові. Інакш навошта было гэтаму Сэрцу, прабітаму дзідай, аддаваць за нас сваё жыццё?

Рэд.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла