Малітвы да св. арханёла Рафала

Св. арханёл Рафал ушаноўваецца як апякун хворых, дактароў, эмігрантаў, пілігрымаў, падарожнікаў.
Свята — 29 верасня.


Малітва да св. арханёла Рафала аб аздараўленні

Добры, святы арханёле Рафале, звяртаюся да цябе як апекуна тых, каго мучаць хваробы або цялесныя цярпенні. Ты прыгатаваў лек, які вярнуў зрок Тобію. Тваё імя азначае «лякарства Бога».

Прашу цябе аб дапамозе ў маёй патрэбе (назваць інтэнцыю). Калі ёсць на тое воля Божая, вылечы мяне ад хваробы альбо прынамсі дай мне мужнасць, неабходную для таго, каб цярпліва зносіць яе як кампенсацыю за свае грахі і дзеля збаўлення маёй душы. Навучы мяне яднаць свае цярпенні з цярпеннямі Езуса і Марыі і шукаць Божай ласкі ў святой Камуніі і малітве. Я прагну наследаваць Тваю стараннасць у выкананні Божай волі ва ўсім. Як і малады Тобій, я выбіраю цябе за спадарожніка на жыццёвым шляху. Прагну ўслухоўвацца ў твае натхненні. Даручаюся тваёй апецы, каб з Божаю ласкаю завяршыць сваё зямное падарожжа.

Святы Рафале, святы Тобій сказаў, што ты — «дапамога Божае ласкі». Падтрымлівай мяне, выпрасі для мяне Божую ласку і тое, што я даручаю твайму магутнаму заступніцтву. Боскі лекар, вылечы мяне, як калісьці вылечыў Тобія.

Святы Рафале, цябе называюць «лякарствам Бога» і «анёлам здароўя», маліся за мяне. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...


Малітва да св. арханёла Рафала
аб абароне моладзі перад духоўнаю небяспекаю

Святы арханёле Рафале, у перыяд бабілёнскай няволі Бог паслаў цябе ў адну габрэйскую сям’ю, якая ў вялікай нядолі прасіла Божай дапамогі. Бог выслухаў яе малітвы і даручыў табе спадарожнічаць маладому Тобію ў далёкай вандроўцы і дапамагчы яму знайсці добрую жонку. Гэтым Пан жадаў паказаць, якім вялікім клопатам Ён атуляе чалавека праз сваіх анёлаў, калі толькі чалавек даверыцца іх апецы. Арханёле Рафале, ты з вялікім клопатам апекаваўся сям’ёю маладога Тобія, ты злучыў двух маладых людзей, маладую жанчыну вызваліў ад моцы дэмана, а таксама вылечыў вочы старога бацькі Тобія.

Просім цябе, глянь на нашу моладзь, якая заблукала ў сучасным свеце і часта не можа зрабіць правільны выбар, паддаючыся залежнасцям ад сексу, наркотыкаў, алкаголю і іншым дрэнным схільнасцям.

Моладзь зняволеная ўсім гэтым і сама не можа знайсці выйсця. Прыйдзі з анёльскаю дапамогаю маладым людзям. Спадзяемся на цябе, бо калісьці ты аб’явіўся як Божы памочнік, як адзін з сямі анёлаў, што «ўваходзяць і служаць перад абліччам славы Пана» (Тоб 12, 15), а таксама заносяць малітвы да магутнага Бога. Святы арханёле Рафале, мы верым у тваё пасланніцтва, занясі таксама нашую малітву да трона Найвышэйшага Бога і заступайся за нас. Амэн.


Малітва да св. арханёла Рафала аб чыстасці

Святы Рафале, анёльскі заступнік моладзі, маліся за мяне да Бога, каб маё жыццё заўсёды было чыстае і святое. Гэтак жа, як ты ахоўваў маладога Тобія перад небяспекаю душы і цела па дарозе ў чужую краіну, ахоўвай і мяне ад небяспекі, якая можа напаткаць мяне ў жыцці. Умацуй мяне супраць усялякіх спакусаў.

Прашу цябе, святы Рафале, будзь анёльскім апекуном маёй чыстасці. Праз тваю вялікую любоў да Езуса, Валадара анёлаў, і Марыі, Каралевы анёлаў, беражы мяне ад нячыстасці і дапамажы мне заўсёды мець цвярозы розум, чыстае сэрца і беззаганнае цела. Я прагну часта прымаць у святой Камуніі «Хлеб анёлаў»; няхай ён будзе для мяне дзейсным лякарствам і абаронаю ад спакусаў. Дапамажы мне заўсёды ў дасканалай чыстасці служыць Езусу і Марыі, каб калісьці я мог прабываць сярод тых, пра каго Езус казаў: «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мц 5, 8). Амэн.


Малітва да св. арханёла Рафала
аб разважлівым выбары спадарожніка жыцця

Святы арханёле Рафале, апякуне маладых людзей, звяртаюся да цябе ў сваёй патрэбе. З даверам адкрываю перад табою сваё сэрца і прашу, дапамажы мне ў планаванні сваёй будучыні. Выпрасі для мяне святло Божай ласкі, каб я мудра выбраў (-ла) чалавека, які будзе спадарожнікам майго жыцця. Анёле шчаслівых спатканняў, даручаю Табе гэтага чалавека і сябе, кіруй намі і ўчыні, каб мы сустрэліся адно з адным. Гэтак жа, як ты вёў маладога Тобія да Сары і адкрыў перад імі новае, шчаслівае жыццё ў святым сужэнскім саюзе, так і мяне вядзі да той (таго), якую (якога) ты палічыш найлепшай (-ым) для з’яднання са мною ў сужэнстве. Я хацеў бы (хацела б), каб ён (яна) быў (была) добрапрыстойным (-ай), лаяльным (-ай), чыстым (-ай), шчырым (-ай) і высакародным (-ай), каб мы супольнымі намаганнямі, з чыстай, бескарыслівай любоўю дапамагалі адно аднаму ва ўдасканаленні сваіх душаў, а таксама ўмелі добра выхоўваць дзяцей, якіх Бог нам даверыць.

Святы Рафале, анёле чыстага жыцця, благаславі наша сяброўства і каханне, каб грэх не меў да іх доступу. Няхай наш будучы дом будзе падобны да дома Святой Сям’і ў Назарэце. Выпрасі ў Бога благаслаўленне для нашага сужэнства, гэтак жа, як ты прынёс благаслаўленне Тобію і Сары.

Святы Рафале, сябар маладых людзей, будзь таксама маім сябрам; я прагну заўсёды звяртацца да цябе ў сваіх патрэбах і шукаць у цябе падтрымкі. Сёння асабліва давяраюся табе і прашу, вядзі мяне да таго чалавека, з якім я змагу жыць у спакоі, любові і гармоніі ў гэтым жыцці і дасягнуць вечнай радасці ў будучым свеце. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...


Малітва да св. арханёла Рафала за падарожнікаў

Няхай усемагутны і міласэрны Пан вядзе нас у нашым падарожжы; няхай учыніць яго паспяховым і захавае нас у спакоі.

Няхай арханёл Рафал спадарожнічае нам, каб мы маглі вярнуцца ў свае дамы здаровыя, спакойныя і шчаслівыя.

Пане, змілуйся над намі.
Хрыстэ, змілуйся над намі.
Пане, змілуйся над намі.

Молімся: Божа, Ты ўчыніў так, што сыны Ізраэля па сухім прайшлі праз Чырвонае мора; з дапамогаю зоркі Ты ўказаў тром мудрацам дарогу, якая прывяла іх да Цябе, дай нам, просім Цябе, шчаслівае падарожжа і спрыяльнае надвор’е, каб мы пад апекаю Тваіх святых анёлаў маглі бяспечна дасягнуць мэты нашага вандравання, а ў будучыні — прыстанку вечнага збаўлення.

Пачуй, о Пане, малітвы сваіх слугаў. Ты ёсць паўсюль, благаславі нашае падарожжа, спашлі на нас у кожным месцы плады сваёй міласэрнасці, дазволь, каб мы пад Тваёй апекаю бяспечна вярнуліся, захаваныя ад усялякага зла, і маглі радасна дзякаваць Табе за гэта. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.


Малітвы да св. арханёла Рафала за эмігрантаў

І
Святы арханёле Рафале, ты быў верным таварышам маладога Тобія падчас доўгага падарожжа, ратуючы яго ў небяспецы, асабліва ў небяспецы смерці; просім цябе, будзь ахоўнікам і анёлам суцяшэння для тых нашых блізкіх, якія  вырушылі ў доўгае падарожжа, каб перасяліцца ў чужую краіну; аддалі ад іх усялякае зло і дазволь ім бяспечна прыйсці да мэты.
Хвала Айцу...

ІІ
Святы арханёле Рафале, прыбываючы ў Мідыю, ты аказаў маладому Тобію незвычайныя паслугі: калі пайшоў у Раг забраць доўг у Габаэля, калі дапамог Тобію знайсці годную жонку, Сару, якая была вызваленая ад моцы сатаны, а таксама калі ўзбагаціў Тобія матэрыяльнымі дабротамі. Пакорна просім цябе за тых нашых блізкіх, якія знаходзяцца ў чужой старонцы здалёк ад Айчыны. Агарні таксама іх сваёй нябеснаю апекаю, дапамажы ім знайсці добрую працу, якая забяспечыць дабрабыт іх сем'ям; ратуй іх душы ад злога духа, каб яны маглі захаваць найкаштоўнейшы скарб веры і жыць паводле яе. Амэн.

Падрыхтавана паводле выдання:
Ks. Krzysztof Tadeusz Sojka. Modlitwy do Aniołów. Kraków, 2004.


Чытайце таксама:
Гжэгаж Поляк. Арханёл Рафал — лякарства Бога.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла