«Я справядліва заплачу вам»

Дваццаць пятая звычайная нядзеля, год А (21.09.2014)

«Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у свой вінаграднік. Дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, ён паслаў іх у свой вінаграднік. Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы, cказаў ім: “Ідзіце і вы ў мой вінаграднік, а я справядліва заплачу вам”. Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзявятай гадзіны, зрабіў тое самае. Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: “Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы?” Яны сказалі яму: “Нас ніхто не наняў”. Ён сказаў ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік”. Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму эканому: “Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых”. I тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары. Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому, кажучы: “Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку”. У адказ ён сказаў аднаму з іх: “Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною? Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе. Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры?” Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя — апошнімі» (Мц 20, 1–16).

«Я справядліва заплачу вам»

У нядзельным евангельскім чытанні мы чуем прыпавесць Езуса пра Валадарства Нябеснае, якое Ён параўноўвае з вінаграднікам. Каб сабраць ураджай, гаспадар вінаградніка запрашае работнікаў, дамаўляючыся з імі аб плаце. Тыя хто не меў, што рабіць, цяпер маюць працу, іх чакае заробак. 

Праблемы з’яўляюцца, калі гаспадар пачынае разлік з работнікамі, якія прыйшлі працаваць у розны час. Тыя, што прыйшлі першымі, ацанілі сябе і сваю працу вартымі большай платы. Яны паставілі сябе на месца гаспадара, што іх запрасіў, даў ім магчымасць зарабіць. Гаворка тут не пра справядлівую плату за працу, але пра тое, хто павінен вырашаць, колькі работнік атрымае за сваю працу. Вырашаць павінен гаспадар, ён мае на гэта права і кіруецца дабром для ўсіх работнікаў. Можна, канечне, даручыць работнікам задачу вызначаць належную аплату, але навошта тады патрэбны гаспадар?

У жыцці мы імкнемся рабіць дабро. Але калі адчуваем, што Бог нам штосьці павінен за гэта, мы пачынаем думаць як работнікі з прыпавесці, якія прыйшлі на працу першымі. Нашыя добрыя ўчынкі патрэбныя перадусім нам самім, бо толькі так мы жывем згодна з тым, для чаго створаныя. Чалавек створаны добрым, каб дзяліцца дабром з іншымі. Бог запрашае нас разам з Ім рабіць дабро, не азіраючыся, хто зрабіў больш, а хто менш. Галоўнае — не стаяць на месцы, калі Гаспадар запросіць нас на працу. Усе, хто адзавецца на Яго запрашэнне, атрымаюць шчодрую плату, бо разлік будзе весці сам Бог.

Айцец Павел Мажэйка OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней