Арханёл Міхал — «хто ж як Бог?»

 Божыя пасланнікі. Частка ІІІ.

Два папярэднія анёлы — істоты лагодныя. Міхал жа з’яўляецца наймагутнейшым і наймужнейшым з духаў. Ён лічыцца анёлам, які ахоўвае Божы трон. Перш чым арханёл Міхал уступіць у пераможны бой з цмокам, ён з’явіцца на старонках Старога Запавету, дзе паўстане як нябесны апякун Ізраэля, які падтрымлівае народ у барацьбе з ворагамі. У Кнізе прарока Даніэля пра яго гаворыцца: «Паўстане ў той час Міхал, князь вялікі, які стаіць для абароны сыноў народа твайго» (Дан 12, 1). У Новым Запавеце Бог прызначае яму падобную ролю — абаронцы Касцёла, або Новага Ізраэля.


«І скінуты быў цмок вялікі»

Св. арханёл Міхал нястомна змагаецца. У Пасланні св. Юды ён спрачаецца з д’яблам за цела Майсея. Сам ён «не адважыўся вынесці прысуд знявагі», але сказаў д’яблу: «Няхай Пан цябе пакарае!» (Юд 1, 9) У Апакаліпсісе мы ўжо бачым, як ён сам распраўляецца са злымі анёламі, якія з-за пыхі адмовіліся слухацца Бога. Усклікаючы «Хто ж як Бог?», ён прыступае да змагання з цмокам. Св. апостал Ян піша: «І ўзнялася вайна на небе: Міхал і анёлы ягоныя ваявалі з цмокам. І цмок ваяваў, і ягоныя анёлы. Але не перамаглі, і ўжо не знайшлося месца для іх на небе. І скінуты быў цмок вялікі, змей старадаўні, называны д’яблам і сатаною, што зводзіць увесь свет. Ён скінуты быў на зямлю, і з ім разам скінуты анёлы ягоныя» (Ап 12, 7–9).

Пасля пераможнай вайны з анёламі, якія ўзбунтаваліся, Бог даверыў архнанёлу Міхалу ключы ад неба і ад бездані пекла, куды былі скінутыя сатана і яго памочнікі. Сапраўды, св. Тамаш Аквінскі меў прычыны на тое, каб прарочыць: «Міхал — дыханне духа Збаўцы, які ў канцы свету разаб’е і знішчыць антыхрыста, гэтак жа, як напачатку ўчыніў з Люцыферам».


Князь войска нябеснага

Нічога дзіўнага, што такі магутны заступнік быў выбраны абаронцам Касцёла і да яго звяртаюцца з просьбамі аб дапамозе ў змаганні са злымі духамі. Многія пабожныя хрысціяне просяць яго ў малітве: «Святы арханёле Міхале, абаронца хвалы Найвышэйшага, занясі нашыя просьбы да Бога і выпрасі для нас Яго міласэрнасць».

Хрысціянская традыцыя падае шмат прыкладаў вядомых вайсковых кіраўнікоў, якія атрымалі перамогу дзякуючы яго заступніцтву.
Паводле легенды, імператар Канстанцін Вялікі, які вярнуў хрысціянам свабоду, перад вырашальнаю бітваю з Максенцыем за трон, убачыў св. арханёла Міхала. Божы пасланнік паказаў яму крыж з надпісам: «In hoc signo vinces» — «З гэтым знакам пераможаш». Канстанцін загадаў зрабіць штандар з выяваю крыжа і такім надпісам. І перамог.

У 1425 г. арханёл аб’явіўся 13-гадовай Жанне д’Арк і сказаў: «Я — Міхал, апякун Францыі». Пад яго апекаю будучая святая падрыхтавалася да вызвалення Францыі. Яна вяла ў бой французскія войскі, маючы на харугве вышытую выяву св. арханёла Міхала.

Узятая ў палон англічанамі і абвінавачаная ў чараўніцтве, Жанна д’Арк была асуджаная на смерць праз спаленне. Перад гэтым яна абвясціла тым, хто асудзіў яе: «Я бачыла св. Міхала на ўласныя вочы, так, як бачу вас. Ён ніколі мяне не пакідаў». Праз сем гадоў пасля яе смерці Францыя была вызваленая.


Анёл супакою

Раней св. Міхал быў заступнікам і прыкладам для тых, хто змагаецца з дапамогаю зброі. Таму да яго звярталіся як да сведкі падчас прыняцця ў рыцары.

Аднак сёння мы звяртаемся да св. арханёла Міхала не для таго, каб ён дапамог нам перамагчы праціўніка зброяй, а для таго, каб ён падтрымаў нас у змаганні са злымі духамі. У літургіі арханёл Міхал называецца «Angelus pacis», або анёл супакою, які не жадае вайны.

Бог даў нам цудоўных заступнікаў і памочнікаў. Варта памятаць пра гэта ў хвіліны выпрабаванняў і жыццёвых цяжкасцяў. Пра місію трох вялікіх арханёлаў цудоўна сказаў святы Ян ХХІІІ: «Калі мы часам адчуваем цяжар матэрыі і нашай людской натуры, св. Міхал, які чувае над паўсюдным Касцёлам, адорыць нас глыбокім і радасным супакоем; св. Габрыэль з’яднаецца з намі ў праслаўленні Маці Божай і малітве да Яе; св. Рафал умацуе нас сваёю дапамогаю і парадамі».

Гжэгаж Поляк.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле: «Jan Paweł II. Kolekcja — Księga Świętych». № 18: «Archaniołowie».


Гл. таксама:
Літанія да св. арханёла Міхала

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла