Таямніца сапраўднага дабра

Дваццаць трэцяя звычайная нядзеля, год А (07.09.2014)

«Езус сказаў сваім вучням: Калі зграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго сам-насам. Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў брата свайго. Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведкаў пацвердзілася ўсялякае слова. Калі ж не паслухаецца іх, скажы Касцёлу. А калі і Касцёла не паслухаецца, то няхай ён будзе для цябе як язычнік і мытнік. Сапраўды кажу вам: што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана ў небе, і што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана ў небе.

Сапраўды таксама кажу вам, што, калі б двое з вас на зямлі згодна прасілі б нейкай рэчы, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Мц 18, 15–20).

Таямніца сапраўднага дабра

«Няхай ён будзе для цябе як язычнік і мытнік».  Хрыстус у іншым евангельскім урыўку сказаў таксама, што «мытнікі і распусніцы наперадзе вас ідуць у Валадарства Божае», і гэтыя словы даюць нам надзею, не дазваляючы адчайвацца ў клопаце пра навяртанне бліжніх. Спачатку задамо сабе пытанне, каго Хрыстус называў «братамі». Гэта тыя, хто адкрыў для сябе любоў Хрыста, дазволіў, каб Езус абмыў яго сваёю Крывёю, асвяціў яго. Жыццё такога чалавека з'яўляецца адказам на Хрыстовую любоў, яно напоўненае любоўю да бліжніх. 

«Любоў не чыніць бліжняму зла» — чытаем мы ва ўрыўку з сённяшняга чытання з Паслання святога Паўла да рымлянаў. Запытаймася, што такое любоў. Святы Тамаш Аквінскі падае класічную дэфініцыю гэтага паняцця: «Любоў — гэта плённае прагненне сапраўднага дабра для бліжняга». Паспрабуйма паразважаць над гэтым у кантэксце Евангелля, адносна таго, каб разам са сведкамі дакараць брата, які зграшыў супраць нас, і таго, як дапамагчы яму навярнуцца. Ці ў выпадку, калі нехта нас крыўдзіць, нас хвалюе толькі тое, як моцна нас пакрыўдзілі, ці больш увагі мы звяртаем на сітуацыю, у якой знаходзіцца крыўдзіцель? Мы мусім адкрыцца Духу Святому, каб Ён абудзіў у нашых сэрцах прагненне дабра для чалавека, які страціў ласку Божую, пакрыўдзіўшы нас. Прагненне дабра для бліжняга прымушае нас шукаць спосаб таксама абудзіць у тым, хто ўпаў, прагненне — прагненне вярнуцца на шлях ласкі Божай. Без гэтага прагнення ў сэрцы грэшніка — дзеяння Духа Святога — ён падобны да каменя. І таму, каб прагненне дабра для бліжняга, якое нараджаецца ў нашых сэрцах, было плённым, не трэба ўнікаць малітвы, дакораў, посту і іншых пакутаў. 

Прыкладам можа паслужыць парада святога Яна Віянэя. Ён даў яе пробашчу з суседняй парафіі, які скардзіўся, што яго парафіяне не навяртаюцца, нягледзячы на яго казанні і малітвы. Тады святы Ян сказаў так: «Ты яшчэ не зрабіў усяго магчымага. Ты можаш яшчэ больш маліцца, пасціць і ляжаць крыжам у іх інтэнцыі». Захавайма ў сваіх сэрцах гэтае простае навучанне пробашча з Арса, і тады, калі мы будзем прагнуць дабра для грэшніка — нашага брата, які знаходзіцца ва ўпадку — малітва, пост і іншыя ахвярныя практыкі павялічаць нашую надзею. Гэта значыць, што за прагненнем дабра для іншага чалавека павінны ісці нашыя канкрэтныя рашэнні і ўчынкі. Недастаткова адных дакораў. Пан Езус, адзіны Збавіцель нашага брата, які зграшыў, дакладна не будзе абыякавым да нашых руплівых і поўных любові высілкаў.  

Айцец Раман Шульц OP

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла