Арханёл Габрыэль — муж, моцны Богам

Божыя пасланнікі. Частка ІІ.

Арханёл Габрыэль упершыню з’явіўся на старонках Святога Пісання ў вобразе мужчыны. Даніэль — габрэй, які знаходзіўся на выгнанні ў Бабілёніі — меў бачанне барана і казла. Ён не ведаў, што гэта азначае. Раптам з’явіўся перад ім хтосьці «ў вобліку мужчыны» (пар. Дан 8, 15) і Даніэль пачуў, як чалавечы голас над ракою Улай усклікнуў: «Габрыэлю, растлумач яму бачанне!» (пар. Дан 8, 16) Спалоханы Даніэль упаў ніцма, а таямнічы мужчына патлумачыў: «Ведай, сын чалавечы, што бачанне адносіцца да канца часоў» (пар. Дан 8, 17).

«Хутка прыляцеў да яго»

Гэтае бачанне вельмі спалохала Даніэля, хоць мела аптымістычнае завяршэнне. «Вось, — распавядае Даніэль, — паўстане кароль у жахлівым абліччы», які «неспадзявана падрыхтуе гібель многіх», аднак «будзе знішчаны без удзелу чалавечай рукі» (пар. Дан 8, 23–25). Хоць Габрыэль тлумачыў, што бачанне датычыць «аддаленых дзён», Даніэль не мог супакоіцца. Яго агарнула немач, ён шмат дзён хварэў. І да канца не зразумеў тое, што тлумачыў яму Божы пасланнік.

Даніэль быў чалавекам багабойным. Ён ведаў, што прароцтва Ераміі пра спусташэнне Ерузалема — гэта наступства граху. Таму, жадаючы злагодзіць Божы гнеў, ён горача маліўся, перапрашаючы за правіны — свае і Ізраэля. Тады Габрыэль «хутка прыляцеў да яго каля часу вячэрняй ахвяры», каб даць яму «поўнае разуменне» (пар. Дан 9, 21–22). Ён растлумачыў Даніэлю, калі наступіць знішчэнне святыні, а потым на гэтыя словы спашлецца сам Хрыстус, прадказваючы разбурэнне Ерузалема і канец свету.

Тут арханёл Габрыэль выступае як пасланнік, што тлумачыць людзям Божыя намеры. Менавіта яго Бог пашле да людзей з місіяй прадказання найважнейшай падзеі. Габрыэль пакіне нам незвычайную памятку — словы, якія будуць названыя «Анёльскім прывітаннем» і якія будзе паўтараць мноства хрысціянаў у штодзённай малітве. Ён таксама будзе названы «Анёлам Божага ўцелаўлення», але перад гэтым ён выканае яшчэ адну важную місію.

«Жонка твая народзіць табе сына»

У часы Ірада, караля юдэйскага, жыў багабойны святар Захарыя і яго жонка Альжбета, якая паходзіла з роду Аарона. Яны былі людзьмі справядлівымі і жылі паводле Божых запаведзяў. Адна рэч іх асабліва засмучала — яны не мелі дзіцяці, бо Альжбета была бясплоднаю. Хоць яны былі ўжо ў старым узросце, не пераставалі маліцца.

Аднойчы, калі Захарыя выконваў святарскую паслугу ў святыні, з’явіўся перад ім анёл Пана. Святар вельмі спалохаўся, але Божы пасланнік супакоіў яго: «Не бойся, Захарыя, бо выслухана просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, а ты назавеш яго імем Ян. Будзе табе радасць і весялосць, і шмат хто ўзрадуецца нараджэнню ягонаму» (Лк 1, 13–14).

Анёл абвясціў здзіўленаму Захарыю пра важную місію, што выканае яго сын, які многіх з сыноў Ізраэля наверне да Пана. Святар не паверыў, таму запытаўся ў анёла: «Па чым я пазнаю гэта? Бо я стары і жонка мая ў старым узросце». Анёл адказаў яму: «Я Габрыэль, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою, і абвясціць табе добрую навіну пра гэта. І вось, ты будзеш маўчаць і не зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час» (Лк 1, 19–20). І адбылося ўсё так, як прадказаў арханёл.

«Благаслаўлёная Ты між жанчынамі»

Сціплая габрэйская дзяўчына, убачыўшы ў бацькоўскім доме ў Назарэце перад сабою анёла, таксама адразу спалохалася. Калі ён сказаў Ёй: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою» (Лк 1, 28), Яна вельмі збянтэжылася, бо блізкасць Бога заўсёды выклікае страх. Ёй таксама цяжка было паверыць у тое, што Яна пачула. Божы пасланнік супакоіў Яе і патлумачыў: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага, і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца» (Лк 1, 30–33). Марыя была ашаломленая, Яна са здзіўленнем спытала, як жа гэта станецца, калі Яна не ведае мужа. Аднак арханёл быў не такі суровы, як у выпадку з Захарыем, і патлумачыў Ёй: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым» (Лк 1, 35).

Габрыэль апавядае Марыі пра падзеі, сведкам якіх ён быў сам. Вось Яе сваячка Альжбета, якая лічылася бясплоднаю, зачала ў старасці: «Бо для Бога няма нічога немагчымага» (Лк 1, 37). Тады Марыя адказала з пакорнаю і простаю вераю: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38).

І адышоў ад Яе Габрыэль, але — паводле хрысціянскай традыцыі — яго місія не скончылася. Ён з’явіцца ў апошнія дні, абвяшчаючы паўторнае прыйсце Хрыста, хоць ёсць і такія, хто мяркуе, што гэтым арханёлам будзе св. Міхал.

Гжэгаж Поляк.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле: «Jan Paweł II. Kolekcja — Księga Świętych». № 18: «Archaniołowie».


 
Гл. таксама:
Малітвы да арханёла Габрыэля

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла