Дванаццатая звычайная нядзеля, год А (22.06.2014)

«Не бойцеся іх, бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і патаемнага, што б не стала вядомым. Што кажу вам у цемры, гаварыце пры святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах. Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а больш бойцеся таго, хто можа душу і цела загубіць у геене. Ці ж не два вераб’і прадаюцца за ас? I ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага. У вас жа і валасы на галаве палічаны. Таму не бойцеся: вы вартыя больш за мноства вераб’ёў. Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах. А хто адрокся б ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах» (Мц 10, 26–33).

Боязь і страх

Сёння, на жаль, вельмі рэдка можна пачуць казанне, у якім сур’ёзна гаворыцца пра рэальную небяспеку трапіць у пекла. Нават тэма цярпенняў у чыстцы закранаецца не вельмі ахвотна. Куды часцей на пахаваннях агучваюць думкі накшталт таго, што нябожчык ужо пазірае на нас з неба, нібы кананізаваны святы, хоць часта вядома, што жыццё яго не было ідэальным. Усё ж больш адпаведна было б падкрэсліць неабходнасць трывалай малітвы за памерлага, якая не будзе залішняю нават тады, калі ўсе перакананыя ў яго святасці. Варта памятаць мудрае выказванне, што менавіта такое перакананне можа абярнуцца для нябожчыка самай вялікай крыўдай, таму што ўпэўненыя ў ягонай святасці блізкія не моляцца належным чынам за яго і пазбаўляюць гэтым дзейснай дапамогі ў пасмяротным ачышчэнні. З іншага боку, плён малітвы і асабліва святой Імшы за таго, хто ўжо ў небе, не змарнуецца: гэта спатрэбіцца іншым...

Пэўна ж, такое замоўчванне і залагоджванне цяжкаўспрымальных і малапрыемных аспектаў веры як пекла ці чысцец адбываецца з добрых намераў: каб суцешыць родных і блізкіх памерлага, каб не адштурхнуць ад веры «страшылкамі пра пекла» і г.д. Але, як вядома, тое ж пекла (або, паводле іншай версіі, шлях да яго), пабрукаванае добрымі намерамі...

Пан Езус не баяўся адштурхнуць кагосьці праўдаю. Ён, уцелаўлёная Любоў Айца да людзей, не аднойчы перасцерагае нас перад небяспекай геены вогненнай або вонкавай цемры, дзе «плач і скрыгатанне зубоў». Ён заахвочвае... баяцца «таго, хто можа душу і цела загубіць у геене». Але гэтыя словы няправільна было б разумець як запалохванне вобразам нейкага пякельнага монстра, які хоча нас знішчыць.

Боязь Бога — дарэчы, адзін з дароў Духа Святога — гэта боязь назаўжды страціць найвышэйшую каштоўнасць — жыццё ў Богу, размяняўшы яго на часовыя і часта фальшывыя зямныя каштоўнасці. Яна не мае нічога агульнага са страхамі з фільмаў жаху. Яе натуру крыху дапамагае зразумець параўнанне з бояззю запэцкаць бруднымі рукамі чысты белы абрус ці памяць ботамі прыгожы далікатны кветнік. Ці, яшчэ больш дакладна, яе нагадвае боязь скрыўдзіць таго, хто табе неабыякавы, страціць яго любоў і прыхільнасць. Такая боязь не паралізуе, не кідае ў паніку і роспач, а заахвочвае да канкрэтнага дзеяння. Ва ўзгаданых прыкладах яна падштурхоўвае старанна мыць рукі, уважліва глядзець пад ногі, лічыцца з іншай асобай. Хрысціяніна ж боязь Божая заахвочвае нават пад пагрозаю непапулярнасці ў тым ці іншым асяроддзі — аж да страты зямнога жыцця — асцерагацца ўсяго, што вядзе да адрачэння ад Хрыста і Яго навукі. «Не бойцеся тых, хто забівае цела»...

Кожны, хто нейкім чынам прапаведуе Божае слова, павінен пазбягаць паўпраўды, каб не ператварыцца ў такога «забойцу душы». Бо замоўчванне небяспекі не засцерагае ад яе, а наадварот, чыніць непадрыхтаваным, безабаронным, пазбаўляе магчымасці своечасова скарыстацца неабходнымі сродкамі, якія дапамагаюць нам трываць у Богу. Аптымізм хрысціянства заключаецца не ў тым, каб рабіць выгляд, што пекла няма або яно пустое, як цяпер модна лічыць, а ў тым, каб успрымаць вучэнне Хрыста цалкам, не выбраючы толькі тое, што нам у ім падабаецца і адпавядае «духу сучаснасці»; каб усур’ёз даверыцца Таму, хто ніколі не падманвае і абяцае прызнаць тых, хто верны Яму ва ўсім да канца, перад Айцом Нябесным...
 

 Айцец Міхал Ермашкевіч OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней