Які салодкі шлях любові

Урывак з кнігі «Гісторыя адной душы»

Матачка, які ж салодкі шлях любові! Вядома, можна ўпасці, можна стаць нявернай. Ды любоў, умеючы з усяго ўзяць карысць, хутка знішчае ўсё, што можа не падабацца Пану, пакідаючы ў глыбіні сэрца толькі пакорлівы і глыбокі спакой.

Ах, колькі святла пачэрпнула я ў творах святога Яна ад Крыжа! Калі мне было сямнаццаць і васямнаццаць гадоў, у мяне не было іншага духоўнага пажытку. Але пазней усе духоўныя пісьменнікі пакідалі ўва мне адчуванне сухасці. І цяпер я ўсё яшчэ знаходжуся ў такім настроі. Калі я адкрываю кнігу, нават самую цудоўную, самую кранальную, маё сэрца ў тую ж хвіліну сціскаецца і, чытаючы, я не магу нічога зразумець; а калі разумею, то мой розум спыняецца, і я не магу разважаць.

У гэтым бяссіллі мне на дапамогу прыходзіць Святое Пісанне і «Наследаванне Хрыста». У іх я знаходжу штодзёную манну, чыстую і добрай якасці. Але найбольш падтрымлівае мяне ў часе разумовай малітвы Евангелле; там я чэрпаю ўсё, што патрэбна маёй малой душы. Я заўсёды адкрываю ў ім новае святло, утоены і таямнічы сэнс. Я разумею і ведаю з вопыту, што Валадарства Божае — унутры нас. Езусу Хрысту не патрэбныя ні кнігі, ні вучоныя, каб павучаць нашыя душы. Ён, Настаўнік настаўнікаў, вучыць без гучных словаў. Ніколі я не чула, каб Ён гаварыў, але я ведаю, што Ён ува мне. Кожную хвіліну Ён кіруе мною і натхняе мяне. Менавіта ў той момант, калі мне гэта патрэбна, я заўважаю, як робіцца зразумелым тое, што было мне дагэтуль невядомым. Найчасцей мой духоўны пагляд асвятляецца не ў малітоўныя гадзіны, але сярод штодзённых заняткаў.

Матачка, хіба пасля гэткіх міласцяў я не магу славіць Пана разам з псальмістам: «Бо Ён  добры, бо навекі Яго міласэрнасць» (Пс 118, 1). Мне здаецца, калі б усе людзі атрымлівалі такую ж ласку, як і я, то ніхто больш не баяўся б Бога, але ўсе бязмежна любілі б Яго; з любові, а не з боязі ніводная душа ніколі не ўчыніла б найменшага граху.

Словам, мне зразумела, што ўсе душы не могуць быць падобныя адна на адну; трэба, каб яны былі розныя дзеля таго, каб кожная Боская дасканаласць ушаноўвалася імі асобна. Мне Ён падарыў сваю бясконцую міласэрнасць, і ў гэтым невымоўным адлюстраванні я бачу іншыя Яго ўласцівасці. І тады ўсе яны мне здаюцца выпраменьваннем любові; сама справядлівасць, магчыма, нават больш за іншыя Яго якасці здаецца мне апранутай у любоў. Якая ж гэта салодкая радасць — думаць, што Пан справядлівы, гэта значыць, што Ён лічыцца з нашымі слабасцямі, што Ён дасканала ведае ўсю немач нашае прыроды! Чаго ж мне тады баяцца? Бясконца справядлівы Бог, які з такою міласэрнасцю пажадаў адпусціць грахі марнатраўнаму сыну, ці не будзе Ён таксама справядлівы і да мяне, якая заўсёды з Ім?

У тым жа 1895 годзе я мела гонар атрымаць Божую ласку большчым калі-небудзь зразумець, наколькі Пан Езус хоча быць любімым. Думаючы аднойчы пра душы, якія прыносяць сябе ў якасці ахвяры Божай справядлівасці дзеля таго, каб адхіляць прызначаныя для нас пакаранні, і прымаючы апошнія на сябе, я ўспрымала гэтую ахвярнасць вялікай і высакароднай, але была далёкаю ад таго, каб адчуваць сябе пакліканай да яе.

«О мой Боскі Настаўнік! — усклікнула я з глыбіні сэрца. — Хіба толькі адной Тваёй справядлівасці трэба прыносіць ахвяры ўсеспалення? Хіба не мае ў іх патрэбы і Твая міласэрная любоў? З усіх бакоў яе не прызнаюць, адмаўляюцца ад яе...; сэрцы, якім Ты хочаш дарыць яе, звяртаюцца да стварэнняў, у іх шукаюць мімалётнага замілавання, замест таго, каб кінуцца ў Твае рукі і аддаць  сябе ў салодкі горан Тваёй бясконцай любові.

Божа мой... Калі Твая справядлівасць, якая распаўсюджваецца толькі на зямлю, схільная да адплаты, то наколькі ж болей жадае запальваць душы міласэрная любоў, бо ласка Твая ўзыходзіць да нябёсаў! О Езу, няхай жа я буду шчасліваю ахвяраю! Знішчы сваю маленькую ахвяру агнём Боскае любові».

Матачка! Вы дазволілі мне прынесці сябе такім чынам Пану Богу, Вы ведаеце струмені, альбо лепш сказаць, акіяны ласкаў, якія залілі маю душу адразу ж пасля таго, як я прынесла сябе Яму ў дар 9 чэрвеня 1895 года...

З гэтага дня Любоў працінае мяне і атуляе. Кожную хвіліну гэтая міласэрная Любоў мяне абнаўляе, ачышчае, не пакідае ў маім сэрцы і следу граху. Не, я не магу баяцца чыстца. Ведаю, што ў гэта месца адкуплення я не заслугоўваюнават увайсці разам са святымі душамі. Але я ведаю таксама, што агонь любові лепш асвячае, чымсьці агонь чыстцовы. Я ведаю, што Пан Езус не можа жадаць нам непатрэбных пакутаў і што Ён не пасылаў бы мне жаданняў, якія ёсць ува мне, калі б Ён не хацеў задаволіць іх...

Вось, мая горача любімая матачка, усё, што я магу сказаць Вам пра жыццё Вашай маленькай Тэрэзы. Вы і без гэтага ведаеце, што яна ўяўляе сабою і што Пан Езус зрабіў для яе. Таму даруйце мне, калі я моцна скараціла аповесць пра яе манаскае жыццё.

Як скончыцца гэтая «Аповесць пра малую белую кветачку?»...

Магчыма, гэтая маленькая кветачка будзе сарваная яшчэ свежаю альбо будзе перасаджана на іншыя берагі... Гэтага я не ведаю; але я ўпэўненая, што Божая міласэрнасць заўсёды будзе з ёю, што яна ніколі не перастане благаслаўляць Маці, якая дае яе Пану Езусу.

Вечна будзе радавацца, што яна — адна з кветачак Яго кароны; вечна будзе яна разам з гэтай любімай маці спяваць заўсёды новую песню любові і ўдзячнасці.

Святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса

Пераклад А. Барткевіч
АМ 10(36)1997

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла