Арханёл Рафал — лякарства Бога

Божыя пасланнікі. Частка І.

Жыў у Нініве, сталіцы Асірыі, пабожны габрэй Тобій. Ён апынуўся там супраць сваёй волі, таму што быў адным з нявольнікаў, захопленых у 734 г. у Галілеі каралём Асірыі Сальманасарам. Дзякуючы Тобію ярмо няволі было лягчэйшае для былых жыхароў Галілеі. Ён даваў шчодрую міласціну землякам, якія знаходзіліся ў патрэбе, раздаваў хлеб галодным і адзенне — нагім. Калі б ён спыніўся на гэтым, то быў бы адным з тых, хто верна выконваў Божыя запаведзі. Але Тобій быў героем. Рызыкуючы жыццём, ён хаваў ізраільцянаў, целы якіх з пагардаю выкідвалі за сцены Нінівы. Кароль, даведаўшыся пра гэта, загадаў забіць Тобія. Аднак Божы чалавек пайшоў з Нінівы, каб вярнуцца праз сорак дзён, калі жорсткага караля забілі не менш жорсткія за яго сыны.


Таямнічы юнак

Часам Пан выпрабоўвае сваіх верных слугаў да межаў чалавечых магчымасцяў, не спыняючыся на адным выпрабаванні. Тобій аслеп, ад жонкі ён усё часцей чуў словы дакораў і прэтэнзій. Тады ён пачаў маліцца да Пана, просячы смерці: «Загадай, каб дух мой быў забраны ад мяне, і я быў сцёрты з твару зямлі і ператварыўся ў пыл. Бо лепей мне памерці, чым жыць» (Тоб 3, 6). У той час Тобій не ведаў, што Бог паслаў яму на дапамогу анёла, які павінен прынесці шчасце ў яго дом.

Тымчасам хворы Тобій паклікаў да сябе свайго сына, таксама Тобія, і даручыў яму адправіцца ў далёкую Мідыю, у Раг, каб забраць у яго сябра Габаэля грошы, аддадзеныя таму на захаванне дваццаць гадоў таму. Бацька параіў сыну знайсці сабе спадарожніка, бо вандроўка павінна была быць небяспечнаю і доўгаю.

Паслухмяны волі бацькі, малады Тобій вырушыў у падарожжа. Тут жа за парогам ён убачыў юнака, аблічча якога адразу неяк дзіўна выклікала давер. Тобій падумаў, што менавіта гэты юнак мог бы спадарожнічаць яму на шляху да Мідыі. Аднак жадаў, каб бацька ўхваліў яго выбар. Стары Тобій вельмі хацеў даведацца, з якога роду паходзіў незнаёмец. І супакоіўся, калі даведаўся, што яго завуць Азарый і ён з’яўляецца сынам Ананіі, а значыць, сваяком Тобія. Стары нават паабяцаў, што дадасць яму штосьці да платы за суправаджэнне маладога Тобія. Дабрыня, што выпраменьвалася ад незнаёмца, не супакоіла Ганны, жонкі старога Тобія, якая дакарала мужа за тое, што з-за грошай ён рызыкуе іх адзінаю апораю. Аднак стары інтуітыўна адказаў, што іх сын знаходзіцца пад апекаю «добрага анёла».


Дэман пераможаны

Юнакі адправіліся ў дарогу. Ужо ў першую ноч іх напаткала прыгода. Калі Тобій мыўся ў рацэ Тыгр, з вады вынырнула вялікая рыбіна, якая хацела адгрызці яму нагу. «Хапай яе і не пускай гэтай рыбы!» (пар. Тоб 6, 3) — крыкнуў Азарый спалоханаму хлопцу. Пасля параіў яму выняць з яе жоўць, сэрца і печань, бо гэта — «карыснае лякарства». Тобій паслухаўся, але калі яны набліжаліся да Экбатана, хацеў ужо ўзбунтавацца супраць яго, бо Азарый сказаў, што толькі ён, Тобій, мае права ажаніцца са сваячкаю Сараю, дачкою Рагуэля. Аднак Тобій ведаў, што ў Сары было сем мужоў, і кожнага з іх напаткала смерць, калі яны ўваходзілі да яе ў сужэнскі пакой. Гэтак згубна дзейнічаў дэман Асмадэй.

Азарый параіў Тобію, каб пасля шлюбу ён узяў у сужэнскі пакой частку печані, а таксама сэрца рыбы і паклаў іх на гарачыя вуглі. Ён запэўніў, што гэты пах назаўсёды адгоніць дэмана. «Не бойся, — сказаў Азарый, — бо яна прызначаная для цябе спрадвеку». Калі ён гаварыў гэта, Тобій адчуў, што яго сэрца палае вялікаю любоўю да Сары.

Справа дайшла да жаніцьбы. Маладых адправілі ў спальню. Аднак бацька Сары, Рагуэль, быў неспакойны. Ён прадчуваў, што Тобія напаткае такі самы лёс, як і сямі іншых мужоў дачкі. Рагуэль загадаў выкапаць магілу, каб таемна пахаваць няўдачлівага — як ён думаў — жаніха. Ён паслаў служанку паглядзець, што адбываецца. Калі ж тая вярнулася і сказала, што нічога дрэннага не здарылася, бацькі нявесты пачалі праслаўляць Бога. Рагуэль і яго жонка справілі гучнае вяселле. Яно працягвалася чатырнаццаць дзён, таму Тобій выслаў свайго спадарожніка да Гамаэля забраць грошы яго бацькі.

У гэты час маці Тобія не знаходзіла сабе месца. Яна цэлымі начамі плакала, бо думала, што страціла сына назаўсёды. І вось аднойчы радасна ўсклікнула мужу: «Вяртаецца сын твой і чалавек, з якім ён пайшоў» (Тоб 11, 6). Сын падыўшоў да бацькі і прыклаў яму да вачэй жоўць рыбы. Той стаў відушчым  і пачаў праслаўляць Бога.

Вяселле справілі такое, што не было габрэя ў Нініве, які б не радаваўся шчасцю маладых і бацькоў Тобія.


«Я — адзін з сямі анёлаў»

Бацькі Тобія не забыліся пра свайго дабрадзея і жадалі даць яму палову прынесеных грошай. Аднак Азарый адкрыў ім сваю таямніцу: «Гэта я нагадваў перад абліччам славы Пана пра вашыя малітвы, калі маліўся ты і Сара і калі ты, Тобій, хаваў мёртвых. Паколькі ты не марудзіў, але падняўся і, пакінуўшы сваю гасціну, пайшоў хаваць мёртвага, я быў пасланы выпрабаваць цябе. Пасля Пан зноў паслаў мяне вылечыць цябе і тваю нявестку Сару. Я — Рафаэль, адзін з сямі святых Анёлаў, якія ўваходзяць і служаць перад абліччам славы Пана» (Тоб 12, 12–15). Калі яны пачулі гэта, вельмі спалохаліся і ўпалі ніцма перад анёлам. Ён жа гаварыў далей: «Не бойцеся! Супакой вам! Праслаўляйце Бога ва ўсе вякі! Тое, што я быў з вамі, не было маёй заслугаю, а было па волі Божай. Праслаўляйце Бога ва ўсе вякі!» (пар. Тоб 12, 17)

Пакінуўшы дом Тобія, арханёл Рафал вярнуўся да Бога. Пасля ён знікнуў са старонак Святога Пісання, але не пераставаў з’яўляцца ў жыцці многіх пабожных хрысціянаў. Ён захоўваў іх ад небяспекі, як калісьці маладога Тобія ў дарозе да Мідыі. Таму нічога дзіўнага, што імя арханёла Рафала азначае «здароўе», або «лякарства Бога».

Гжэгаж Поляк.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле: «Jan Paweł II. Kolekcja — Księga Świętych». № 18: «Archaniołowie».


 Гл. таксама:
Малітвы да св. арханёла Рафала.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла