Исцеление от чувства обиды

Па ініцыятыве айцоў езуітаў выдавецтва «Pro Christo» пачынае друкаваць рэкалекцыйныя разважанні айца Юзафа Аўгустына SJ, якія грунтуюцца на «Духоўных практыкаваннях» святога Ігнацыя Лаёлы. Першая кніга з гэтай серыі — гэта «Исцеление от чувства обиды», фундамент рэкалекцый.

Духоўныя практыкаванні святога Ігнацыя нездарма карыстаюцца вялікай папулярнасцю: сучасны чалавек у патоку інфармацыі, якая ліецца на яго з усіх бакоў, часта перажывае духоўны крызіс, яму неабходна заглыбіцца ў сябе, каб з дапамогаю досведу веры ўсвядоміць уласную натуру як частку Божага стварэння. Серыя кніг, падрыхтаваная выдавецтвам «Pro Christo» — гэта своеасаблівы дапаможнік у правядзенні ігнацыянскіх рэкалекцый. Шмат гадоў аўтар праводзіў падобныя рэкалекцыі ў розных краінах свету, вынікам якіх і сталі гэтыя разважанні.

Кожная кніга серыі наўмысна захоўвае рысы жывога дыялогу з аўтарам і дзеліцца на дзве часткі: уводзіны ў медытатыўную малітву і практычныя разважанні на шматлікія важныя тэмы — пытанні, без якіх не абыходзіцца духоўнае жыццё чалавека. Айцец Юзаф Аўгустын не дае гатовых адказаў на гэтыя складаныя пытанні, ён натхняе разважаць над імі, аналізаваць сваё духоўнае жыццё, весці індывідуальныя духоўныя пошукі ў імкненні распазнаць сябе і кантактаваць з жывым Богам. Ён дзеліцца ўласным жыццёвым досведам, спачуваючы і дапамагаючы свайму чытачу.

Першая кніга серыі, «Исцеление от чувства обиды» — гэта ўводзіны ў духоўныя практыкаванні, і яе практычная частка прысвечаная пачуццю крыўды, якое нярэдка жыве ў чалавеку яшчэ нават з далёкага дзяцінства і перашкаджае яго духоўнаму росту. Айцец Юзаф Аўгустын вучыць нас усведамляць сваю крыўду і, нягледзячы на яе, будаваць адносіны з людзьмі, супрацьстаяць тым пакутам, якія прыносіць нам крыўда, і дэманструе дынаміку аздараўлення ад гэтага пачуцця праз прабачэнне і прымірэнне. Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае нашая блізкасць з Богам. Таму кніга вучыць таксама малітоўнаму разважанню над Божым словам, глыбокія паралелі якога з жыццём і праблемамі сучаснага чалавека праводзіць аўтар.

Мы ўпэўненыя, што серыя гэтых рэкалекцыйных разважанняў будзе цікавая кожнаму, хто клапоціцца пра сваё духоўнае развіццё і знаходзіцца ў пастаянным будаванні яшчэ глыбейшых адносінаў з Хрыстом.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла